Лес мой краю служыць

І рэдакцыйная пошта засвядчае аб тым, з якім нецярпеннем усе чакаюць прыходу вясны. У дасланых лістах – радасць ад свежасці вясновага паветра, ад жыватворных промняў сонца, што будзіць прыўзняты настрой.

Член гуртка «Юны журналіст» Дзераўнянскай СШ Максім Прыгожы лірычна апісвае свой паход у лес: «Лес для мяне – гэта нешта такое, што цяжка выказаць словамі. У ім ёсць свае таямнічыя мясціны, свае скарбы. Я прыслухоўваюся да гоману соснаў-сястрычак, прыгажунь бярозак, калючых елак і разгалістых асінак.

Я многа чытаю літаратуры аб жывёльным і раслінным свеце. І прыйшоў да высновы: каб быць здаровым, патрэбна знаходзіцца ў лесе не менш за 250 гадзін у год. Адзначу, што для большасці людзей галоўным «лекарам» сярод дрэў з’яўляецца дуб, для некаторых – бяроза, для іншых – ліпа. Нездарма ўжыванне бярозавых і ліпавых венікаў у лазні паляпшае сон, дубовыя – жывяць энергіяй. У лесе я адпачываю душой і целам. Дрэвы, мне здаецца, як і людзі, жывыя. Кожнае з іх мае свой характар. Вось я прыклаўся да старога раскідзістага дуба, і мне падалося, што ён мне расказваў аб сваім жыцці, аб тым, што бачыў на сваім вяку. Гледзячы на стройныя дрэвы, я звяртаюся да ўсіх людзей: «Беражыце лес – наша агульнае багацце!»

Чытаючы творы Якуба Коласа, я звярнуў увагу на яго радкі: «Мне лес цяпер міл удвая, бо родны лес мой краю служыць, бо лес мой туліць смелых, дужых, сярод якіх душой і я».

Ва ўнісон гэтаму пісьму і допісы юных карэспандэнтаў з Шашкоўскай сярэдняй школы, з якіх мы даведваемся, што члены школьнага лясніцтва паклапаціліся падрыхтаваць для птушак шпакоўні, якія развесілі ў лесе. Домікі для крылатых сяброў ёсць і ў школьным садзе, а таксама ў кожнага дома. Вучні ўдзельнічаюць і ў іншых прыродаахоўных акцыях, як пасадка лесу. Сваю любоў да прыроды яны адлюстроўваюць і ў творчых работах, удзельнічаючы ў розных конкурсах. Сведчаннем іх старанняў, талентаў і нераўнадушнай пазіцыі з’ўляюцца дыпломы і іншыя ўзнагароджанні. Нездарма школьнае лясніцтва Старынскага лясніцтва лічыцца лепшым у раёне.

Надыход вясновых канікул падорыць нашым юным карэспандэнтам не толькі доўгачаканыя дні адпачынку, але і экскурсіі на ўлонне прыроды, а таксама турыстычныя паездкі, што стане для іх тэмай для новых заметак у газету.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>