Наша бяспека

194c

НА ВЫШЫНІ ДЗЯСЯТАГА ПАВЕРХА

Прайшлі спаборніцтвы па ліквідацыі надзвычайных сітуацый у вышынных будынках сярод гарадскіх і раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях Мінскай вобласці і пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада ўстановы «Мінскае абласное ўпраўленне МНС» .

Мэта спаборніцтваў – удасканаленне і павышэнне прафесійнага майстэрства пры правядзенні аварыйна-выратавальных работ на вышыні, авалоданне перадавымі метадамі выкарыстання абсталявання і рыштунку, фарміраванне зборнай каманды для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Спаборніцтвы праводзіліся ў два этапы на базе 10-павярховага жылога дома, які будуецца ў в. Копішча Мінскага раёна. Першы этап – пад’ём у вышынны будынак у складзе звяна газадымаахоўнай службы з выкананнем аварыйна-выратавальных работ. На другім этапе ўдзельнікі дэманстравалі свае навыкі і ўменні ў прамысловым альпінізме.

Каманду Стаўбцоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прадстаўлялі супрацоўнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Стоўбцы: камандзір аддзялення Максім Шакаль, старшы пажарны Юрый Янушэвіч, пажарны Аляксандр Казлоў і начальнік часці Вадзім Грахольскі. Рыхтаваў каманду намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Кожыч.

Па выніках спаборніцтваў ратавальнікі Стаўбцоўшчыны занялі прызавое другое месца.

 

КОНКУРСЫ Ў АГРАГАРАДКУ

У аграгарадку Дзераўная прайшло мерапрыемства, якое дапамагло вызначыць, ці з’яўляюцца бацькі «ўзорам бяспекі» для сваіх дзяцей. Менавіта бацькі сваімі паводзінамі, прыкладам, укладам жыцця фарміруюць светапогляд дзіцяці і, у выпадку станоўчых вынікаў, могуць ганарыцца тым, што навучылі дзяцей жыць бяспечна.

   У Дзераўной распавядаць пра правілы бяспечных паводзін давялося не толькі супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Ім на дапамогу прыйшлі ўзорны дзіцячы лялечны тэатр «Батлейка» (ДУА «Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў») і каманда КВЗ «СТОП! FIRE!» (ДУА «Дзераўнянская сярэдняя школа»).

Віктарыны, конкурсы бяспекі, творчыя нумары з казачнымі героямі і, безумоўна, дэманстрацыя пажарнай тэхнікі і абсталявання – усе гэтыя этапы мерапрыемства прыйшліся даспадобы хлопчыкам і дзяўчынкам і іх бацькам. Традыцыйна напрыканцы сустрэчы прысутныя атрымалі падарункі ад ратавальнікаў.

Будзем спадзявацца, што мерапрыемства ў рамках кампаніі «Ганарымся, што навучылі» стала крокам да бяспечнага жыцця.

 

КУДЫ ПАДЗЬМЕ ВЕЦЕР

У раёне актыўнымі тэмпамі ідзе навядзенне парадку, у сувязі з чым раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя папярэджваюць аб небяспецы, якая існуе ў пажаранебяспечны перыяд пры спальванні смецця. Спальванне смецця на могілках і на тэрыторыях прадпрыемстваў забаронена.

На даны момант на тэрыторыі раёна зарэгістравана больш за 20 выездаў пажарных на загаранне сухой расліннасці і травы. Да прыкладу, 5-га красавіка паступіў трывожны сігнал з Мікалаеўшчыны, дзе вясковец пры спальванні смецця на сваім участку дапусціў распаўсюджанне гарэння, у выніку чаго агонь перакінуўся на сухую траву на суседнім участку. Мужчына прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

За парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры спальванні смецця прадугледжаны штраф – да 30 базавых велічынь (частка 1 артыкула 23.56 КоАП). Штраф за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані яшчэ большы – ад 10 да 40 базавых велічынь (арт. 15.57 КоАП).

