І бабуліна маленне, і рэп

194d

На Стаўбцоўшчыне кожная ўстанова культуры шукае сваю навізну ў рабоце. Для ДУК «Навасвержанскі дом культуры» – гэта спалучэнне сучасных музычных накірункаў, здольных прывабіць моладзь, і глыбінных народных традыцый, што красамоўна засведчыў і нядаўні агляд мастацкай самадзейнасці.

Як было трапна заўважана членамі кампетэнтнай камісіі на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аленай Суднік, навасвержанскія артысты чарговы раз пацвердзілі: яны хоць і прадстаўляюць мастацкую самадзейнасць, але – высокапрафесійную.

Праграма агляду адлюстроўвала работу Дома культуры за мінулы год і ўключала ў сябе найбольш цікавыя напрацоўкі, разнастайныя па жанрах і стылях, аматарскіх калектываў і аб’яднанняў па інтарэсах, гурткоў і клубаў.

Так, «стартаваў» агляд у рэп-інтанацыях у выкананні мясцовых падлеткаў. Менавіта для іх створаны клуб – «Музычны кірмаш». Дзяцей і моладзі ў Доме культуры з кожным годам прыбаўляецца. Яны з ахвотай наведваюць таксама традыцыйныя гурткі вакальнага, харэаграфічнага, тэатральнага мастацтва, такія як «Арыядна», «Знічка», «Журавінка». У калектыве «Задорынка» моладзь прывучаецца да фальклорных традыцый. Аб’яднанне сучаснага і мінулага – тое, на чым будуе сваю перспектыву Навасвержанскі дом культуры.

З «мінулага» не магла не ўразіць тэатралізаваная пастаноўка «Башмачки из Люблина» (кіраўнік – Марыя Ажгірэвіч), якая закранае тэму «дзеці і вайна». «Дадаць крыху драматургіі, музычны фон – і гэты матэрыял варты быць уключаны ў праграмы раённых мерапрыемстваў», – аднадушна выказалі сваю думку члены камісіі.

Падчас тэатральнай пастаноўкі, іншых творчых нумароў мільгаў на экране тэматычны фоталетапіс, сабраны работнікамі Дома культуры па выніках сваіх выступленняў, гастрольных паездак. Нямала іх было ў Коласавы мясціны і, безумоўна, яшчэ будзе сёлета, у год 135-годдзя з дня нараджэння песняра. Цудоўны падарунак у гэты юбілейны вянок – творчая спадчына народнага хору народнай песні «Панямонь» (кіраўнік Сяргей Чупін). Уражвае сакавітае трохгалоссе хору, яго рэпертуар з адметнымі народнымі песнямі (да прыкладу, «Кацілася бочачка»), якія наўрад ці дзе яшчэ давядзецца пачуць.

Сапраўдную непаўторнасць і ўнікальнасць Навасвержанскаму дому культуры надае абрадавая дзейнасць. Не адзін год займаецца гэтай карпатлівай працай хормайстар і энтузіяст Ала Янская. Сёлета яна здзівіла адраджэннем новага, ужо трэцяга па ліку, абраду – «Маленне за дождж» (раней былі вясельны абрад «Тры ручнікі» і абрад «Першы прысад дзіцяці»).

– Старадаўні абрад вымольвання дажджу памятаюць са свайго дзяцінства старэйшыя жыхаркі вёскі Жыгалкі – Галіна Мамонька і Марыя Янская, – расказвае хормайстар і коратка перадае сутнасць абраду: – Калі здаралася засуха, вяскоўцы ў нядзельку разам з дзецьмі выходзілі на вуліцу, па-святочнаму апранутыя, з іконай. Ішлі працэсіяй, ад калодзежа да калодзежа ўсцяж да краю вёскі, і так падыходзілі да сажалкі. У руках жанчын – збанкі, у руках дзяцей – вядзерцы і кубкі з калодзежнай вадой. Ля сажалкі яны рассцілалі вышываны абрус ці посцілку, ставілі на яго іконы і збанкі з вадою, укленчвалі і маліліся, каб Бог паслаў дождж. Пасля гэтага жанчыны «дзяліліся» калодзежнай вадой, што была ў іхніх збанках, з сажалкай, але асноўнае – неслі дадому (адлівалі крыху ў свой калодзеж, астатняе – зберагалі, – для лячэння ліхаманкі, запалення, а таксама на выпадак утаймоўвання пажару).    

Абрад «Маленне за дождж» быў інсцэніраваны фальклорным гуртам «Дзянніца», і няхай ён паспрыяе таму, каб на Стаўбцоўшчыне ўсё пасеянае гэтай вясной налілося важкім коласам.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>