Ветэраны – грамадская сіла

Filed under: Нумары,Соцыум |

20c

20x

20z

У зале раённага Цэнтра культуры падчас урачыстасці з нагоды 30-годдзя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў сабраліся разам яркія, з вялікім жыццёвым вопытам, асобы, здольныя весці за сабою іншых. Сярод запрошаных на свята – і тыя, каго ветэраны называюць сацыяльнымі партнёрамі сваёй арганізацыі.

Святочная абстаноўка якраз давала магчымасць назваць з высокай трыбуны і паіменна тых, хто ў паўсядзённай дзейнасці вырашае надзённыя пытанні для паляпшэння медыцынскага, бытавога і камунальнага абслугоўвання ветэранаў, працуе дзеля патрыятычнага выхавання моладзі раёна. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, звяртаючыся да ветэранаў і даючы ацэнку ветэранскаму руху як самай аўтарытэтнай грамадскай сіле, падкрэсліў: «Вы займаецеся патрэбнай справай, у нечым падштурхоўваеце органы ўлады і паказваеце нам усім, як трэба ўпэўнена глядзець у будучае».

Пад апладысменты прысутных Сяргей Шэсцель уручыў Ганаровую грамату райвыканкама за актыўную шматгадовую працу ў ветэранскай арганізацыі і ў сувязі з 90-годдзем з дня нараджэння ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Івану Русаму. Іван Сцяпанавіч – легенда старэйшага пакалення, маяк для сучаснікаў – застаецца нястомным працаўніком і гарачым патрыётам сваёй краіны. Супадзенне яго значнага асабістага юбілею і 30-годдзя ветэранскай арганізацыі – глыбока сімвалічнае. Аддана служаць ветэранскаму руху і ветэран вайны Ганна Клімаш, намеснік старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Пашковіч, член прэзідыума Станіслаў Грывачэўскі, якія таксама былі адзначаны райвыканкамам.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў выказаў ветэранам словы ўдзячнасці за сацыяльнае партнёрства, запэўніў у далейшай падтрымцы ветэранскага руху і ўручыў граматы старшыням пярвічак Уладзіміру Шчарбацэвічу (Старасвержанскі сельсавет) і Аляксею Палянскаму (Навасвержанскі сельсавет).    

30 гадоў – не такі вялікі адрэзак гісторыі. Але гэта акурат той кавалак сучаснай гісторыі, падчас якога адбылося аб’яднанне ветэранаў вайны і працы ў адну арганізацыю. Яна атаясамліваецца з сям’ёй, дзе людзі дружаць, падтрымліваюць адзін аднаго ў радасці і горы. Сёння, на жаль, на Стаўбцоўшчыне засталіся ў жывых усяго 32 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Па прапанове старшыні раённай арганізацыі ветэранаў Іосіфа Язвінскага памяць тых, хто пайшоў ад нас у вечнасць, была ўшанавана мінутай маўчання…

Іосіф Язвінскі ад імя ветэранаў вайны і працы, жыхароў раёна падзякаваў за падтрымку і супрацоўніцтва старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву, галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Святлане Глебка. У свой час па ініцыятыве прэзідыума быў зроблены зварот да Юрыя Мікалаевіча адносна злабадзённай «бальнічнай» тэмы. Сустрэча гэтая, нечакана для ветэранаў, расцягнулася на паўтары гадзіны. Старшыня райвыканкама ўнік у кожнае пытанне. На Стаўбцоўшчыне і ў выканаўчай, і ў заканадаўчай галінах улады працуюць граматныя спецыялісты, якія вырашаюць праблемы ветэранаў.

А з прыходам у бальніцу новага кіраўніка Святланы Глебка ўсё змянілася карэнным чынам. Гэта і адносіны да старэйшага пакалення, і даступнасць медыцынскага абслугоўвання, і яго якасць і т. п. А Святлана Глебка, якая прыйшла на свята з падарункам, засведчыла сваю павагу ветэранам раёна, выказала пажаданні здароўя (для яго ўмацавання ў бальніцы актыўна развіваецца прафілактычны накірунак) і ўпэўненасць у тым, што плённае ўзаемаразуменне паміж медыкамі і ветэранамі працягнецца і далей.

Удзячнасць была выказана сельвыканкамам, раённаму аддзелу ўнутраных спраў, райаддзелу па надзвычайных сітуацыях, прадпрыемству «Стоўбцыгаз» – за выніковую работу па абароне жыцця і здароўя ветэранаў, іх маёмасці, сялянскай фермерскай гаспадарцы «Сула», якая больш за дзясятак гадоў аказвае ветэранскай арганізацыі спонсарскую дапамогу.

Дайсці да кожнага ветэрана, вывучыць умовы пражывання і аказаць неабходную дапамогу – задача ветэранскага актыву. Работа ў гэтым напрамку будзе ажыццяўляцца сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам. «Кантакт з цэнтрам у нас наладжаны ідэальны», – заўважыў на гэты конт Іосіф Язвінскі. Дырэктар цэнтра Святлана Блашко ўзнялася на сцэну з падарункам, каб падзякаваць ветэранам за радасць штодзённых сустрэч. Як заўсёды эмацыянальным было выступленне сакратара раённага камітэта КПБ Ніны Дубовік, з вуснаў якой прагучаў палымяны заклік «Не старэйце душой, ветэраны!».

Яны і сапраўды імкнуцца да гэтага. Да прыкладу, многія ветэраны спяваюць у народным хоры ветэранаў вайны і працы «Журавы» (кіраўнік – Вікторыя Хлябовіч, канцэртмайстар – Мікалай Булаш). Хор разам з артыстамі раённага Цэнтра культуры парадаваў сваёй творчасцю і, больш таго, Наталля Грынкевіч і Валерый Малухін прапанавалі прысутным паспяваць разам з імі любімыя песні маладосці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>