Будзе працягнута правядзенне сумесных рэйдавых і іншых мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку палаў, выкананне правіл пажарнай бяспекі, як падкрэсліваюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях і райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Нагадаем, што, згодна з Правіламі пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі баз адпачынку, дачных кааператываў, садовых таварыстваў, прысядзібнай тэрыторыі жылых дамоў дазваляецца кантралюемае развядзенне кастроў, размяшчэнне гарачага вугалю (мангала, барбекю, грылю і т. п.) пры наступных умовах: прыняцці мер па нераспаўсюджанні гарэння за межы пляцоўкі (абкапаць яе, выдаліць гаручыя матэрыялы і т. п.), пастаянным кантролі за працэсам гарэння і забеспячэнні сродкамі тушэння, размяшчэнні кастроў на адлегласці не менш за 10 м ад будынкаў, 20 м – ад лясных масіваў, 30 м – ад сціртаў сена і саломы. Спецыяльныя прыстасаванні для прыгатавання ежы павінны быць аддалены ад будынкаў не менш чым на чатыры метры.

Пры гэтым грамадзянам неабходна абавязкова звяртаць увагу на пагодныя ўмовы. Здаровы сэнс падказвае, што пры моцным ветры нельга разводзіць касцёр. У любой сітуацыі трэба кіравацца перш за ўсё правіламі бяспекі.

 

ШКОЛА ДЛЯ ПАЖЫЛЫХ

У тэрытарыяльным цэнтры на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту запрацавала «Школа бяспекі для пажылых людзей».

Першая сустрэча ў «Школе бяспекі» прайшла з удзелам інжынера ВУ «Стоўбцыгаз» Віктара Анікейчыка, старшага інспектара райаддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяны Тарасевіч і ўрача-герыятра Жанны Яралавай. Выступоўцы, абапіраючыся на канкрэтныя прыклады з жыцця, закранулі актуальныя і разнапланавыя пытанні бяспекі, у прыватнасці, выкарыстанне газу ў быце, спальванне сухой травы, уздзеянне сонечнай актыўнасці на самаадчуванне пажылога чалавека. Атрымаўся жывы дыялог, падчас якога кожны мог атрымаць адказы на пытанні, якія яго хвалююць. Найбольш важная інфармацыя занатавана ў памятках і буклетах, якія былі ўручаны слухачам.

– «Школа бяспекі для пажылых людзей» – гэта інавацыйная форма работы, якая накіравана на паляпшэнне ўмоў жыццядзейнасці і бяспеку пажылых людзей, інвалідаў, – адзначае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс. – Сярод асноўных напрамкаў яе дзейнасці – пажарная бяспека, абароненасць ад злачынных замахаў на жыццё і здароўе, крадзяжоў і махлярства, электрабяспека, юрыдычная і эканамічная граматнасць, правілы паводзін на дарозе, здаровае харчаванне, лекавая і псіхалагічная бяспека. У ролі настаўнікаў будуць выступаць розныя спецыялісты, ды і самі заняткі пастараемся разнастаіць. Гэта будуць не толькі ўрокі бяспекі, гутаркі, а і круглыя сталы, кансультацыі, мерапрыемствы, распаўсюджанне памятак і т. п. Перад пачаткам і па заканчэнні цыкла заняткаў правядзём сярод слухачоў тэсціраванне, каб вызначыць узровень іх ведаў і здольнасць супрацьстаяць небяспекам у паўсядзённым жыцці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ГАНАРЫМСЯ, ШТО НАВУЧЫЛІ

Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях праводзіцца інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «Ганарымся, што навучылі», накіраваная на матывацыю бацькоў навучаць дзяцей правілам бяспекі.

Мэтавая аўдыторыя кампаніі – бацькі, дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У межах кампаніі распрацаваны і размешчаны на сайце МНС тэст, які дазваляе праверыць веды правілаў бяспекі.

Праходзьце па спасылцы і вучыце правілы бяспечных паводзін разам з дзецьмі: http://mchs.gov.by/test/!

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>