У рашэннях па дэкрэце нумар тры дзяржава пайшла насустрач людзям

Filed under: Нумары |

Дэкрэт нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» адмяняць не будуць, але на працягу года даручана не спаганяць адпаведны збор. Гэтае рашэнне 9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны агучыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэты дэкрэт не з’яўляецца эканамічным і фінансавым. «Гэта ідэалагічны, маральны дэкрэт. Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэта гэтага дэкрэта адна – прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта – галоўнае», – адзначыў Прэзідэнт.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы канстатаваў дрэннае і безадказнае выкананне дэкрэта з боку адказных чыноўнікаў. «Не знайшлі там (у рабоце з насельніцтвам па выкананні дэкрэта. – Заўвага БелТА) сваё месца і нашы дэпутаты. Прытым розных узроўняў, асабліва мясцовых Саветаў», – сказаў ён.

Прэзідэнт даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта нумар 3. «Спісы павінны быць вывераны. Прыцягнуць трэба ўсіх – дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы – усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Мінску. А Адміністрацыя Прэзідэнта разам з урадам павінна арганізаваць кантроль за выкананнем гэтага рашэння. І не дай Бог вы пакрыўдзіце хоць аднаго чалавека», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць у рамках дэкрэта нумар 3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы. «Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на работу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы», – распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

Усе сабраныя па дэкрэце нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» сродкі павінны накіроўвацца выключна на ўтрыманне дзяцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны.

«Самае галоўнае – кожны кіраўнік раёна на сесіі раённых і гарадскіх Саветаў павінен даць справаздачу да капейкі, на якія мэты ён патраціў гэтыя грошы. Або гэта дзіцячы сад, або дзіцячы дом, або каму-небудзь дапамаглі, купілі нешта, накармілі, напаілі і гэтак далей. Выключна на дзяцей. І не дай Бог, хоць адна капейка пойдзе на іншыя мэты – рамонт дарог, кватэр…», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 мая вырашыць пытанне працаўладкавання ўсіх беспрацоўных.

«Па працаўладкаванні беспрацоўных – я ўжо гаварыў аб тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, яны ў нас ёсць (няхай не крыўдзяцца) – п’яніцы, алкаголікі, тыя сапраўды дармаеды, як іх называлі раней. Да іх – адны метады па прымушэнні да работы. Тых, хто па няшчасці застаўся без работы, мы павінны кожнага прыняць, і не толькі ў службе занятасці, а ў органах улады і аказаць дапамогу», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб стварэнні рабочых месцаў, Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Мінску часам на работах па добраўпарадкаванні тэрыторыі задзейнічана дарагая тэхніка, эксплуатацыйныя і амартызацыйныя расходы на якую значна перавышаюць кошт ручной працы. «Трэба вызначыць месцы, куды павінны прыйсці людзі за работай, стварыць брыгады, групы, якія будуць лес высаджваць, агароджы будаваць, фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю, капаць, вазіць, насіць і іншае. І мы зоймем усіх людзей», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>