Для добрых вынікаў

ВЫСОКІ РЭЙТЫНГ

Высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі дасягаюцца сумленнай і шчырай працай. Сельгаспрадпрыемствы нашага раёна маюць неблагія набыткі ў малочнай справе. І ў мясной таксама плён. Па выніках работы за мінулы год сярод комплексаў рэспублікі па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы работнікі вытворчага падраздзялення ААТ «Вялікі Двор» спрацавалі вышэй рэспубліканскага ўзроўню і ў рэйтынгавай табліцы займаюць 25-е месца, а працаўнікі ААТ «Дзераўное» – на 69-й прыступцы. ААТ «Вялікі Двор» у кагорце дванаццаці сельгаспрадпрыемстваў, дзе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы перасягнулі 800 грамаў. Адзінаццаць комплексаў маюць больш як 900-грамовыя прывагі, а чатыры – ААТ «Старыца-Агра» Капыльскага раёна, СВК «Васілішкі» Шчучынскага, СВК «Слабадское імя Леніна» Мазырскага і СВК «Алекшыцы» Бераставіцкага раёна – перасягнулі кілаграмовыя.

 

ЗАСЛУЖЫЛІ РУПНАСЦЮ

ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» у ліку васьмі сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія летась спрацавалі па надоях малака ад каровы вышэй сярэднерэспубліканскага ўзроўню. І ў гэтым заслуга добрасумленных працаўнікоў прыватнага прадпрыемства, якія ўшанаваны ў рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод». Сярод адзначаных падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункамі аператары машыннага даення малочнага цэха гаспадаркі Вольга Максімава, Галіна Фенька, Ганна Струк і Іван Жыбуртовіч, якія рупяцца на МТФ «Слабада», Галіна Хаджумян, Ірына Карповіч і Ніна Бандаровіч (МТФ «Яблынаўка»), Кацярына Кажамяка, а таксама жывёлавод Алена Галавач (МТФ «Ячнае»).

 

АБ ЗДАРОЎІ І БЯСПЕЦЫ

У Клецкім раёне адбыўся міжрэгіянальны семінар «Бяспечная праца – залог пасяўной і ўборачнай кампаній 2017″, на які запрасілі кіраўнікоў і спецыялістаў па ахове працы арганізацый аграпрамысловага комплексу, а таксама вядучых спецыялістаў упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў шасці раёнаў.

Як і ў мінулыя гады, прысутныя праслухалі шэраг лекцый па вышэйназванай тэматыцы. Некаторыя дакладчыкі падмацоўвалі свае словы фотаздымкамі, на якіх былі занатаваны моманты агульных парушэнняў правілаў прытрымлівання заканадаўства па ахове працы арганізацыямі аграпрамысловага комплексу, у прыватнасці падчас масавых палявых работ. Сёлета асаблівая ўвага ўдзялялася і такой важнай тэме, як уплыў фактараў вытворчага асяроддзя, цяжкасці і напружанасці працоўнага працэсу на здароўе работнікаў. Адзначалася роля сродкаў масавай інфармацыі ў забеспячэнні аховы працы.

У рабоце семінара прымала ўдзел вядучы спецыяліст па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Людміла Магер. Як адзначыла Людміла Іванаўна, напярэдадні ў нашым раёне прайшла нарада з запрашэннем спецыялістаў па ахове працы сельгаспрадпрыемстваў раёна. Улічваючы важнасць работы і ў сувязі з тым, што кадры спецыялістаў па ахове працы паступова абнаўляюцца, узнікла неабходнасць правесці вучобу па рабоце з дакументацыяй. На семінары разгледжаны і іншыя надзённыя пытанні.

Надзея БАТАЛКА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>