Чалавек года Міншчыны

804c

ХТО НЕ БАІЦЦА ЦЯЖКАСЦЯЎ

Штампоўшчыца філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Марыя Хлябовіч – у ліку 22-х лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Мінаблвыканкама «Чалавек года Міншчыны» за 2016 год.

Так высока ацэнены яе ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Мінскай вобласці і, як падкрэсліў старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра.

Марыя Хлябовіч на працягу амаль трох дзясяткаў гадоў бярэ непасрэдны ўдзел у вытворчасці камплектуючых для галоўнага канвеера Мінскага маторнага завода. Увіхаецца каля прэса, хоць нагадвае ён сабою далёка не спартыўны трэнажор. За змену прыходзіцца выконваць тры-чатыры абсалютна розныя аперацыі, а ўвогуле за столькі гадоў працоўнай дзейнасці асвоіла ў прэсава-гальванічным цэху шырокую наменклатуру дэталяў.  

–Уцягнулася, фізічная праца мне падабаецца, – гаворыць Марыя Хлябовіч – старажыл філіяла. Не адразу верыцца, што падобнае прызнанне ў любові да фізічнай працы гучыць з вуснаў гэтай мініяцюрнай жанчыны. І адкуль у яе такая здатнасць да працы?

Марыя Хлябовіч нарадзілася на Стаўбцоўшчыне, у невялікай вёсачцы Гурнаўшчына, у сялянскай сям’і. Матуля яе, Рэгіна Зянонаўна Хлябовіч (сёлета жанчына адзначыць свой 80-гадовы юбілей), адпрацавала ўсё жыццё ў паляводстве. Тадышні калгас «Шлях да камунізму» вырошчваў багатыя ўраджаі лёну, і да гэтай карпатлівай працы з даўгунцом з дзяцінства мелі дачыненне і вясковыя дзеці. «Урокі рабілі вечарам, таму што днём дапамагалі бацькам у полі», – прыгадвае Марыя.

Пасля школы яна закончыла Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум і вярнулася ў сваю гаспадарку бухгалтарам. Шэсць гадоў прарабіла па спецыяльнасці. А неяк прачытала ў нашай раённай газеце аб’яву аб тым, што Мінскі маторны завод набірае маладыя кадры для навучання з наступным пераводам на філіял у Стоўбцах (якраз ішло яго будаўніцтва). «А дай паспрабую!» – вырашыла Марыя. У райвыканкаме ўзяла накіраванне і ў верасні 1988 года паехала працаваць на Мінскі маторны завод.

Прафесіі навучаў яе на месцы вопытны заводскі наладчык. І Марыя аказалася здольнай вучаніцай. Тлумачыць гэта па-свойму: «Разумовая праца штосьці не «зачапіла» мяне, хоць старшыня гаспадаркі Сцяпан Усцінавіч Сабко ўвесь час па-бацькоўску наказваў: «Марыя, паступай вучыцца ў інстытут!»

Дарэчы, нешта падобнае Марыя гаворыць цяпер свайму адзінаму сыну, які закончыў ліцэй. Хлопец самастойна зрабіў свой выбар і, пасля атрымання прафесіі, рамантуе ў аўтапарку № 17 аўтобусы. Вельмі задаволены. Не шкадуе аб зробленым у свой час выбары і Марыя. Калі сыну паведаміла, што заслужыла тытул «Чалавек года Міншчыны», ён не стрымаўся: «Ну, мама, ты даеш!» Яна і сама, прызнаецца, яшчэ не адышла ад шоку…

Штампоўшчык – прафесія не з лёгкіх, са шкоднымі ўмовамі працы, але чамусьці працуюць у ёй пераважна жанчыны. «Яны – ударная сіла на нашым участку», – адзначае Марыя Хлябовіч. Калектыў згуртаваны, многія яе калегі працуюць на філіяле па 20 і больш гадоў. Цяпер у іх укаранёны брыгадны метад, і ўклад кожнага члена брыгады відавочны.

Выхаванка вядомага ў раёне старшыні калгаса Сцяпана Сабко паказала, як трэба працаваць, каб вынікі тваёй працы былі заўважаны. І яны, нібыта той шаўкавіста-блакітны лянок, здольны ўпрыгожыць лёс чалавека.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

З ТОРТАМ

Як мы паведамлялі, у Клецку прайшла цырымонія ўзнагароджання 22 прадстаўнікоў Мінскай вобласці, людзей розных прафесій, якія ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны».

У ліку іх быў вадзіцель аўталаўкі райспажыўтаварыства Станіслаў Луцэвіч.

Калегі падзялілі са Станіславам Іванавічам радасць атрымання ім спецыяльнай прэміі, якую ўручыў узнагароджаным старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра, і дастойна адправілі яго на ўрачыстасць. Пад кіраўніцтвам майстра-кандытара ведамаснага кандытарскага цэха Ганны Шахнер быў выпечаны шасцікілаграмовы торт у выглядзе аўтамагазіна. На ім былі нават нанесены нумары аўталаўкі, на якой працуе Станіслаў Луцэвіч. Такая атрыбутыка выклікала захапленне ва ўдзельнікаў свята.

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>