Дружныя Юрасавы

Filed under: Нумары,Сям'я |

15t

Гаспадар сустракае нас у сваім двары. Гэта не двор, а экзатычны сад. Ён адметны не толькі насаджэннямі, але і мастацкімі вырабамі. Сяргей Юрасаў – майстар па вырабе рэчаў з металу. Ён спыняецца ля кожнага такога мастацкага экспаната і расказвае гісторыю, звязаную з гэтай задумай. У ход пайшлі старыя металічныя трубы, ножкі ад дзедавай сячкарні і іншыя рэчы, у якіх мастак убачыў скарб. Выгнуць метал, надаць яму вобраз, вырабіць задуманае і створанае на паперы (ёсць у яго каштоўны змаляваны эскізамі сшытак) не так проста: ідуць у ход усе сродкі – і кавадла, і балгарка. І атрымліваюцца задуманыя пялёсткі, з іх – кветкі, гронкі – усё, што вымалявалася ў творчай фантазіі. Уся тэрыторыя аздоблена мастацкай коўкі кветачніцамі, урнамі, лаўкамі. І парэнчы на лесвіцы з металу, і іншыя малыя формы ў двары. Такая ж цікавасць у Сяргея Юрасава і да работы з дрэвам. Утульныя альтанкі, лаўкі ў двары – таксама плён работы яго ўмелых рук. І насаджэнні маюць сваю адметную гісторыю. Чаго варты хоць бы такі факт: майстар займаецца чаранкаваннем пірамідальных і блакітных туй, абсадзіў тэрыторыі на сваім пляцы і на бацькавым, які мяжуе з іх агародам. Ён такім чынам выгадаваў 300 саджанцаў туй.

Маленькім блізняткам – васьмімесяч               ным Паліне і Дашы – пара ўжо ўкладвацца спаць у дзённы час, а мы ніяк не можам зайсці ў дом – наш інтарэс да мастацкіх рэчаў Сяргей Леанідавіч задавальняе сваім зацікаўленым аповедам: аб сваім хобі ён гатоў расказваць бясконца.

Васа Уладзіміраўна дае знакі, што дзеці могуць і не дачакацца – гэта ж мы азадачылі Юрасавых, каб сямейства было ў зборы для здымка ў газету. Раней чым звычайна, разам са школьніцамі Іларыяй і Яўгеніяй прыехаў з садзіка на школьным аўтобусе і адзіны хлопчык сярод дзяцей – пяцігадовы Уладзімір. З Вішняўца ў Мархачоўшчыну дзяцей прывозіць школьны аўтобус.

Падчас экскурсіі па садзе мы даведаліся ў Сяргея Леанідавіча, адкуль у яго жонкі такое рэдкае імя. Было нечакана пачуць, што Васа Уладзіміраўна – дачка свяшчэнніка. Сваёй адзінай сярод шасці сыноў дачцэ свяшчэннік Уладзімір Маліноўскі даў імя паводле царкоўнага календара – даручыўшы дзяўчынку прападобнай Васе Пскова-Пячэрскай, пад яе малітвенны пакроў.

Вельмі простая, і гэтым абаяльная, Васа Уладзіміраўна па просьбе расказвае пра гісторыю свайго знаёмства з мужам. Пасля заканчэння медыцынскага каледжа яна прыехала працаваць на Мархачоўшчынскі фельчарска-акушэрскі пункт. Там і пазнаёмілася з Сяргеем Юрасавым. Каля яны жаніліся, Сяргею было ўжо 33 гады, прынята называць гэты ўзрост узростам Іісуса Хрыста.

