Акцэнты

Filed under: Нумары,Соцыум |

20v

ЖАНЧЫНАМ-ВАДЗІЦЕЛЯМ

Па добрай традыцыі, у Стоўбцах у свята 8 Сакавіка актывісты БРСМ разам з экіпажам ДАІ віншавалі жанчын за рулём.

Маладзёжна-міліцэйскі экіпаж дзяжурыў у адным з самых ажыўленых месцаў горада, на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Цэнтральнай. Маладзёжныя актывісты – гэта вучні СШ № 3, у складзе экіпажа ДАІ – Валянцін Ліпніцкі і Аляксей Славінскі. У інспектараў да жанчын-вадзіцеляў прэтэнзій не ўзнікла, было толькі жаданне павіншаваць іх з вясной, багатай на сонечныя дні і цёплыя пачуцці.  

«Гэта было так нечакана і так прыемна, – дзяліліся жанчыны-вадзіцелі, «адзначаныя» кветкамі. – Спачатку сустрэча з інспектарам выклікала ў душы апасенне, а потым – удзячнасць».  

Як адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, спонсарам такой акцыі выступіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

Пр

 

ПАРАДАК – СВАІМІ РУКАМІ

З прыходам вясны актывізуюцца работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і прыватных падворкаў. У сувязі з гэтым з 13-га сакавіка ў Мінскай вобласці аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку на зямлі, азеляненні тэрыторый.

Звяртаемся да стаўбчан і жыхароў раёна, якія традыцыйна былі носьбітамі высокай санітарнай культуры, аматарамі і беражлівымі карыстальнікамі навакольнага асяроддзя. Давайце чарговы раз пацвердзім гэта на справе, прыняўшы актыўны ўдзел у навядзенні парадку на зямлі.

Пачніце з уласных падворкаў. Ачысціце прылеглую тэрыторыю, уключаючы зялёную зону і пешаходную дарожку, ад дробнага бытавога смецця, вулічнага змёту, леташняга лісця і г. д. Навядзіце парадак на прысядзібнай тэрыторыі, упарадкуйце захоўванне матэрыялаў, якія не выкарыстоўваюцца. Падрамантуйце плот, а з надыходам спрыяльнага перыяду правядзіце пры неабходнасці яго пафарбоўку. Не будзьце абыякавымі, дапамажыце навесці парадак тым, хто пражывае з вамі па суседстве, пажылым і адзінокім людзям. Не забудзьцеся пра чысціню на ўчастках, якія выдзелены для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, прывядзіце ў парадак домаўладаннні, што дасталіся вам у спадчыну.

Па пытанні вывазу габарытнага смецця, будаўнічых і іншых адходаў звяртайцеся ва УП «Стаўбцоўскае АКС» (тэл. для даведак 7-82-62).

Памятайце, што прыгажосць, чысціню і ўтульнасць нашы рукі ствараюць!

Ігар КУНЦЭВІЧ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна

 

ШЛЯХ ДА ДУХОЎНАСЦІ

З 13 па 18 сакавіка аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама быў падрыхтаваны і праведзены традыцыйны тыдзень праваслаўнай кнігі.

У гэтым годзе асветніцкая акцыя прысвячаецца 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадрукавання, звязанага з выданнем у 1517 годзе ў Празе Францыскам Скарынай адной з кніг Свяшчэннага Пісання – «Псалтыр».

Праграма мерапрыемстваў уключала сустрэчы са свяшчэннаслужыцелямі ў навучальных установах, кніжныя выставы, конкурсы малюнкаў «Дарога да храма», прагляд фільмаў на духоўную тэматыку, знаёмства з праваслаўнымі сайтамі, са святынямі Беларусі.

Як заўсёды, не мінула гэтую тэматычную акцыю раённая дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа, у якой кожны год змястоўна і вельмі цікава для вучняў навучальных устаноў райцэнтра праводзяцца мерапрыемствы ў рамках Тыдня праваслаўнай кнігі.

Пр

 

З КНІГАЙ ЗВЯЗАНА НОВАЯ ЭРА

Работы ў школьнага бібліятэкара нямала: падабраць літаратуру навучэнцам для пазакласнага чытання, аформіць кніжныя выставы да розных юбілейных дат, правесці гутаркі з навучэнцамі аб карысці кнігі і беражлівых адносінах да яе, зрабіць аналіз чытацкіх фармуляраў, правесці рэйды па праверцы стану падручнікаў, працаваць з праграмай «БібліёГраф», з развіваючым праектам «Чытаем. Вучымся. Гуляем».

Немалую ролю адыгрывае бібліятэкар у падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах, у конкурсных работах даследчага характару, навучае працы з кнігай і ітэрнэт-рэсурсамі, прымае ўдзел у конкурсах чытальнікаў, выканаўцаў песень беларускіх аўтараў, сачыненняў эпісталярнага жанру «Напішы пісьмо…»

Нашай школьнай бібліятэкай праводзіцца вялікая работа па прапагандзе беларускай кнігі, развіццю чытацкай культуры навучэнцаў праз фарміраванне матывацыі і ўстойлівай цікавасці да чытання, пашырэнне чытацкага кругагляду, стымулявання навучэнцаў да асобаснага і інтэлектуальнага развіцця на аснове выкарыстання магчымасцяў сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя, развіцця асобы, набыцця функцыянальнага навыку чытання.

Чытанне з’яўляецца важным сродкам узбагачэння актыўнага і пасіўнага слоўніка вучняў, развіцця іх складнага маўлення. Ад якасці чытання залежыць і граматнасць школьнікаў. Чытанне – надзвычай складаны працэс, які патрабуе вялікага інтэлектуальнага і эмацыянальнага напружання, актыўнай дзейнасці ўяўлення.

Вялікую падзею будзе святкаваць у гэтым годзе ўся наша краіна – 500 годдзе з часу выдання Францыскам Скарынай першай беларускай кнігі. Беларус першым з усходніх славян здзейсніў пераварот у кнігадрукаванні, зрабіў кнігу – скарбонку ведаў і мудрасці, увасабленне гуманізму – даступнай больш шырокаму колу чытачоў, якое з той пары ўвесь час пашыралася.

Як адзначыў акадэмік М. Ціхаміраў, «з’яўленне першай друкаванай кнігі на мове таго ці іншага народа азначае пачатак новай эры ў яго культурным жыцці». Гэтай «новай эпохай» мы абавязаны найважнейшаму вынаходніцтву – кнігадрукаванню.

Мы жывём у час вялікага інфармацыйнага прагрэсу. Але гэта не значыць, што папяровая эра ў рэшце рэшт падыходзіць да канца. Папера па-ранейшаму з’яўляецца важным элементам у працэсе кнігадрукавання. Для многіх людзей чытанне кніг застаецца вялікім задавальненнем, а кніга ў прыгожым выданні можа стаць цудоўным падарункам на любое свята. А гэта значыць, з упэўненасцю можна сказаць, што папяровая кніга яшчэ доўга будзе займаць важнае месца ў нашым жыцці.

У гэты знамянальны год для беларускай кнігі мы, бібліятэкары, закліканы больш заахвоціць маладое пакаленне да актыўнага чытання цікавай, карыснай літаратуры.

Ванда ДАЎГАПОЛ, бібліятэкар Дзераўнянскай сярэдняй школы

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>