На спартыўных пляцоўках

Filed under: Нумары,Спорт |

АДНАКЛАСНІКІ

Другім па ліку сапернікам для стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра» каляндар розыгрышу першынства Беларусі ў першай лізе вызначыў ФК «Асіповічы». Прыгадваецца, як ужо напрыканцы красавіка мінулага года на стадыёне «Юнацтва» ў футбольным матчы камандаў другой лігі стаўбчане прымалі таксама футбалістаў з Асіповічаў. Тады перамогу святкавалі госці – 1:0. Далейшы турнірны шлях склаўся даволі роўна для гэтай каманды з райцэнтра Магілёўшчыны. Яны пастаянна трымаліся ў авангардзе футбольнага пелетона. Пра абсалютнае лідарства гаварыць не прыходзілася, бо вышэйшым майстэрствам у гэтым турніры выдзялялася пінская «Хваля», якая «штампавала» перамогі ледзьве не над усімі сапернікамі, часцей з разгромным лікам. Пераможца турніру стаў вядомым загадзя, ФК «Асіповічы» фінішаваў другім і разам з пінчанамі атрымаў права на павышэнне – выступленне ў першай лізе. На фінішы мінулага сезона падцягнуліся стаўбчане, якія ў выніку сталі трэцім кандыдатам на ўдзел у спаборніцтве камандаў першай лігі чэмпіянату Беларусі.

Як жа пачалі, скажам гэтак, аднакласнікі свой турнірны шлях у спаборніцтвах вышэйшага рангу? ФК «Асіповічы» ў першым туры ўступіў бабруйскай «Белшыне» – 0:3. Вынік, можна сказаць, прадказальны, футбалісты з Бабруйска знакамітыя ў футбольным свеце. У ранейшых чэмпіянатах Беларусі трымаліся сярод мацнейшых і толькі летась апынуліся на пазіцыі аўтсайдара і атрымалі паніжэнне ў класе. Ну а стаўбчане, самі назіралі, у роўнай барацьбе ўступілі сапернікам з Баранавіч.

І вось у мінулую суботу зноў была запоўнена трыбуна стадыёна «Юнацтва». Каманда «Нёман-Агра» адразу захапіла ініцыятыву. Першыя хвілін дзесяць гульня практычна ўвесь час ішла на палове поля гасцей. Нашы наступалі вельмі актыўна. Ігрок з нумарам 7 на футболцы Аляксей Рудзянок літаральна прарываўся праз строй высокіх абаронцаў-сапернікаў. А з фланга яго асабліва падтрымліваў «трынаццаты нумар» – Артур Цішко. Аднак стартавы націск не завяршыўся выніковым ударам.

Далей гульня выраўнялася, абарона і варатары абедзвюх камандаў дзейнічалі надзейна. Літаральна на апошняй хвіліне першага тайма балельшчыкі ўсталі ў парыве ад чакання гола. Варатар каманды Асіповічаў адбівае ўдар ва ўпор прама перад сабой. Набягае наш ігрок і, як гаворыцца, «страляе па вераб’ях» – пасылае мяч вышэй перакладзіны варот.

І ў другім тайме нашы ўпускаюць некалькі выгадных момантаў. Актыўна дзейнічаюць і госці. Мяч улятае ў вароты стаўбчан. Усе глядзяць на суддзю, а ён разводзіць рукамі: гола няма, бо сапернік нанёс удар са становішча «па-за гульнёй».

Далей выгадныя моманты ўзнікаюць ля адных і другіх варот. Але на табло застаюцца нулі. Хоць зноў жа на апошніх дзесяці мінутах нашы ўзмацняюць націск. І прычына ажыўлення відавочная – на поле выходзіць Дзмітрый Даўбейка. Цяпер тандэм нашых прызнаных бамбардзіраў – Рудзянок і Даўбейка – літаральна не дае ўздыхнуць абаронцам сапернікаў. Адзін галявы момант, другі… Эх, не хапіла часу! Чаму ж трэнер адразу не скарыстаў магчымасці такога наступальнага кулака – «сямёрка» стаўбчан разам з «дзявяткай»? Хіба Даўбейка не ў такой добрай фізічнай форме, каб дзейнічаць эфектыўна ўсю гульню? Ці гэта проста нейкі тактычны трэнерскі ход? Нагадаем, што такое ж было і ў папярэднім матчы, з ФК «Баранавічы».

