Асыпаны благаславеннямі людзей

124b

На Станіслава Луцэвіча «звалілася» слава – увага электронных і друкаваных СМІ для яго, простага чалавека, – цяжар. Рэдкі, калі не ўнікальны выпадак – вадзіцель аўталаўкі стаў намінантам спецыяльнай прэміі «Чалавек года Міншчыны». Гэта падзея не толькі для Станіслава Іванавіча, але і для Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства, дзе ён працуе.

Каб заваяваць такі гонар, Станіславу Луцэвічу патрэбна было адбыцца як аўтарытэтнаму працаўніку на сваім месцы, ажыццяўляючы якаснае гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў, і забяспечыць высокія паказчыкі ў рознічным тавараабароце. Па выніках работы за 2016 год тавараабарот яго магазіна склаў 226 тысяч рублёў, сярэднямесячны – 18,8 тысячы рублёў (у цэлым па стаўбцоўскім райспажыўтаварыстве – 16,6 тысячы рублёў).

Звяртае ўвагу такі факт: пры сваім маладжавым узросце Станіслаў Іванавіч ужо 39 гадоў за рулём. Увесь працоўны стаж у яго звязаны з работай у спажывецкай кааперацыі, у ведамаснай аўтабазе. На працягу ўсяго гэтага часу ён возіць прадукты ў крамы. Апошнія 17 гадоў – за рулём аўтамагазіна. Гэта цяпер яго аўтафургон укамплектаваны самым сучасным гандлёвым абсталяваннем, а як пачынаў – даводзілася займацца рацыяналізатарствам. Ён першы абсталяваў металічны кантэйнер у фургоне, гэтае наватарства паказвалі іншым падчас правядзення абласнога семінара для работнікаў спажывецкай кааперацыі. Яго вопыт пераймалі. Так што эвалюцыя аўтамагазінаў праходзіла на яго вачах і пры яго непасрэдным удзеле. Вялікім прагрэсам сталі халадзільныя шафы на батарэйках-акумулятарах. Яны хоць і нядоўга трымалі холад, аднак можна было ўжо пашырыць асартымент тавару. Цяпер яго МАЗ укамплектаваны не толькі сучаснай халадзільнай шафай і адпаведнай вітрынай, але і касавым апаратам, што вельмі аблягчае працу вадзіцеля-прадаўца і абараняе яго ад усякіх непрадбачаных сітуацый – копіі чэкаў у вадзіцеля ёсць.

Не будзем паглыбляцца ў нюансы работы вадзіцеля-прадаўца, якому патрэбна дасканала граматна і своечасова афармляць справаздачныя дакументы, захоўваць максімальна багаты асартымент тавару пры абмежаваных магчымасцях гандлёвай плошчы, прыбірацца ў аўтасалоне (амаль заўсёды ў нерабочы час), «схапіць» у памяці на заметку ўсё адносна попыту, узяць заяўку – гэта ўжо адчаканеная практыка, стыль работы, які ніколі не падвёў прадаўца-вадзіцеля. Станіслаў Іванавіч дзеліцца сваімі назіраннямі, назапашанымі за многія рады работы. Цяпер амаль не засталося кароў на ўласных падворках сяльчан. Намнога павялічыўся продаж малака ў тавараабароце аўтамагазіна. Напрыклад, за адзін выезд (а на тыдні іх тры) ён рэалізуе летам да 150 літраў малака, 60 літраў кефіру плюс іншыя малочныя прадукты. А калі пачынаў работу на аўталаўцы, у асартыменце тавару меў у асноўным хлеб ды муку для кармлення жывёлы – у вёсках былі моцныя падсобныя гаспадаркі. Цяпер жа жыхарам аддаленых вёсак падавай мясныя далікатэсы, прысмакі і іншы разнастайны тавар, як у гарадскіх магазінах, бо сярод вяскоўцаў многа тых, хто пераехаў на пастаяннае месца жыхарства з горада ў бацькоўскія дамы. Халадзільная шафа ў аўтафургоне дазваляе выканаць усе заяўкі пакупнікоў і забяспечыць ім якаснае гандлёвае абслугоўванне, стварыць пазітыўны настрой, асабліва перад вялікімі святамі. На Вялікдзень прадавец набраў ужо заказаў. З іншым святочным таварам прыедуць да вяскоўцаў і духмяныя пасхальныя кулічы.

