• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Мілыя вобразы роднага краю

154c

У народным клубе майстроў народнай творчасці «Пралеска» ёсць выдатная традыцыя – арганізоўваць персанальныя выставы ўмельцаў.

Карэнны стаўбчанін жывапісец Алег Новікаў як ніхто іншы заслужыў да сябе такую ўвагу і павагу. Як сказала ва ўступным, з вялікай любоўю да яго творчасці, слове кіраўнік народнага клуба Аліна Халявінская, з аб’яднаннем «Пралеска» яго звязваюць 30 гадоў творчага жыцця. Гэты мастак адметны тым, што піша пейзажы. І ў пераважнасці – мясцовых краявідаў. Больш таго, у Алега Новікава ёсць серыя работ, прысвечаных коласаўскім мясцінам. Сёлета, з нагоды 135-х угодак з дня нараджэння класіка, менавіта гэтыя пейзажы і былі прадстаўлены на персанальнай выставе, якая ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылася ў раённым Цэнтры культуры. Прыгожа дапасоўваліся да вернісажу і стваралі прыемны музычны фон беларускія песні ў выкананні трыо Сяргея і Фадзея Крамко і Наталлі Грынкевіч.

Інтэлігентны, спакойны, ураўнаважаны, з тонкім пачуццём гумару, Алег Новікаў з гэтымі выдатнымі якасцямі, здаецца, прысутнічае і на палотнах сваіх работ. Яны маюць такі ж ціхі, мірны, гарманічна выбудаваны настрой. Жывапіс, вялікіх памераў, прыгожы сам па сабе, абрамлены ў аўтарскай работы рамкі з прыродных матэрыялаў. За творчы век мастака напісана вельмі шмат – карціны ўпрыгожваюць яго кватэру, бацькоўскі дом, дачу. Многія пейзажы ёсць у прыватных калекцыях і ў запасніках раённага музея, будынка якога са спадзяваннем чакаюць усе, каму дарагая спадчына роднага краю.

У Алега Новікава творчае жыццё складася вельмі спрыяльна. Аб гэтым на мастацкай імпрэзе сказала стаўбчанка Галіна Грэкава. Яна добрым словам успомніла яго бацьку Аляксандра Іванавіча, які выкладаў выяўленчае мастацтва ў СШ № 1 г. Стоўбцы, цяпер – гімназіі, і такі ж гурток для дзяцей вёў у раённым Доме культуры. Таксама быў мастаком. Пад кіраўніцтвам бацькі з дзяцінства развіваліся здольнасці Алега Аляксандравіча, які аб гэтым згадаў і падзяліўся дарагімі для яго ўспамінамі дзяцінства. Усё яго жыццё было звязана з гэтым рамяством, ён працаваў мастаком-афарміцелем, доўгі час – на турбазе «Высокі бераг», дзе і цяпер захоўваецца яго творчы почырк у мастацкіх творах.

Пейзажыст спыніўся ля кожнай работы вернісажа, расказаў пра гісторыю яе напісання, пазнаёміў прысутных, у якой з мясцін мемарыяльнай сядзібы была яна напісана, чым змяніўся краявід у нашы дні.

Павіншаваць мастака з персанальнай выставай прыйшлі члены народнага клуба майстроў народнай творчасці, аматары мастацтва. Яны атрымалі вялікую асалоду як ад зносін з гэтым прыемным чалавекам, так і ад яго мастацкіх работ. Усе жадалі яму новых жывапісных палотнаў, доўгага творчага жыцця. Аліна Халявінская ўручыла Алегу Аляксандравічу дыплом за вялікі ўклад у развіццё мастацтва ў нашым раёне.

Вялікай падтрымкай у жыцці Алега Новікава з’яўляецца яго жонка – настаўніца музыкі Людміла Мікалаеўна. Яна сумела стварыць той жыццёвы фон, на якім лёгка дыхаецца, творча пішацца. Стаж іх шлюбнага саюза складае 36 гадоў. Гэтая сямейная гармонія – жыватворны фундамент для яго поспехаў і жыццёвага настрою.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>