У выніку балельшчыкі разыходзіліся са стадыёна ў «смешанных чувствах». Гульня цікавая, хвалюючая. Аднак здабылі толькі адно ачко, гэтаксама, як і сапернікі. Наперадзе ж паядынкі з моцнымі калектывамі.

Ф. БАНДАРОВІЧ

 

ПАМЯЦІ КАМАНДЗІРА

Аркадзій Мікалаевіч Панамароў – легендарны камандзір партызанскай брыгады «Спартак», а ў мірны час – дырэктар Дзераўнянскай сярэдняй школы. Памяць аб ім жыве. Увекавечана яна і ў спартыўным мемарыяле, традыцыйным раённым турніры валейбалістаў. У гэтым годзе ён праводзіўся 35-ы раз, як і заўсёды, у аграгарадку Дзераўная, на стадыёне «Меліяратар».

У турніры прымалі ўдзел не толькі каманды калектываў фізкультуры Стаўбцоўшчыны, але і госці з Валожынскага раёна. Разам з дарослымі ў спаборніцтвах удзельнічалі і дзве школьныя каманды – Дзераўнянскай ДЮСШ і Любкаўшчынскай сярэдняй школы, якія вядуць падрыхтоўку да абласной спартакіяды школьнікаў.

Спачатку прайшлі групавыя турніры, і па дзве лепшыя каманды з кожнай групы выйшлі ў фінал, дзе ў цікавай і напружанай барацьбе былі разыграны прызавыя месцы.

У гульні за трэцяе месца сустрэліся каманды вайсковай часці Наваколасава і СКіВ з г. п. Івянец. Дабіліся перамогі і занялі прызавое месца валейбалісты з Наваколасава.

Фінальная сустрэча паміж камандамі ААТ «Дзераўное» і філіяла Мінскага маторнага завода ў г. Стоўбцы была яшчэ больш упартай. У выніку перамогу і галоўны прыз турніру – пераходны кубак – заваявала каманда ААТ «Дзераўное».

Акрамя пераходнага кубка аддзелам адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама былі ўручаны і прызы лепшым ігракам турніру: Ільі Супрановічу (Дзераўнянская ДЮСШ), Юрыю Дошчачку (філіял ММЗ), Міхаілу Забаронку (Наваколасава), Яўгенію Салацкаму (ААТ «Дзераўное»).

Турнір удаўся, быў ён праведзены на добрым арганізацыйным узроўні.

 

У ПРАФСАЮЗНЫХ СПАБОРНІЦТВАХ

Напярэдадні рэспубліканскай алімпіяды было праведзена адкрытае першынство ўстановы «Мінская СДЮСШАР прафсаюзаў «Юнацтва» па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў. Мэтай яе былі абвешчаны прапаганда алімпійскіх відаў спорту, павышэнне майстэрства, якасці і эфектыўнасці работы спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў прафсаюзаў Мінскай вобласці.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел і навучэнцы Дзераўнянскай ДЮСШ прафсаюзаў, выхаванцы трэнера-выкладчыка Аляксандра Чарняўскага. Асабліва паспяхова выступіў Аляксей Галубовіч, які на дыстанцыі 1000 метраў атрымаў пераканаўчую перамогу, а 600-метровую дыстанцыю адолеў з чацвёрым вынікам. Трэцім прызёрам у забегу на 2000 метраў стала Надзея Каландарава. Паспяхова выступілі таксама Данііл Выдранок, Мікіта Ліпніцкі, Ксенія Каласоўская, Вікторыя Райко.

Рэспубліканская спартакіяда спартыўных устаноў прафсаюзаў сярод юнакоў і дзяўчат 2003-2004 гадоў нараджэння таксама прайшла ў Мінску. Заліковыя ачкі камандзе Дзераўнянскай ДЮСШ прынеслі Мікіта Ліпніцкі, Дзіяна Пашкоўская, Сцяпан Шаўко, Ксенія Каласоўская.

Гэта былі падрыхтоўчыя старты перад летняй рэспубліканскай спартакіядай у Брэсце.

Ф. ФЯДОТАЎ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>