У храм – з узвышанымі пачуццямі

0764

У жыцці кожнага чалавека наступае момант, калі душа просіць сустрэчы з Богам. Узнікне патрэба, як у хлебе надзённым, у споведзі, пакаянні, суцяшэнні. І бяжым мы, дзеці Божыя, у свой храм.

Вельмі блізкімі сталі для нас храм – царква Успення Прасвятой Багародзіцы – і айцец Сергій Лебедзь, які служыць у ім два дзясяткі гадоў, амаль палову жыцця. У свой час айцец Сергій і матушка Ксенія прыехалі ў Новы Свержань з Мінска – і прыкіпелі душой да старажытнага мястэчка, палюбілі нашу царкву. Спакон веку Новы Свержань быў шматканфесійным, напоўненым гучаннем званоў, і таму, напэўна, прыцягваў да сябе асоб дзейсных. А наша старадаўняя святыня з яе няпростым лёсам якраз патрабавала таго, хто не пабаіцца цяжкасцяў і зоймецца яе абнаўленнем.

З Божай дапамогай намаганнямі айца Сергія царква паступова пераўтвараецца. Здалёку ззяюць бляскам новыя купалы. Калі іх узнімалі, сабралася на плошчы паў-Свержаня. Людзі хрысціліся, благаслаўлялі гэты цуд, не маглі адарваць вачэй… Спакойныя колеравыя адценні ўнутры храма засяроджваюць на малітве. Неўзабаве, прынёс прыемную навіну бацюшка, у царкве з’явіцца новы іканастас. Чакаюць свайго часу яшчэ шмат якія задумы. Здаецца, што для гэтага патрэбны нечалавечыя намаганні, але мы молімся, каб Гасподзь дапамагаў у іх ажыццяўленні.

Робіцца ўсё дыхтоўна, але не так хутка, як многім хацелася б. «Храм павінен быць «благолепным», каб у ім нараджаліся ўзвышаныя пачуцці», – любіць паўтараць айцец Сергій.

Распачатая справа запатрабавала ад яго стаць і архітэктарам, і дызайнерам, і мастаком… Ён шукае і знаходзіць дабрадзеяў. Зразумела, і мясцовыя жыхары ахвяруюць свае сродкі. Раней тыя, хто мала цікавіўся жыццём прыхода, задавалі пытанне: «Бацюшка, куды вы траціце грошы?» А калі ўбачылі, што зроблена ў царкве, здзівіліся яшчэ больш: «Бацюшка, дзе вы бераце сродкі?»

Сродкі трацяцца эканомна, іх на ўсё не хапае, аднак нярэдка падчас літургіі айцец Сергій возьме і прапануе: «А давайце, родныя мае, перавядзём тое, што вы ахвяравалі, сям’і з хворым дзіцем! Яе адрас ёсць у газеце «Царкоўнае слова».

Ён умее непрыкметна ўзбадзёрыць душу, закінуць у яе зерне для будучага ўраджаю. Дапамагае тым, хто змагаецца са шкоднымі звычкамі, і нястомна выступае супраць усяго наноснага, лішняга, што «засмечвае» наша жыццё. Айцец Сергій – строгі бацюшка. Пасля працяглай літургіі ён прапануе яшчэ і малебен. Каб узмацніць малітву, не расслабляцца. У яго так не пройдзе – аднойчы заскочыць у храм і павянчацца або пахрысціць дзіця. Трэба папрацаваць над сабой. Ён гатовы ў гэтым дапамагчы. Прапануе кнігі з храмавай бібліятэкі, знаходзіць час на заняткі ў нядзельнай школе для дзяцей і дарослых, адгукаецца на просьбы тых, хто шукае духоўнай падтрымкі, наведвае хворых і нямоглых у бальніцы і дома…

У мінулым годзе ў нашым храме адбылася адметная падзея – айцом Сергіем была асвечана ікона пакутніцы за праваслаўную веру, прылічанай да ліку святых, ураджэнкі вёскі Галавенчыцы Надзеі Ажгерэвіч. Ікону па заказе бацюшкі намаляваў мастак. Такія ж маленькія іконкі ўжо ёсць і ў кожным доме ў Новым Свержані, бліжэйшых вёсках – бацюшка дарыў іх пры асвячэнні дамоў.    

Богаслужэнні ў Свята-Успенскай царкве з’яўляюцца вялікай радасцю. Царква ўяўляе сабою не толькі помнік архітэктуры, а жывы арганізм, сям’ю, у якой імкнуцца жыць па хрысціянскіх запаведзях. Моляцца разам старэйшыя і моладзь. Асабліва кранальна, калі бацькі прыводзяць дзяцей. Сярод юных прыхаджан – і чацвёра дзетак айца Сергія і матушкі Ксеніі.

З удзячнасцю віншуем айца Сергія з 45-годдзем, жадаем яму здароўя на многія гады, ва ўсім – благаслаўлення і дапамогі Божай.

Прыхаджане царквы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Новым Свержані

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>