Пільніца – з душой народнай

804a

Кожная вёска – не толькі населены пункт на карце нашай краіны, а жывы арганізм, з душой народнай. Яскрава мы адчулі гэта ў лясной вёсцы Пільніца, якая знаходзіцца ў Налібацкім сельсавеце. Уехаўшы ў вёску, не перастаеш захапляцца: і буслянкамі, і прыгожай рэчкай Уса, і ляснымі каралямі наўкол, і старадаўняй брукаванкай. Нам гавораць, што ў пачатку мінулага стагоддзя, калі яе пракладвалі, кожны гаспадар насупраць свайго двара наймаў брукара, плаціў майстру, і так была вымашчана ўся вуліца. Разумееш цяпер, чаму захавальнікі даўніны так аберагаюць гэты скарб, адстойваюць права брукаванкі існаваць, а не быць знішчанай.

Першымі з жыхароў, з кім мы пазнаёміліся, былі Альдонія Наўчанкова і Леакадзія Бець. Нас гасцінна запрашаюць у двор Альдоніі Міхайлаўны. Яна родам з гэтай вёскі, але жыццёвыя дарогі яе прывялі сюды толькі шэсць гадоў назад – доўгі час жыла ў Карэліі, затым – у Клецку. На радзіму яна вярнулася з сэрцам, поўным любові да сваіх мясцін, і з каштоўным багажом уласных кніг. Паэтэсу выдавалі ў Клецку, а таксама ў абласным літаратурным аб’яднанні «Жывіца» – у зборніках твораў. У яе выдатная паэзія, многія творы прысвечаныя роднай Пільніцы.

78-гадовая Леакадзія Бець выглядае молада, бадзёра. Яна з ахвотай правяла нам экскурсію па вёсцы, паказала і свой дом, з творчасцю дагледжаны, які славіцца шыкоўнымі клумбамі. Кажа, што пацярпела гора на сваім вяку, пахавала ўжо дваіх дзяцей са сваіх чатырох. Яе гараджане прыязджаюць, аказваюць дапамогу, і гэта дае жанчыне сілы жыць і радавацца таму добраму, што ў яе ёсць.

Кацярыне Богдан выпаў гонар быць выбранай вяскоўцамі дэпутатам сельскага Савета, і цяпер яна адстойвае правы вяскоўцаў у органах мясцовай улады. Пільнянцы выказвалі сваю праблему, што дарогі даўно чакаюць рамонту. Кацярына Сцяпанаўна працуе сацыяльным работнікам, даглядае састарэлых людзей у сваёй вёсцы і ў суседняй Рудні Пільнянскай.

Усюды прыбрана, дагледжана ў двары і доме Рамуальды Ліпніцкай. Яна – маці семярых дзяцей. Цяпер агорнута іх клопатам, любоўю. Вось і ў дзень нашага прыезду сын з нявесткай з Дзераўной завіхаліся на падворку, да Вялікадня ў іх ужо ўсё прыбрана – для Рамуальды Францаўны гэта радасць.

Помнікам прыроды можна лічыць велізарны высокі пень ля двара Тэрэзы Ліпніцкай. Тэрэза Іосіфаўна кажа, што ні за якія грошы не аддала б нікому гэты пень.

