Будні стаўбчан

«ТАЙФУН» АД ДАРОЖНІКАЎ

На мінулым тыдні запрацаваў пасля зімовага перапынку асфальтабетонны завод ДРБУ №135. Прадукцыя яго запатрабавана ў першую чаргу для ямачнага рамонту.

Як адзначае дырэктар ДРБУ Вадзім Савіцкі, ямачны рамонт на мясцовых дарогах, якія абслугоўвае арганізацыя, плануецца завяршыць да 20-га красавіка. Ужо ліквідавана больш за 700 м2 ямачнасці, аднак работа гэтая не проста аб’ёмная, а, правільней сказаць, без пэўных межаў. Дарожнікі ажыццяўляюць яе самым хуткім і эканамічным спосабам – з дапамогай устаноўкі «Тайфун». Задавальняюцца заяўкі на водпуск асфальтабетоннай сумесі для правядзення ямачнага рамонту і ад аб’яднання камунальных службаў.    

Акрамя таго, свежым асфальтам дарожнікі часткова заасфальтавалі веласіпедна-пешаходную дарожку Сцяцкі – Стоўбцы, распачаўся бягучы рамонт аўтадарогі Дзераўная – Налібакі – Кляцішча і т. п.          

 

АДЗІНЫ НУМАР – 167

У раённым камбінаце бытавога абслугоўвання адкрыты адзіны тэлефонны нумар – 167, па якім можна зрабіць заказ.

Можна даць заяўку на рамонт абутку, бытавых рэчаў, здаць у пральню, хімчыстку рэчы і т. п. Па пададзенай заяўцы служба быту забярэ з дому рэчы і даставіць іх пасля аказання паслугі.

Для жыхароў раёна такі сэрвіс значна аблегчыць быт, асабліва ў аддаленых населеных пунктах, дзе няма транспартнага злучэння.

Кіраўніцтва камбіната ў актыўным пошуку іншых інавацыйных формаў работы. У ліку іх і сезонныя паслугі, а таксама партнёрскія праекты з прадпрыемствамі-вытворцамі, якія ўжо распачаты.

 

БУДЗЕ РАСКВЕЧАНЫ ГОРАД

У цяпліцы аб’яднання камунальных службаў бяруцца ў сілу расткі расады гваздзікі самых розных відаў, цыніі, сальвіі, лабулярыі, амаранта і іншых кветак. Іх саграваюць не толькі ласкавыя сонечныя промні, але і батарэі – цяпліца ацяпляецца. А таксама ўмелыя клапатлівыя рукі работніц цяпліцы. Ірына Свірская, напрыклад, ужо 10 гадоў займаецца гэтай справай, і пад яе пільным доглядам расткі.

Кветкі будуць высаджаны для азелянення нашага горада, расаду прапануюць на продаж арганізацыям і прадпрыемствам раёна для акультурвання ведамасных клумбаў.

 

ЁСЦЬ ЗАЦІКАЎЛЕНАСЦЬ

І ў гэтым вытворчым годзе дзейнічае план мерапрыемстваў цэнтральнай раённай бальніцы па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы».

У медыцынскай установе ёсць ужо добрая практыка па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Напрыклад, у мінулым годзе мэтавы паказчык па гэтых відах зберажэнняў дасягнуў 10,9 працэнта пры кантрольным 2,5 працэнта. Гэта з’яўляецца добрым стымулам і надалей матываваць калектыў беражліва адносіцца да энергетычных рэсурсаў на кожным рабочым месцы.

 

ЗАМЕСТ ВАРТАЎНІКА

Райспажыўтаварыства – у ліку арганізацый, якія маюць вялікую колькасць вытворчых аб’ектаў. Таму тут заўсёды востра стаіць пытанне захаванасці маёмасці і тавараў.

З мэтай арганізацыі бяспекі аб’ектаў з матэрыяльнымі каштоўнасцямі ў мінулым годзе ўстаноўлены сістэмы відэаназірання ў магазінах № 34, № 25 «Забота», закусачнай «Спатканне». Магазін «Забота» аснашчаны спецыяльнай камп’ютарнай сістэмай.

З увагай да ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў у мінулым годзе сіламі ведамаснай будаўнічай брыгады на 49 аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, нарыхтоўчага аддзела праведзены рамонтныя работы.

У праграме бягучага года – перавод на самаабслугоўванне пяці магазінаў: у аграгарадках Любкаўшчына, Вішнявец, Стары Свержань, №125 у Дзераўной і № 111 – у Шашках.

