Не павінна быць салдата без імені

Шмат гадоў прайшло пасля Вялікай Айчыннай вайны, але і сёння сыны, унукі, праўнукі шукаюць сваіх прапаўшых без весткі, загінуўшых бацькоў, дзядоў, прадзедаў.

У народным краязнаўчым музеі «Спадчына» вучэбна-педагагічнага комплексу «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» змяшчаецца інфармацыя пра салдата з Узбекістана, які загінуў у баі каля вёскі Залужжа ў ноч з 29 на 30 чэрвеня 1941 года. Пры перазахаванні астанкаў загінуўшых воінаў у 1966 годзе на плошчу Бессмяротнасці ў Стоўбцах былі ўстаноўлены экспертызай імёны трох салдат, адзін з іх – Мірсалікаў Мірсадык.

А зусім нядаўна знойдзена імя яшчэ аднаго салдата. 7 мая 2016 года   на электронную пошту Стаўбцоўскага патрыятычнага сайта «Голас ветэранаў» прыйшло пісьмо з Расіі, з Сібірскага горада Чэлябінска. Іван Гусеўскі шукаў свайго дзеда Барыса Парменавіча Гусеўскага. Мы даведаліся пра гэта, дзякуючы старшыні Навасвержанскай ветэранскай арганізацыі Аляксею Мікалаевічу Палянскаму. У пісьме ўнук паведаміў, што мясцовая жанчына Любоў Сямёнаўна Снітко з жыхарамі вёскі Залужжа пахавалі пасля бою загінуўшых воінаў у адной брацкай магіле. Яна падняла пісьмо, якое выпала з кармана гімнасцёркі салдата. Ён пісаў дадому. Любоў Сямёнаўна адправіла пісьмо родным загінуўшага салдата. Праз гады гэтае пісьмо з Залужжа было зафіксавана ваенкаматам як існуючы факт і прынята рашэнне лічыць, што салдат Барыс Гусеўскі загінуў у баі 30 чэрвеня 1941 года каля вёскі Залужжа ў Беларусі.

Піянерская дружына «Пунсовыя ветразі» пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Марыны Вячаславаўны Пукач і кіраўніка народнага музея «Спадчына» Наталлі Уладзіміраўны Валента пачалі пошукавую работу. Піянеры сустрэліся са старажыламі вёскі Залужжа, пабывалі на месцы бою, сабралі матэрыял пра гэтыя падзеі.

Менавіта гэта і стала тэмай гасцёўні «Не павінна быць салдата без імя», якая прайшла 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны. Падчас размовы ўдзельнікі гасцёўні яшчэ раз звярнуліся да тых трагічных падзей, паслухалі ўспаміны   жыхаркі вёскі Залужжа Ядвігі Сцяпанаўны Жыгалавай, якая вельмі добра памятае тую жудасную ноч з 29 на 30 чэрвеня 1941 года, калі ўзрываліся гранаты, гінулі салдаты, гарэлі хаты вяскоўцаў, а мясцовыя жыхары хавалі сваіх дзяцей ад смерці. Ішла зацікаўленая размова, гучалі вершы і песні ваеннай пары.

Было прынята рашэнне прысвоіць піянерскаму атраду 5 класа імя Барыса Гусеўскага.

А. М. Палянскі расказаў пра дзейнасць ветэранскай арганізацыі, падзякаваў вучням за цікавую размову, за пошукавую дзейнасць.

Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых салдат хвілінай маўчання.

Хрысціна БАБРОВІЧ,экскурсавод музея «Спадчына»ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа»

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>