Хрысціянскае служэнне

154m

Тамара Кожыч з Раёўшчыны прыцягнула нашу ўвагу і як стараста вёскі, і як сацыяльны работнік. Як жа прыемна было адчуць і ўсвядоміць, што гэтыя два яе служэнні непарыўныя і такія неабходныя для вёскі, у якой большасць жыхароў – людзі пажылога ўзросту.

Раёўшчына – родная вёска Тамары Анатольеўны. Тут прайшло яе дзяцінства – у радасцях і клопатах. Маці яе Валянціна Рокаш была даяркай, і Тамара заўсёды ёй дапамагала на ферме. А потым сама пачынала сваю працоўную біяграфію паляводам у Жацераве. Затым жыццёвыя дарогі прапісалі яе ў Мінску, дзе яна працавала ў будаўнічай арганізацыі. Калі маці спатрэбіўся догляд, Тамара Анатольеўна пераехала ў вёску, дагледзела матулю, пахавала і больш у Мінск не паехала. Бацькоўскі дом акультурыла на сучасны лад. І так зжылася з вясковым наваколлем, што ніякія ўцехі сталічнай цывілізацыі не заманяць яе ў горад.

Яе арганізатарскія здольнасці, уменне будаваць адносіны з людзьмі, міласцівае сэрца, рупнасць і актыўнасць не прамінулі заўважыць у Вішнявецкім сельвыканкаме і выбралі Тамару Анатольеўну старастай вёскі. Першае, з чаго яна пачала, – гэта добраўпарадкаванне могілак. Чакаў непачаты край работы – трэба было высекчы і знесці непатрэбныя зараслі, што запаланілі гэтае святое месца, абгарадзіць могілкі. Першымі, хто прыйшоў ёй на дапамогу, былі яе братавая Ніна Рокаш, а таксама старажылы вёскі. У ліку іх 88-гадовая Ванда Лук’янчык, на якую можна спадзявацца ў любой справе. У свой час яна працавала загадчыцай фермы – больш за 40 гадоў, і цяпер застаецца паважанай у вяскоўцаў асобай. Яна мае дар сабраць ахвяраванні з падворкаў на агульную справу. Прыклад паказвае і 90-гадовая Алена Клімовіч. А таксама – Алена Дзярнейка і іншыя руплівыя, мудрыя, хуткія на пад’ём прыгожыя вясковыя людзі. Цяпер могілкі ў Раёўшчыне – і самім паглядзець, і людзям паказаць. Нават свяшчэннік Вішнявецкай царквы айцец Генадзій Кійко заўсёды скажа вяскоўцам, што вельмі любіць прыехаць асвячаць раёўшчынскія дагледжаныя могілкі.

Ініцыятывай і рупнасцю Тамары Кожыч быў устаноўлены ў вёсцы праваслаўны паклонны крыж – ля яе дома. І яна прыняла для сябе абавязкам сэрца ўтрымліваць яго ў належным парадку. Каплічка на могілках – таксама ў цэнтры клопату вяскоўцаў. Тут ужо аб’ядналіся і праваслаўныя, і каталікі.   Жывуць яны з павагай да веравызнання адзін аднаго, даглядаюць каплічку, тут спраўляюцца службы і праваслаўным, і каталіцкім свяшчэннікамі.