 

З ПАДТРЫМКАЙ

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Зінаіда Катлашэўская прыкладае намаганні, каб заручыцца спонсарскай падтрымкай для аказання дапамогі членам аб’яднання. Кожнаму прыемна атрымаць сувенір у час сходаў і іншых урачыстасцяў.

Вялікую арганізатарскую работу праводзяць старшыня і актыў арганізацыі ў гэтыя веснавыя дні. З удзячнасцю прымаюць члены арганізацыі насенне агароднінных культур, якое ўжо не першы год на дабрачынных пачатках выдзяляе стаўбцоўскай арганізацыі ОАО «МінскСортНасенАгародніна». Гэты настрой вясны з прыемнымі клопатамі ажыўляе ўсіх і сілкуе.

 

ЗА БЯСПЕКУ – РАЗАМ

Зніжэнне колькасці пажараў па прычыне невыканання грамадзянамі правіл пажарнай бяспекі ў жылых пабудовах і населеных пунктах, а таксама павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый у сферы пажарнай бяспекі – мэты акцыі «За бяспеку разам!», якую з 3-га па 28-га красавіка на Стаўбцоўшчыне праводзіць раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Асаблівую трывогу гэтай веснавой парой выклікае спальванне сухой леташняй травы, смецця, што можа прывесці да пажараў і нават чалавечай гібелі. У нашым раёне ўжо ёсць факты загаранняў, якія стваралі пагрозу бліжэйшым пабудовам і лясным масівам. Назва акцыі яшчэ раз нагадвае, што за бяспеку ў адказе і кожны з нас, і ўсе мы разам.

Пр

 

БЕРАЖЫ СВОЙ ВЕЛАСІПЕД

З наступленнем вясенне-летняй пары актуальнасць набывае захаванасць дарожных веласіпедаў.

У мінулым годзе на Стаўбцоўшчыне ўчынена 30 крадзяжоў веласіпедаў, пераважная большасць – шляхам свабоднага доступу.

Веласіпеды пакідаюць без нагляду ў пад’ездах і падвалах шматпавярховых дамоў, дварах, прычым не абсталяваўшы іх прыстасаваннямі для замыкання. Памяшканні для веласіпедаў часта не адпавядаюць умовам захоўвання, асабліва гэта характэрна для падвальных памяшканняў шматкватэрных дамоў, дзе дзверы слаба ўмацаваны, а замкі лёгка адкрываюцца шляхам адціскання. Стаіць праблема пакідання веласіпедаў, дзіцячых калясак на лесвічных маршах, пляцоўках, у калідорах, што загрувашчвае месцы агульнага карыстання. Такое парушэнне цягне адміністрацыйную адказнасць (згодна з артыкулам 21.16 КоАП Рэспублікі Беларусь, штраф – да 30 базавых велічынь) і стварае перадумовы для крадзяжоў. Акрамя таго, часта пацярпелыя паведамляюць аб крадзяжы веласіпеда праз некалькі сутак, што значна ўскладняе пошук злачынцы, не дае магчымасці выявіць яго сляды.

Любое злачынства можна папярэдзіць, і ў даным выпадку лепшая абарона – элементарная абачлівасць. Калі вы пакідаеце веласіпед на вуліцы нават на непрацяглы час, трэба выкарыстоўваць спецыяльныя блакіруючыя ўстройствы, якія фіксуюць не толькі раму да чаго-небудзь нерухомага, а і адно з колаў. Па магчымасці варта ажыццявіць маркіроўку веласіпеда ў спецыялізаванай арганізацыі, і для сябе хоць бы перапісаць нумары дэталяў, сфатаграфаваць веласіпед. Нельга набываць веласіпед у незнаёмых асоб, пры адсутнасці дакументаў.

Праяўляйце пільнасць і прымайце меры да забеспячэння захаванасці сваёй маёмасці, своечасова паведамляйце ў дзяжурную часць райаддзела міліцыі па тэл. 102 аб учыненні крадзяжу

Юлія БЕЛАВУСАВА, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

 

ВЫБУХ У ГАРАЖЫ

У аўторак каля васьмі гадзін раніцы прагрымеў выбух, моц якога адчулі многія жыхары Стоўбцаў.

Выбух адбыўся ў гаражы на адным з завулкаў Прытыцкага. Як картачны домік, склаліся дзве сцяны і дах пабудовы, вылецела шкло ў суседніх дамах. У выніку здарэння атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні гаспадар гаража, 49-гадовы мужчына. З 10-працэнтнымі апёкамі цела І і ІІ ступеняў ён дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы.

Выбух, як адзначаюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, не суправаджаўся гарэннем. Чым ён быў выкліканы, трэба ўстанавіць следчым.

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>