Вучыцца быць шчаслівымі

Filed under: Нумары,Сям'я |

4ma

«Гэтая матуля – лідар сярод бацькоў раёна, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, – заўважае ў адрас стаўбчанкі Васіліны Коваль настаўнік-дэфектолаг ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі» Ірына Жаўняркевіч. І, не раздумваючы, дадае: – У яе можна павучыцца, як правільна выбудоўваць адносіны ў сям’і, каб усе былі шчаслівымі».

Прадстаўнік карэкцыйнага цэнтра тройчы на тыдзень бывае ў гэтай і іншых сем’ях, дзе праводзіць з дзеткамі надомныя заняткі і ведае, як важна стварыць у доме падобную атмасферу. Тым больш, калі побач жывуць некалькі сем’яў, некалькі пакаленняў.

Бывай, салон прыгажосці

Пасля такіх слоў хочацца хутчэй пазнаёміцца з Васілінай, матуляй 11-гадовай Камілы, 9-гадовага Леаніда і чатырохгадовай Міланы, якая нарадзілася здаровай, але нечаканасцю для ўсіх у сям’і сталі асаблівасці ў яе развіцці. «Анёлачак» – так яшчэ заве меншую дачушку матуля.

Пры гэтым Васіліне прыйшлося крута змяніць сваё жыццё. Да нараджэння Міланы яна працавала ў адным са сталічных салонаў прыгажосці, слыла тытулаваным цырульнікам. Але гэта – у былым… Сёння яна не мае магчымасці ганяцца за «моднымі» дыпломамі, а сваё майстэрства спаўна аддае на водкуп тым, хто побач, сваім блізкім. З яе лёгкай рукі часцей за ўсіх стрыжэцца пад кароценькі «ёжык» тата Андрэй. Ён індывідуальны прадпрымальнік, чалавек з «рукамі» і адзіны кармілец у шматдзетнай сям’і. «Яму таксама няпроста, – з разуменнем гаворыць Васіліна. – Любім адпачываць разам, але адпускаем свайго тату на рыбалку, футбол».

Васіліна, Андрэй і іх дзеці жывуць з бацькамі – Нінай Васільеўнай і Леанідам Іванавічам. Без іх штодзённай падтрымкі нельга ўявіць жыццё шматдзетнай сям’і. Калі Васіліна з Міланай едуць у рэабілітацыйны цэнтр, старэйшыя дзеці застаюцца пад апекай бабулі і дзядулі. «Гэта вялікая праца і адказнасць, але яны малайцы, спраўляюцца», – не прамінае выказаць удзячныя словы Васіліна.

Пакуль мы размаўляем, бабуля «танцуе» з Міланай на руках. Называе ўнучку «сонейкам», усю яе абцалоўвае. І кожны з дарослых у сям’і імкнецца зазірнуць у пакой, дзе з Міланай займаецца настаўнік-дэфектолаг. Маўляў, а што там з нашай дзяўчынкай сёння робяць?

– Ад Міланы мы ўсе ў захапленні, – уступае ў размову Ірына Жаўняркевіч. – Займаемся з ёю першы год, а ўжо маем істотныя зрухі. І прапануе: – Зазірніце ў яе разумныя вочкі!

«Мы – за любы «кіпеж»

Васіліна Коваль пасля нараджэння трэцяга дзіцяці была вымушана змяніць лад жыцця, але засталася вернай свайму іміджу, а не стэрэатыпам.

Яе сучаснасць і жаноцкасць падкрэсліваюць модная стрыжка, манікюр. Яна адпраўляе ў школу Камілу з дзіўнымі коскамі-»каласкамі». І Мілане завязвае «хвосцікі» з банцікамі. Дзяўчынка ўсміхаецца, у яе столькі жывасці, станоўчых эмоцый. У «хадунках» яна ідзе да акварыума, дзе плаваюць рыбкі.  

– Матуля не лянуецца выконваць нашы рэкамендацыі – робіць з дачкой адмысловую гімнастыку, і гэта бачна па развіцці дзіцяці. Адшуквае для яе розныя прыстасаванні і стараецца іх атрымаць. Зубкі ёй чысціць. Прыгожа прычэсвае, – настаўнік-дэфектолаг не хавае захаплення і ад Міланінай матулі. – Спадзяёмся, што з часам Мілана зможа наведваць наш цэнтр.

Не сакрэт, што некаторыя бацькі імкнуцца схаваць сваіх «асаблівых» дзетак у чатырох сценах, апускаюць рукі, злуюцца і на чужых, і на сваіх… Васіліна прызнаецца: адразу таксама былі слёзы. І старэйшыя дзеці задавалі ёй пытанне: «Ці будзе Мілана гаварыць, хадзіць?» Цяпер пра дыягназы не задумваецца. Дзень пражылі ў любові і радасці – і Слава Богу.

– У цёплае надвор’е мы гуляем на вуліцы, – дзеліцца мацярынскімі клопатамі Васіліна. – Усёй сям’ёй ездзім у басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Мілану складана распрануць-апрануць, а так яна вельмі любіць ваду. Плаваем з ёю амаль увесь сеанс. Для яе гэта масаж лёгкіх, закальванне. Як рэагуюць на нас? – прадбачыць пытанне Васіліна. – У залежнасці ад свайго менталітэту. У асноўным на нашым шляху сустракаюцца людзі адэкватныя.

Перад Новым годам да Міланы прыходзіў з карэкцыйнага цэнтра Дзед Мароз. Усе перажывалі, таму што дзяўчынка баіцца шуму. Аднак яе рэакцыя перасягнула чаканні: яна ўсміхалася і, зразумела, абрадавалася падарунку.  

У аповедзе пра сямейныя падарожжы і планы Васіліна як бы падводзіць вынік: «Мы за любы «кіпеж», акрамя бальніцы. Галоўнае – нікому не хварэць». Гаварлівая Каміла дае зразумець, што хацела б быць трэнерам па гімнастыцы і цырульнікам, як і матуля, і абяцае, калі вырасце, абавязкова звазіць сваю сям’ю на мора.

Матуліна «батарэйка»

Каміла нездарма марыць пра кар’еру ў гімнастыцы. Дзяўчынка займаецца гімнастыкай (і паспяхова выступае на конкурсах), музыкай у школе мастацтваў. На дзень нараджэння ўсе дамашнія сабраліся і падарылі ёй флейту. І Леанід наведвае розныя секцыі, гурткі па інтарэсах. У Міланы, як бачна, свае заняткі і рэжым дня.

І пад кожнага з дзяцей матуля ўмудраецца падладзіцца. Трэба адвезці, забраць дамоў, пакарміць… Для Міланы яна гатуе асобна і таксама імкнецца, каб было і здорава, і смачна. Яшчэ паспявае з ёю ў карэкцыйны цэнтр на ранішнік. У школе, дзе вучацца старэйшыя дзеці, Васіліну выбралі ў бацькоўскі камітэт. Усюды запатрабавана яе актыўнасць, ініцыятыва. У кожным, з кім зводзіць лёс, Васіліна бачыць памочніка і сябра сваёй сям’і.

Неверагодна, як у мініяцюрнай жанчыне закумуліравана столькі сіл і цярпення. І не было выпадку, каб яе жыццёвая «батарэйка» падсела. «Падзарадкай» служаць, як ні банальна гучыць, любоў і гармонія ў сям’і, узаемадзеянне з соцыумам, выбудаванае сёння дзеля заўтрашняга дня.

НА ЗДЫМКУ: Васіліна Коваль з дзецьмі (з Міланай на руках – настаўнік-дэфектолаг Ірына Жаўняркевіч).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>