Тамара Анатольеўна не адзін раз у нашай гутарцы з вялікай удзячнасцю агучвала прозвішча старшыні Вішнявецкага сельвыканкама Ніны Гурыновіч, якая з вялікай павагай ставіцца да ўсіх просьбаў вяскоўцаў, што даносіць да мясцовай улады стараста.Так былі добраўпарадкаваны вясковыя дарогі, даведзена да ладу асвятленне вуліц. Ды і кіраўніцтва ААТ «Жацерава» з гатоўнасцю дапамагае старасце наводзіць парадак на сваёй зямлі. Вось і на днях аператыўна ліквідавалі прарыў водатрубы. Добрым словам гаворыць Тамара Анатольеўна і пра дэпутата сельскага Савета ў вёсцы Раёўшчына Алену Гоцкую з Савоняў. Яна заўсёды разам са сваімі выбаршчыкамі і ў радасцях, і ў праблемах. Ці ж не варта сказаць пра такі факт. У вялікія праваслаўныя святы стараста з дэпутатам асвячаюць пасхальныя кулічы і яйкі, вербы, свечкі для тых вяскоўцаў, хто не можа сам наведаць бліжэйшы Вішнявецкі храм. На сваёй машыне Алена Гоцкая забірае старасту з карзінамі. А потым Тамара Анатольеўна разносіць па дамах вестачку дабра, святла, любові, ласкі.

Калі рыхтавалася ў мінулым годзе свята вёскі Раёўшчына, для арганізатараў урачыстасці – сельвыканкама і ААТ «Жацерава» – Тамара Кожыч была незаменным і самым першым памочнікам.

Заслужыў павагі ў жыхароў Раёўшчыны і яшчэ адзін чалавек – вадзіцель аўталаўкі Станіслаў Луцэвіч. Тры разы на тыдзень прывозіць ён у вёску тавар і ўмее сагрэць усіх клопатам, выдатным абслугоўваннем, падарыць прыемны добры настрой.

У вёсцы Тамару Кожыч часцей можна бачыць вось у такім выглядзе – на веласіпедзе і ў спецыяльнай форме сацыяльнага работніка. Ужо пяць гадоў яна з’яўляецца працаўніцай раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гаворыць, што ёй вельмі падабаецца працаваць у гэтай арганізацыі, ёсць вельмі цесны і добры кантакт з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі цэнтра. Пад яе патранатам восем адзінокіх пажылых жыхароў Раёўшчыны, у ліку іх ёсць інваліды першай і другой груп. Усе яны чакаюць Тамару Анатольеўну як самага роднага і дарагога чалавека. І яна да іх прывыкла, як да родных людзей, і не вылічвае час і спіс службовых абавязкаў. Хіба можна ўсё ўціснуць у рамкі? У яе хапае вышыні душы і шырыні сэрца, каб даць намнога больш, чым ад яе патрабуюць інструкцыі. Такое ж можна сказаць і пра Ядвігу Шыёнка, якая клапоціцца пра ляжачых хворых.

Тамара Кожыч стала незаменным чалавекам у жыцці вяскоўцаў. Як толькі ў каго нябожчык – ці ноччу, ці днём – адразу да яе. Хоць цялесная смерць і з’яўляецца фізічным законам, аднак яна страшыць членаў сям’і сваёй невядомасцю. Правесці чалавека «в путь всея земли» Тамара Анатольеўна гатова з захаваннем усіх хрысціянскіх традыцый. Таму і клічуць яе сабраць, падрыхтаваць нябожчыка. Удзячныя ёй аднавяскоўцы і за гэта, і за ўсё іншае, што яна для іх робіць.

Мы з цікавасцю слухаем: кожны вечар, перш чым легчы спаць, яна абыходзіць усю вёску, глядзіць, ці парадак на падворках, ці ва ўсіх усё спакойна і мірна. А ў вёсцы толькі дзве вуліцы, якія носяць імёны касманаўтаў – Гагарына і Церашковай. Вуліцы чыстыя, дагледжаныя, у радасных колерах вясны. Вяскоўцы рыхтуюцца да сустрэчы Вялікадня – і чысцяць не толькі двары (у вёсцы 53 хаты і 18 дач), але і не забываюць аб сваёй душы. І Тамару Кожыч такое радуе – гэта аснова таго парадку, на якім трымаецца вёска.

Пакуль рыхтаваўся нумар да друку, мы даведаліся, што Тамара Кожыч заняла другое месца ў раённым спаборніцтве сярод старастаў раёна і ўзнагароджана граматай і прэміяй.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>