Акно ДАІ. Не быць пешаходам-»невідзімкай»

Папярэджанню пешаходнага траўматызму на дарогах раёна прысвечана рэспубліканская прафілактычная акцыя «Стань прыкметным – будзь у бяспецы!», якая праходзіць у перыяд з 7 па 17 сакавіка.

У большасці наездаў на ўдзельнікаў дарожнага руху церпяць пешаходы, якія рухаюцца па праезджай частцы ў цёмны час сутак без святлоадбівальных элементаў. Адсутнасць флікераў на вопратцы, абутку, сумцы і т. п. не дазволіла вадзіцелю своечасова заўважыць небяспеку і пазбегнуць наезду. Абазначаны пешаход, як і веласіпедыст ці возчык гужавой павозкі, відаць у бліжнім святле фар на адлегласці 140-150 м, у дальнім – 300-400 м. Адпаведна, гэта дае магчымасць знізіць хуткасць руху і быць больш уважлівым. Падлічана, што ў цемнаце небяспека трапіць пад колы аўтамабіля павялічваецца ў параўнанні са светлым часам сутак у дзевяць разоў.  

Да прыкладу, 22 студзеня каля 23.00 на трэцім кіламетры аўтадарогі Буцькавічы – Юркавічы – Путчына ў напрамку Рочавічаў вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген-джэта» ўчыніў наезд на пешахода, які ляжаў на праезджай частцы ў стане алкагольнага ап’янення і без святлоадбівальных элементаў. У выніку наезду ён атрымаў цялесныя пашкоджанні. Вадзіцель з месца здарэння ўцёк.

Для работы па папярэджанні пешаходнага траўматызму ДАІ прыцягвае членаў добраахвотных дружын і іншых грамадскіх фарміраванняў. У іх задачу ўваходзіць паслядоўная адпрацоўка ў цёмны час сутак населеных пунктаў па выяўленні пешаходаў-парушальнікаў з далейшым інфармаваннем супрацоўнікаў міліцыі.

Згодна з Адміністрацыйным кодэксам Рэспублікі Беларусь, неабазначэнне сябе флікерам падчас руху ў цёмны час сутак па праезджай частцы караецца штрафам ад адной да трох базавых велічынь, а калі парушэнне пешаходам правілаў дарожнага руху пацягнула стварэнне аварыйнай сітуацыі – памер штрафу складае ад трох да васьмі «базавых». На суму ад трох да пяці «базавых» штрафуецца пешаход, які знаходзіцца на дарозе ў стане алкагольнага ап’янення. У кодэксе прадугледжаны і іншыя сітуацыі, за якія пешаход можа быць прыцягнуты да адказнасці.

Пешаходы і веласіпедысты! Падчас руху ў цёмны час сутак выкарыстоўвайце верхнюю вопратку з святлоадбівальнымі нашыўкамі і ўстаўкамі! Бацькам асабліва неабходна паклапаціцца пра абазначэнне флікерамі сваіх дзяцей. Веласіпеды і гужавыя павозкі павінны быць абсталяваны светлавымі прыборамі. Вадзіцелям варта прытрымлівацца хуткаснага рэжыму, захоўваць дыстанцыю, быць уважлівымі паблізу населеных пунктаў, дзе ў любы момант на дарозе можа аказацца пешаход.

Сяргей КАЛОМЕНСКІ,старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі  

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>