Сустрэча з касманаўтам

Filed under: Людзі і лёсы,Нумары |

Дзень 12 красавіка 1961года быў азнаменаваны падзеяй, што ўскалыхнула ўвесь свет. Упершыню зямлянін падняўся ў касмічную прастору. Людзей майго пакалення ахапілі незвычайны гонар, радасць і эйфарыя, бо менавіта савецкі грамадзянін Юрый Аляксеевіч Гагарын першым з насельнікаў Зямлі праклаў дарогу ў Космас. Уражанні ад радыё- і тэлеперадач былі незвычайныя. Крыху прытупіліся эмоцыі з запускамі першага і наступных спадарожнікаў, у тым ліку і з жывёлінамі на борце. А тут такая падзея…

Многім маладым людзям і асабліва школьнікам, якім, дарэчы, у той час быў і я, захацелася сустрэцца з першым у свеце касманаўтам, а то і самім стаць касманаўтамі.

У нейкай меры мая мара здзейснілася. Летам 1977 года я быў на курсах у Маскве. Да таго часу больш чым за паўтара дзясятка гадоў бліжні космас асвоілі многія касманаўты, як савецкія, так і амерыканскія.

Асноўная падрыхтоўка будучых савецкіх касманаўтаў вялася ў Зорным гарадку. І вось у адзін з чэрвеньскіх дзён для нас была наладжана экскурсія ў гэты самы гарадок. Вядома, што настрой ва ўсіх экскурсантаў быў прыўзняты, трохі хваляваліся, бо для нас гэта была найважнейшая, неспадзяваная падзея. Не заўважылі, як амаль з цэнтра Масквы аўтобус даімчаў нас да пункта назначэння. Невялікая фармальнасць на кантрольна-прапускным пункце – і мы апынуліся на тэрыторыі Зорнага гарадка. Праз сотню-другую крокаў ужо стаялі каля скульптуры Ю. А. Гагарына. Вядома ж, каля яе зрабілі здымак на памяць. А затым накіраваліся да музея Зорнага гарадка.

Калі размясціліся ў зале музея, дзе звычайна ладзіліся сустрэчы, да нас выйшаў двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт Георгій Цімафеевіч Берагавы. Безумоўна, нашы апладысменты ў яго гонар былі моцныя і шчырыя.

Свой аповед аб справах касмічных Георгій Цімафеевіч пачаў з таго, што яго да касмічнага падарожжа дапусцілі пасля доўгіх ваганняў, асабліва медыкаў. Ён быў самым старэйшым у атрадзе касманаўтаў. На той час не было дастатковых даных аб тым, як павядзе сябе арганізм чалавека, якому больш за сорак гадоў. Перагрузка і бязважкасць – гэта неспрыяльныя фактары. І ўсё ж саракасямігадовы Георгій Цімафеевіч Берагавы 26 кастрычніка 1968 года на караблі «Саюз-3″ стартаваў у космас. Пасля паспяховага завяршэння праграмы палёту 30 кастрычніка карабель прызямліўся. Абследаванні лётчыка-касманаўта пацвердзілі выдатны стан здароўя, што дало падставы павысіць узроставы цэнз будучых касманаўтаў.

Георгій Цімафеевіч за выдатнае выкананне палётнага задання, мужнасць і гераізм, праяўленыя пры гэтым, атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Гэта было ўжо паўторнае званне. Першае ён атрымаў за баявыя заслугі (як лётчык) у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Берагавы падчас гутаркі расказаў шмат цікавага аб падрыхтоўцы касманаўтаў, якія фактары сустракаюць чалавека на касмічнай арбіце, як жывуць і працуюць касманаўты ў кабіне касмічнага апарата. Тым больш яго было цікава слухаць як чалавека, які на сабе гэта паспытаў, а не ў кніжцы прачытаў. Многія факты мы пачулі ўпершыню, бо ў сродкі масавай інфармацыі яны траплялі рэдка ці не траплялі наогул.