Сяргей Юрасаў таксама са шматдзетнай сям’і, дзе чацвёра хлопцаў. Біяграфія яго, здаецца, звычайная, аднак у ёй ёсць моманты, якія значна паўплывалі на яго жыццё. Адзін з іх звязаны з яго дзедам Мікалаем Трафіменкам, які ў свой час на пенсію пайшоў са Стаўбцоўскага лясгаса. Да 76 гадоў ён працаваў лесніком у Акінчыцкім лясніцтве. Калі прыйшлося развітвацца з работай, ён стаў гаварыць Сяргею, каб заступаў на яго месца. Юнак пачаў прыглядвацца да работы лесніка, дзед паспеў яму перадаць неабходныя навыкі, настроіць на пачуццё беражлівых адносін да лясных багаццяў краіны. Былі і курсы павышэння кваліфікацыі ў Мінску. І вось ужо 22 гады Сяргей Юрасаў працуе лесніком на тым жа 14-м абходзе ў Акінчыцкім лясніцтве, дзе служыў лесу і яго дзед. Абход размешчаны ў межах райцэнтра, баз адпачынку. І гэта надае свае адметнасці рабоце. Вялікі клопат для лесніка – падтрыманне лясных масіваў у чысціні. Культура нашых людзей, якія выязджаюць на адпачынак у лес, мякка сказаць, жадае быць больш высокай. У многіх выпадках можна абазначыць паводзіны адпачываючых як поўнае бескультур’е. Прыбіраючы смецце за імі, ляснік узрасціў у сабе абвостранае жаданне жыць у чысціні. Ён яго ўвасабляе і на свамі пляцы, зрабіўшы яго райскім кутком.

Вясна дастаўляе лесніку і іншыя клопаты – пафарбаваць слупы, аншлагі. Чакае лесніка і шмат неадкладных спраў па доглядзе лесу і яго фарміраванні – прарэджванне, пазбаўленне ад сухастою, догляд насаджэнняў і іншыя паўсядзённыя клопаты.

Яго старэйшыя дзяўчынкі – дзевяцігадовая Іларыя і сямігадовая Яўгенія – любяць з татам бываць у лесе. Ён іх прывучае не толькі збіраць грыбы і ягады, але і дапамагаць займацца ўборкай лясных масіваў. Яўгенія ў сям’і – сапраўдны батанік. На агародзе ў яе ёсць уласная градка, дзе яна эксперыментуе, колькі хоча. Дзяўчынка ў жывой прыродзе імкнецца ўбачыць адметнае. Яна любіць збіраць прыгожыя каменьчыкі і столькі нанасіла іх дамоў, што ў бацькоў узнікла праблема: што з імі рабіць? Яны таксама сталі матэрыялам для мастацкіх формаў. Васу Уладзіміраўну радуе, што і Ілырыя, і Яўгенія ўнаследавалі ад таты не толькі любоў да прыроды, але і мастацкія здольнасці: настаўнікі адзначаюць, што дзяўчынкі прыгожа малююць. Уладзімір носіць імя свайго дзеда – свяшчэнніка, які ўжо ў вечным жыцці. Пяцігадовы хлопчык цешыць усіх у сям’і тым, што вельмі любіць прыбірацца. Мы таксама замілаваліся тым, як ён пабег наверх надзець гальштук, і ўсе цярпліва чакалі, калі ён знойдзе рэмень – Вова рыхтаваўся фатаграфавацца.

У сям’і Юрасавых вельмі ўтульна і цёпла. Дом яны пабудавалі сваімі рукамі. Сяргей Юрасаў гаворыць, што рабочымі ў яго былі і дні, і ночы. Дом пабудаваны побач з бацькоўскім і – насупраць дзедавага. Дапамогу ў будаўніцтве аказалі яму яго тры браты.

Іх шматдзетная сям’я радуе Сяргея Леанідавіча не менш, а мо нават і больш, чым Васу Уладзіміраўну. Галава сям’і расказвае, што Васа вельмі перажывала, што не справіцца, калі даведалася аб двойні. Муж з любоўю супакоіў яе, падбадзёрыў: гэта ж двайная радасць! Хоць сам нам расказвае: «Бывае цяжка – бяссонныя ночы, хочацца спакою, адпачынку. Аднак мы з Васай думаем: яшчэ адзін годзік перажывём – там лягчэй будзе. Чакаем, што дзеці пачнуць дапамагаць. Хоць старэйшыя і цяпер выдатныя нянькі для малодшых».

Калі гаварыць аб тых момантах, якія лёсавызначальна паўплывалі на ход жыцця Сяргея Юрасава, то ён адзначае і сустрэчу з Васай. Лічыць гэта вялікім падарункам ад Бога. Гаворыць, што яна сапраўдны скарб. Выказвае ёй удзячнасць і за тое, што дзякуючы ёй ён пазнаёміўся са святлом Праваслаўя.

Надыход вясны абудзіў жыццё Юрасавых. Васа Уладзіміраўна не дачакаецца, калі настануць цёплыя дні і можна будзе праводзіць час з дзецьмі ў сваім двары. Для ўсіх іх гэта самы найлепшы ў свеце курорт.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>