Станіслаў Луцэвіч абслугоўвае дзесяць вёсак раёна, у якіх няма стацыянарных магазінаў, у тым ліку і сваю родную – Сверынава. Пакупнікоў ведае не толькі ў твар, але і па імёнах. Ведае, каму які тавар патрэбны, нават, хто якія цыгарэты курыць.У Сверынаве яго па-дамашняму клічуць Стась, і разлічваюць на асаблівы падыход да пакупнікоў. І Станіслаў Іванавіч забяспечвае яго сваім аднавяскоўцам. У вёсцы дзевяць прыпынкаў, ля дома інваліда спыніцца дадаткова, яшчэ і прадукты паднясе да дзвярэй, пачакае, пакуль бабулька адлічыць грошы. Заўсёды спакойны, усмешлівы, адкрыты для людзей, гатовы да міласцівых адносін да састарэлых – такім ведаюць Станіслава Луцэвіча яго пакупнікі.

У асноўным людзі шаноўнага ўзросту складаюць большую палову жыхароў вёсак Падлессе, Вялікі Двор, Раёўшчына, Варацішча, Караліна, Белькаўшчына, Мясёнкаўшчына, Грабёнаўшчына, Русаковічы, Шахноўшчына, што знаходзяцца на гандлёвым абслугоўванні ў вадзіцеля-прадаўца. Вяскоўцы адчуваюць дабрыню і павагу да іх. Колькі розных сітуацый было ў яго службовай практыцы, калі абыходзіўся ён з пакупнікамі па-людску. Напрыклад, папросяць медыкаменты прывезці (аптэк няма ў вёсках, маршрутныя аўтобусы не даходзяць) – выкраіць з асабістага часу хвілінку, з’ездзіць у аптэку, купіць лекі, пакуль – за свае грошы, прывязе нямоглым. І гэта не толькі разавая акцыя, але лад жыцця чалавека. І асыпаюць яго людзі благаславеннямі: «Каб табе Бог даў здароўя, беражы цябе Гасподзь!» Гэтыя пажаданні матэрыялізуюцца ў жыцці Станіслава Луцэвіча. Ён шчаслівы не толькі на рабоце, але і ў сваёй сям’і. Двое дзяцей маюць моцныя шлюбы і адарылі дзядулю і бабулю ўнукамі, цяпер сям’я ў шчаслівых момантах чакання папаўнення – чацвёртага ўнука. У сям’і Станіслава і Алены Луцэвічаў ужо доўгі час мнагалюдна і шумна. Пакуль будавалі ўласнае жыллё, жылі з бацькамі дачка з сям’ёй, цяпер, чакаючы наваселля ў сваім доме, жыве з бацькамі сям’я сына. Да сябе забралі састарэлых маці Алены Віктараўны і бацьку Станіслава Іванавіча, якім больш як па 80 гадоў. Ім выдзелілі ва ўласным доме па пакоі. Хто не пагодзіцца з тым, што гэта адметная, калі не сказаць, унікальная цяперашнім часам з’ява, калі ў гэтым доме, створаным на фундаменце мудрага і правільнага хрысціянскага жыцця гаспадара, мірна, з любоўю, павагай і пашанай адно да аднаго ўжываюцца прадстаўнікі чатырох пакаленняў роду. І гэта багацце, якога не купіш ні за якія грошы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: чалавек года Міншчыны Станіслаў Луцэвіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>