З надыходам вясны

Filed under: Культура,Нумары |

15y

СПЯВАЛІ ЎСЕ –АД МАЛОГА ДА ВЯЛІКАГА

У Старым Свержані на пляцоўцы ля Цэнтра культуры прайшлі вясёлыя провады зімы. Масленіца – свята, якое любяць і дарослыя, і дзеці, бо яно асветлена радасным чаканнем блізкага цяпла і вясенняга абнаўлення прыроды. На святочнае мерапрыемства, якое сумесна арганізавалі Старасвержанскія сельвыканкам і Цэнтр культуры, кіраўніцтва ААТ «Агранёманскі», прыехала і прыйшло больш за дзвесце чалавек. Гэта было і сапраўды масавае народнае гулянне. Забаўляльныя гульні, разнастайныя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы перамяжаліся з канцэртнымі нумарамі. У ролі вядучых выступалі, а таксама ладзілі канцэртныя нумары не толькі культработнікі, а і школьнікі.

Ладзіліся такія забавы, як перацягванне каната, падыманне гіры. Барацьба за прызы была даволі напружанай. Каб дастаць прыз, канкурсанты па традыцыі лезлі на слуп. Тыя, хто здолеў прайсці вертыкальную дыстанцыю да канца, а пераможцаў было трое, атрымалі па авечцы. А каму крыху не пашанцавала, дастаўся певень.

Вадзілі карагоды і спявалі ўсе – ад малога да вялікага. Дзеці і нават дарослыя каталіся на кані. У ролі ездавога выступіў пенсіянер Міхаіл Печанко. Чытаў свае вершы і граў на старадаўнім гармоніку мясцовы паэт Мікола Кісель.

У фае Цэнтра культуры праходзіў конкурс «Лепшыя бліны». Стол быў застаўлены арыгінальна афармленымі адмысловымі стравамі з выпечаных бліноў, у сярэдзіне якога стаяла і сувенірная масленічная лялька. Пастараліся ўсе, хто прадставіў свае вырабы, і кожная гаспадыня была заахвочана за майстэрства падарункам ад прафсаюзнага камітэта мясцовага сельгаставарыства.

Госці частаваліся блінамі, верашчакай і гарачым чаем, які прыгатавалі для іх работнікі сталовай гаспадаркі. Салодкія прызы прадаставілі індывідуальныя прадпрымальнікі Міхаіл Гелейша, Дзмітрый Сасункевіч і Іван Заяц.

Свята ўдалося і парадавала ўсіх жыхароў вёскі. А завяршылася мерапрыемства спальваннем чучала Масленіцы, вакол якога ў вялікім карагодзе сышліся ўсе госці.          

Надзея БАТАЛКА

 

ВЯСНА СПЯШАЕЦЦА Ў КОЛАСАВЫ МЯСЦІНЫ

Работнікі Навасвержанскага Дома культуры ўпэўненыя ў тым, што зіма сёлета наўрад ці вернецца, таму што провады яе яны зладзілі двойчы.

Самая масавая Масленіца, бадай, удалася ў Коласавых мясцінах, на турбазе «Высокі бераг», куды прыбыло некалькі аўтобусаў удзельнікаў свята са сталіцы. Сярод іх – работнікі 36-й паліклінікі, завода халадзільнікаў «Атлант».

Ля варот артысты віталі гасцей песнямі. Клоўны і Зайчык прывялі іх па дарожках на цэнтральную пляцоўку, дзе чакала сустрэча з Зімою і Вясною. Яны заахвоцілі гасцей у свае конкурсы, дзе трэба было прадэманстраваць спрыт і лоўкасць. Хтосьці пілаваў пілою, а нехта забіваў у дошкі цвікі. А потым запалаў для ўсіх абрадавы касцёр. Згодна з водгукамі жыхароў сталіцы, свята гэтае іх вельмі пацешыла.

Навасвержанскія артысты пабывалі са сваім масленічным прадстаўленнем і ў Яблынаўцы. Перад вяскоўцамі выступілі народны хор народнай песні «Панямонь», фальклорны гурт «Дзянніца», дзіцячы фальклорны калектыў «Задорынка».

У вобразе Зімы прадстала Ала Юшкевіч, Вясны – Аляксандра Пока і Марына Халецкая, Масленіцы і яе памочніцы – Ала Янская і Тамара Кажамяка. Неацэнную дапамогу ў творчых паездках аказаў загадчык гаспадаркі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалай Бурдзееў. Прызы прадаставіў спонсар, за што яму вялікая ўдзячнасць.

– Насычаная творчая праграма чакае нас у сакавіку, – адзначае хормайстар Навасвержанскага дома культуры Ала Янская. – Да свята жанчын выступілі з канцэртамі ў тэрытарыяльным цэнтры і ў сваім Доме культуры, а яшчэ ў Доме культуры чакаецца гадавое мерапрыемства – агляд мастацкай самадзейнасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАСПАБОРНІЧАЛІ Ў СПРЫЦЕ

Да Дня абаронцаў Айчыны работнікамі Шашкоўскага дома культуры ладзілася конкурсная праграма «А-ну, хлопцы!». А на сцэнічным «рынгу» сустрэліся каманды вучняў Аталезскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа і Шашкоўскай СШ.

«Страявая падрыхтоўка», «Па алфавіту, стройся!», «Бліц-турнір», «Шыфроўка Генералісімуса» – гэтыя конкурсы паказалі выдатную эрудыцыю і дапрызыўную падрыхтоўку вучняў. Крэатыўнасць і кемлівасць праявілі хлопцы падчас конкурсу павароў. «Адзін у полі не воін», але і адзін воін павінен быць моцным і вынослівым. Што і даказалі хлопцы падчас конкурсу на адцісканне. Сваю гатоўнасць і спрыт даказалі і камандзіры камандаў, якія спаборнічалі ў конкурсе «Пад’ём!». Мужчыны часам жартуюць, маўляў, салдат павінен апрануцца, пакуль гарыць запалка. Дык вось, нашы камандзіры справіліся з гэтым заданнем выдатна! Вясёлым стаў творчы конкурс камандаў. Рабяты рыхтавалі мініяцюрныя пастаноўкі на армейскую тэматыку. Хлопцы даказалі, што яны не толькі смелыя, моцныя і вынослівыя, але і сапраўдныя артысты.

Журы ў складзе старшыні Шашкоўскага сельвыканкама С. Р. Якаўлевай, інспектара па справах непаўналетніх Стаўбцоўскага РАУС М. В. Азановіча і прадстаўніка гледачоў Н. В. Паповай пасля бурнага абмеркавання прыйшлі да аб’ектыўнага кансэнсусу.

Падтрымлівалі каманды шматлікія гледачы з Шашкоў і Аталезі. А святочны настрой у зале стваралі самадзейныя артысты ўстановы культуры. У сяброўскай барацьбе крыху мацнейшай аказалася каманда «Разведчыкі» з Аталезскага ВПК. Усе ўдзельнікі конкурснай праграмы атрымалі выдатны настрой, зарад бадзёрасці і, вядома ж, дыпломы і салодкія прызы, якія падрыхтавалі для камандаў работнікі Шашкоўскага СДК.

Лідзія МАЗУРКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>