Леакадзія Дошчачка для здымка ў газету на кафтан прымацавала ўсе свае медалі – ударніка сацыялістычнага спаборніцтва. Яна, і многія іншыя жыхары Пільніцы, з якімі мы мелі сустрэчу, працавала на падсочцы жывіцы. А яшчэ пільнянскія жанчыны былі ў свой час надомніцамі-вышывальшчыцамі ад Івянецкай фабрыкі. Леакадзія Францаўна захоўвае свае працоўныя ўзнагароды, з імі ў яе звязаны ўспаміны і добрая частка яе жыцця. Жыве яна з мужам, якому ўжо за 80 гадоў. Узялі клопат і прынялі ў свой дом і 87-гадовую яе сястру. Нам прыемна было назіраць, як у двары завіхалася дачка Леакадзіі Францаўны і Люцыяна Іванавіча Галіна. Яна прыязджае з Мінска. Кажа, што маршрутны аўтобус у Пільніцу не ходзіць. І даводзіцца на «маршрутцы» даязджаць у Мешычы, а потым ісці пешшу. І так усе, хто часта прыязджае да састарэлых бацькоў. І гэта яшчэ адна праблема вёскі Пільніца. Маршрутнага рэйса чакаюць як жыхары вёскі, так і шматлікія дачнікі. Многія з іх, як Часлаў і Любоў Ліпніцкія, пасля выхаду на пенсію пераехалі ў бацькоўскія дамы на пастаяннае жыхарства.

У будынку былой Пільнянскай школы цяпер абсталявана каплічка. Ключар Станіслава Чарняўская паказвае нам іх храм, дзе ўсё з любоўю і густам абжыта – чыста, светла, у белым колеры. Станіслава Чарняўская не толькі мае клопат захоўваць ключы, адкрываць і закрываць каплічку, але і спявае ў касцёльным хоры, так як і Леакадзія Бець, Кацярына Богдан і і ншыя вясковыя жанчыны.

Пазнаёміцца з жыхарамі вёскі мы маглі падчас прыезду аўталаўкі. Усе яны выйшлі на вуліцу зрабіць пакупкі.

Адметнасцю Пільніцы                можна лічыць такі факт. У вёсцы нямнога жыхароў працаздольнага ўзросту. Амаль усе яны працуюць на мясцовай ферме (па той бок Усы) даглядчыкамі жывёлы. Брыгадзірам на ферме – сын Кацярыны Богдан Сяргей. Адмысловы гаспадар, які мае на падворку ўсю тэхніку з неабходнымі прычапнымі прыстасаваннямі для апрацоўкі глебы. Вясною ў яго шмат работы – дапамагчы ўсім вяскоўцам апрацаваць трактарам участкі. Любяць яго ў Пільніцы, добрага слова не шкадуюць. Такі цікавы факт: і Сяргей Богдан, і іншыя працаўнікі жывёлагадоўчай фермы – Аляксандр Дошчачка, Віктар Валчок, Анатоль Валчок, Сяргей Пашкоўскі – нежанатыя хлопцы. Альдонія Наўчанкова пра іх напісала такі кранальны верш: «У хлопцаў пільнянскіх такія прычыны – няма ў нашай вёсцы ніводнай дзяўчыны». // Раслі, прыгажэлі, нядоўга чакалі, ды з вёскі ў горад усе паўцякалі… // Варожаць дзяўчаты, ды месца не знаюць, дзе хлопцы вясковыя шчасця чакаюць… // З кім бы рэкламай такой падзяліцца, каб хлопцам вясковым хутчэй пажаніцца». Вось такія пяшчотна-мацярынскія, пранікнутыя любоўю, радкі.

Да Вялікадня вёска чыста-чыста прыбрана. На клумбах расцвілі першацветы, яны такія жаданыя ў гэтыя веснавыя дні. Ксёндз Сяргей Лянга з Дзераўной праводзіць у Пільніцы набажэнствы. У вёсцы спрадвечны хрысціянскі ўклад жыцця. І цякуць сюды ў гэтыя святыя дні з гарадоў сямействы дзяцей і ўнукаў – адагрэцца, наталіцца, запасціся пазітывам, святасцю, чысцінёю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: Леакадзія Дошчачка; у Альдоніі Наўчанковай у кампаніі з Леакадзіяй Бець добра кладуцца на паперу вершаваныя радкі; брыгадзір Пільнянскай фермы Сяргей Богдан; у каплічцы – Станіслава Чарняўская; на брукаванцы – Станіслава Капітонец; дэпутат сельскага Савета Кацярына Богдан; вяскоўцаў збірае аўтамагазін; вясковая вуліца.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>