Рабінзонаў чакаюць на «Высокім беразе»

Калі гаварыць пра навінкі турыстычнай Стаўбцоўшчыны, то гэта, у першую чаргу, праграма актыўнага адпачынку «Рабінзон», якая запрашае на турбазу «Высокі бераг».

– З надыходам вясны актывізуецца турысцкая актыўнасць, і мы да гэтага гатовы, – адзначае дырэктар Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій Леаніда Высоцкая. – Усіх сакрэтаў новага сезона пакуль раскрываць не будзем, – захоўвае яна інтрыгу.

Праграма актыўнага адпачынку «Рабінзон» – новы сумесны прадукт бюро падарожжаў і экскурсій і турбазы. З элементамі квестаў, духам спаборніцтва ён цалкам прымальны як для дзяцей, так і для дарослых. Акрамя таго, на турбазе можа быць разгорнута і яшчэ адна пляцоўка актыўнага адпачынку – ваенізаваная, пад назвай «Лазертаг». З дапамогай партнёраў гэта камандная гульня (20 удзельнікаў і больш) займела свае атрыбуты, у тым ліку камуфляжную форму. Па жаданні заказчыкаў можна арганізаваць на тэрыторыі турбазы пейнтбол, вяровачную трасу і іншы экстрым. Абедзве актыўныя гульні на ўлонні прыроды суправаджаюцца пахкай палявой кухняй.    

– А што яшчэ можа прапанаваць бюро падарожжаў і экскурсій на вясну, лета–2017?

– У нас ёсць заказчыкі на наведванне Польшчы, а менавіта на туры выхаднога дня ў Кракаў, Вялічку. Аказваем ім візавую падтрымку. Увогуле, арганізацыя любога тура па Еўропе, пачынаючы ад аднаго чалавека і да групавога варыянта, – не праблема. Заключаны дагавор з турфірмай, якая акрэдытавана ў замежных пасольствах у Беларусі, для аказання дапамогі ў адкрыцці шэнгенскіх візаў. Паслуга гэтая запатрабаваная. На цяперашні момант наша бюро заключыла дагаворы з маскоўскім і піцерскім тураператарамі, таму мае магчымасць напрамую адпраўляць арганізаваныя турысцкія групы ў Маскву і Санкт-Пецярбург.

– Ёсць заказчыкі на гэтыя паездкі?

– Так. Цяпер мы прапрацоўваем прапанову аднаго са стаўбцоўскіх прадпрыемстваў адносна наведвання Масквы. Уся паездка разлічана на пяць дзён, з іх тры – гэта насычаная экскурсійная праграма ў Маскве. Варыянт вельмі цікавы. Прафсаюзныя арганізацыі заказваюць паломніцкія туры, у прыватнасці да Матроны Маскоўскай. Запатрабаваны і экскурсіі па Беларусі, прычым павялічваецца дальнасць паездак. Нашы заказчыкі актыўна цікавяцца Брэстам, Гродна. З новага прапануем двухдзённы тур выхаднога дня на Віцебшчыну – на турбазу «Орша», які ўключае ў сябе харчаванне, пражыванне, рэлаксацыйную праграму з наведваннем саляных пакояў, а таксама вечар адпачынку, экскурсіі па Оршы і на радзіму Прэзідэнта, у музеі.

– У гэтым варыянце – своеасаблівае сумяшчэнне санаторыя і экскурсійнай паездкі.

– У нас заключаны дагаворы і з санаторыямі Белпрафсаюзкурорта «Крыніца», «Ждановічы», «Нарачанскі бераг», «Лётцы» і т. п. – прапануем больш за дзясятак падобных устаноў. У любы з іх можна забраніраваць пуцёўку ў Стоўбцах. Цэны вельмі даступныя і, акрамя таго, для членаў прафсаюза ўстаноўлена спеццана, з 25-працэнтнай скідкай на пражыванне.

– Што можна сказаць адносна летняга адпачынку на моры?

– Мяркуючы па выніках другога этапу ранняга браніравання, папулярнасцю карыстаюцца базы адпачынку ва ўкраінскай Затоцы. Гэта дастаткова правераны маршрут, недарагі, таму адпачынак там браніруюць цэлымі сем’ямі. Добрыя водгукі і пра адпачынак у Лазараўскім (Краснадарскі край). Аўтобус адпраўляецца з Мінска і знаходзіцца ў дарозе двое сутак, аднак дарога абсалютна не стамляе, таму што прадугледжаны прамежкавы начлег у гасцініцы Варонежа.

– Гібка працуеце з заказчыкамі?

– З кожным заказчыкам мы гатовы абмяркоўваць паслугу з улікам яго фінансавых і іншых магчымасцяў, пажаданняў і т. п. Ужо збіраюцца заказы на красавік, май. Спадзяёмся, што пляцоўкі актыўнага адпачынку на турбазе зацікавяць школьнікаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>