Дэкрэт № 3. Вакансіі

Filed under: Нумары |

БЫЦЬ ПРАЦАЎЛАДКАВАНЫМ – БЫЦЬ АБАРОНЕНЫМ

У сельвыканкамах раёна працягваецца правядзенне пасяджэнняў раённых камісій па працаўладкаванні незанятых у эканоміцы грамадзян і па зборы на фінансаванне дзяржаўных расходаў на падставе палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

У Налібацкім сельвыканкаме ў пасяджэнні камісіі па працаўладкавані незанятых у эканоміцы грамадзян прыняў удзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Анатоль Ісачанка. У пасяджэннях на месцах прымае ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, які ўзначальвае раённую камісію па працаўладкаванні незанятых у эканоміцы грамадзян.

Папярэдне сельвыканкам удакладніў спіс, які прадаставіла інспекцыя па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне.

Камісія мела мэтай даведацца прычыны, па якіх некаторыя людзі не працуюць у сваім працаздольным узросце, і дапамагчы ім уладкавацца на працу. З гэтай мэтай на камісію былі запрошаны начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыя Афанасенка, а таксама кіраўнікі мясцовых арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Налібацкага сельсавета, – ТАА СЖК «Налібакі», ААТ «Налібакі-агра», Прудскога, Кляцішчанскага, Налібацкага лясніцтваў, Стаўбцоўскага лясгаса, мясцовых дзіцячага сада і агульнаадукацыйнай школы, урачэбнай амбулаторыі, прадстаўнікі прыватнага бізнесу.

З 16 чалавек, занесеных у спіс, на пасяджэнне прыбылі 12. Некаторыя з іх ужо ўладкаваліся на працу, астатнім прапанавалі работу на пасяджэнні камісіі. Хтосьці ўжо страціў сваю кваліфікацыю з-за таго, што доўгі час не працаваў, так што кожнаму з іх прыйдзецца пачаць новае жыццё, для іх больш паўнацэннае, чым было да гэтага.

 

ПРЫНЯЦЬ З УДЗЯЧНАСЦЮ ПРАПАНОВУ

Напрыканцы мінулага тыдня і на гэтым тыдні раённыя камісіі па працаўладкаванні незанятых у эканоміцы грамадзян і па зборы на фінансаванне дзяржаўных расходаў на падставе палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 правялі пасяджэнні ў Вішнявецкім, Старасвержанскім, Заямнаўскім, Літвенскім, Навасвержанскім сельвыканкамах.

Як і ў іншых сельвыканкамах, на пасяджэнні былі запрошаны кіраўнікі мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці. Напрыклад, у Вішнявецкім сельвыканкаме 14 непрацуючым грамадзянам з 21 занесенага ў спіс, якія з’явіліся на пасяджэнне, былі прапанаваны рабочыя месцы на паляводстве ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і ў сялянскай фермерскай гаспадарцы «Пульва сад». Усе, каму патрэбна падтрымка ў працаўладкаванні, могуць разлічваць на дапамогу камісіі. Варта прывесці такі факт. На пасяджэнне ў Вішнявецкі сельвыканкам з’явіўся чалавек, які не быў занесены ў спіс, аднак ён часова застаўся без работы і прыйшоў папрасіць дапамогі. Яму была прапанавана вакансія на паляводстве ў мясцовым сельскагаспадарчым таварыстве, і ён даў згоду. Гэты факт пацвярджае: калі чалавек хоча працаваць, ён не будзе перабіраць, а прыступіць да работы там, дзе на гэты момант прадастаўляецца магчымасць.

Служба занятасці раёна прапануе беспрацоўным удзел у грамадскіх аплатных работах. Строгі кантроль за працаўладкаваннем беспрацоўных у нашым раёне ўзяў на сябе старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, які ўнікае ў кожную канкрэтную сітуацыю і азадачыў кіраўнікоў усіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна знаходзіць магчымасць працаўладкоўваць беспрацоўных, тым самым выконваючы даручэнне Прэзідэнта краіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>