Для нас было адкрыццём, што калі чалавек доўгі час знаходзіцца ў стане бязважкасці і ў кабіне касмічнага апарата, то ў яго пачынае губляцца імунітэт. Таму адразу стала зразумела, чаму касманаўтаў сустракаюць члены пошукава-выратавальнай каманды ў медыцынскіх марлевых павязках. Гэта зроблена для таго, каб выпадкова не перадаць якую-небудзь інфекцыю тым, хто прыбыў з касмічнага падарожжа.

Гэтаксама было для нас цікавым паведамленне, што ў касмічным палёце з касцей чалавека выводзіцца кальцый – яны становяцца менш трывалымі. Таму стала зразумелым, чаму каманда шукальнікаў-выратавальнікаў практычна на руках пераносіць у свой транспартны сродак тых, хто доўгі час прабыў у космасе, тым больш што ў стане бязважкасці без адпаведных нагрузак атрафіруюцца мышцы. Цяпер гэтая праблема ў асноўным вырашаецца за кошт трэнажораў.

Цікавым для нас быў той факт, што пры доўгатэрміновым палёце павялічваецца вастрыня зроку. Тыя аб’екты на зямлі, што адразу былі даступны для назірання з дапамогай аптычных прылад, затым можна было разгледзець вокам.

Не менш цікавым быў аповед аб прыняцці ежы. У кабіну карабля не павінна трапіць ні кропелькі якой-небудзь вадкасці, ні крошкі. У стане бязважкасці яны свабодна блукаюць па прасторы кабіны і пры выпадковым пападанні ў дыхальны апарат касманаўта могуць вызваць вялікія праблемы. Таму ежа (нават супы) захоўваецца ў спецыяльных тубах накшталт зубной пасты ў выглядзе жэле, а хлеб і таму падобнае – у выглядзе галет, каб можна было іх адломліваць па кавалачку, не крышыць.

Асноўнай жа задачай палётаў у космас з’яўляецца правядзенне самых разнастайных і складаных даследаванняў і эксперыментаў з дапамогай вельмі складанай апаратуры і прыбораў. Таму касманаўты вельмі добра падрыхтаваны да гэтага. Па сутнасці, касманаўт – гэта навуковы супрацоўнік у кабіне касмічнага апарата.

Мы з вялікім захапленнем слухалі аповед Берагавога аб тым, якія эксперыменты на касмічнай арбіце праводзілі ён і яго калегі- касманаўты. Вывады з назіранняў, даследаванняў і эксперыментаў у далейшым служылі падставамі для пашырэння і ўскладнення самых разнастайных работ касманаўтаў у наступных палётах. Сам жа Георгій Цімафеевіч, карыстаючыся сістэмай ручнога кіравання, праверыў манеўранасць свайго карабля і эфектыўнасць работы аўтаматыкі, набліжаючыся на адлегласць у некалькі метраў да беспілотнага «Саюза-2″, які быў запушчаны на суткі раней. Безумоўна, гэтыя эксперыменты ў далейшым паслужылі падставамі для распрацоўкі сістэм кіравання і стыкоўкі касмічных караблёў.

Пасля шматлікіх пытанняў і адказаў на іх мы перайшлі ў мемарыяльны пакой першага лётчыка-касманаўта – Ю. А. Гагарына, дзе ён ў свой час працаваў. Там з цікавасцю разглядалі абстаноўку гэтага музея, яго асабістыя рэчы. Напрыканцы выдатнай і памятнай сустрэчы быў зроблены агульны фотаздымак.

Вядома ж, калі ў далейшым здаралася нагода, то аб гэтай памятнай экскурсіі і сустрэчы з лётчыкам-касманаўтам Г. Ц. Берагавым я з задавальненнем дзяліўся ўражаннямі, бо яны незабыўныя.

Мікалай ЦЭЛЮК, настаўнік фізікі Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>