Час збіраць камене

194a

Веснавымі пагодлівымі днямі поруч з хлебаробамі на палетках гаспадарак раёна шчыруюць памагатыя з падшэфных прадпрыемстваў і арганізацый горада – яны збіраюць каменне. Па даручэнні губернатара вобласці, райвыканкамам выдадзена адпаведнае распараджэнне і складзены графік выезду.

Вызваленне палёў ад камення – вельмі важная работа, якая зніжае затраты на апрацоўку глебы, вырошчванне і ўборку сельгаскультур, павялічвае ўраджайнасць. Выконваецца яна не адзін раз на год, бо каменне перашкаджае рабоце тэхнікі, выклікаючы частыя паломкі, а гэта дадатковыя і немалыя расходы на запасныя часткі. Адным словам, для таго каб атрымаць высокую аддачу поля, неабходна спачатку сабраць «ураджай» камення.

Трэці тыдзень запар высаджваецца працоўны дэсант на палеткі сельгаспрадпрыемстваў. Пабывалі ў ААТ «Шашкі». Камяністасць палёў тут, як, дарэчы, і ў іншых гаспадарках, ды і ўвогуле ў вобласці, даволі высокая, і прычэп трактара напаўняецца хутка. Шчыравалі свае работнікі, працаўнікі торфабрыкетнага і маторнага заводаў, накіраваныя з раённага цэнтра занятасці насельніцтва беспрацоўныя. Група звычайна складаецца з дзесяці чалавек. За дзень загружаецца тры прычэпы, а гэта прыкладна сямнаццаць тон.

Збор камення вядзецца ва ўсіх гаспадарках, прычым кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў прадастаўляе транспарт для дастаўкі людзей. У асобных гаспадарках частавалі памагатых і абедамі, прывезенымі ў поле.

У СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» на дзень наведвання шчыравалі работнікі аграсэрвіса, мясцовага паштовага аддзялення і райвыканкама. Як сказала брыгадзір Галіна Касцюк, якая штодзень кантралюе працэс, рупяцца і члены яе вытворчага падраздзялення. Нядаўна брыгада папоўнілася двума новымі членамі, якія ўладкаваліся на працу праз цэнтр занятасці насельніцтва, і цяпер налічвае дзевяць чалавек. Усе працуюць добра.

Усяго па раёне каменне сабрана больш як на 8 тысячах гектараў. У ААТ «Вішнявецкі» вызвалена ад яго большая палова плошчаў, а гэта звыш 1300 гектараў. В. а. галоўнага агранома Леанід Новік гаворыць, што аперацыя гэтая выконваецца кожны дзень, працуюць да 20 чалавек. Прыкладаюцца намаганні, каб выканаць згаданую работу максімальна. Занятыя тры свае брыгады, а таксама сумленна рупяцца памагатыя з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага цэнтра занятасці насельніцтва і лясгаса. Зараз каменне збіраецца на ўчастках, дзе ў таварыстве будуць пасеяны цукровыя буракі.

– Работа па зборы камення працягваецца. І выконваць гэтую тэхналагічную аперацыю патрэбна абавязкова, каб не ламалася тэхніка падчас сяўбы, догляду раслін і ўборкі ўраджаю. І хоць усе арганізацыі выязджаюць у гаспадаркі згодна з графікам, тэрміны яе выканання, аднак, некалькі зацягнуцца, у сувязі з неспрыяльным надвор’ем, – патлумачыў начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Барыс Барысевіч. – І завершацца па ўзгадненні з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, хутчэй за ўсё, у канцы красавіка.

Улічваючы тое, што каменне мае тэндэнцыю «расці», наступны выхад на ўборку адбудзецца ў жніўні, акурат перад сяўбой азімых культур. Адступаць перад каменнымі «ўсходамі» ў гаспадарках не збіраюцца.

Варта адзначыць, што палявое каменне, аднак, не толькі стварае праблему, ёсць ад яго і немалая карысць – незаменнае падспор’е ў будаўніцтве, пры рамонце дарог, аднаўленні выгульных пляцовак, месцаў для складзіравання гною.

На здымках: каб закінуць у прычэп такі камень, патрэбна сіла; брыгадзір СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Галіна Касцюккантралюе выкананне работы; працэс збору камення.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>