Час для актыўнай працы

Filed under: Актуальна,Нумары |

2204a

На мінулым тыдні ў Пухавіцкім раёне адбылася выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры для рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Пасяўная кампанія ў Мінскай вобласці

Сямён Шапіра пазітыўна ацэньвае ход пасяўной кампаніі на Міншчыне.

«На сёння ў вобласці пасеяна 85% плошчаў ранніх збожжавых і збожжабабовых. Уся пасяўная плошча перавышае 550 тысяч гектараў. Лічу, што пасяўную кампанію мы праводзім у аптымальныя тэрміны, – сказаў Сямён Барысавіч. – Пад пасеў ранніх збожжавых і збожжабабовых адведзена больш за 200 тысяч гектараў. Засталося пасеяць 15% ад гэтай колькасці. З трэцяй дэкады красавіка па першую дэкаду мая плануем пасеяць на плошчы больш за 200 тысяч гектараў кукурузу”. Таксама С. Шапіра адзначыў, што ў цэнтральным рэгіёне плануецца пасеяць 38 тысяч гектараў цукровых буракоў, 11 тысяч гектараў ільну, столькі ж – бульбы, а астатняя плошча адводзіцца пад пасеў кармавых траў. Аграрыі ўнеслі ў глебу на 1,5 мільёна тон угнаенняў больш, чым у мінулым годзе, і дасягнулі паказчыка 9 мільёнаў тон. Як падкрэслівае губернатар, гэта значны вынік, бо работы працаёмкія. Сёння ўсе гаспадаркі вядуць палявыя работы, забяспечаны ўгнаеннямі, палівам у дастатковай колькасці.

Кіраўнік вобласці адзначыў, што «азімыя пасевы збожжавых на плошчы больш як 300 тыс. га добра перанеслі асенне-зімовы перыяд. Яравая сяўба збожжавых і збожжабабовых культур будзе праведзена на плошчы больш за 200 тысяч гектараў. Пры сярэдняй ураджайнасці 40 цэнтнераў з гектара аграрыі змогуць атрымаць з гэтых плошчаў не менш за два мільёны тон збожжа. Акрамя таго, прагназуецца большы ў параўнанні з мінулым годам ураджай збожжа кукурузы».

У цэнтральным рэгіёне абмяркоўваецца пытанне, якім чынам можна атрымаць тры мільёны тон збожжа. Па словах губернатара, гэтыя планы рэальна здзейсніць, але не ў 2017 годзе. «У бягучым годзе мы ставім задачу атрымаць 2,5 млн т збожжа. Складана сказаць, якое надвор’е будзе летам, але лічу, што гэты аб’ём сабраць рэальна», – канстатаваў кіраўнік вобласці.

Старшыня аблвыканкама закрануў і пытанне культуры земляробства. Ён падкрэсліў, што якасць апрацоўкі глебы ў большасці раёнаў вобласці ў ліку лепшых у краіне, і гэты факт з’яўляецца залогам добрага ўраджаю. «Кіраўнікі раёнаў і гаспадарак шмат дасягнулі ў культуры апрацоўкі глебы. Цяпер стаіць задача палепшыць якасць работы ў галіне жывёлагалоўлі», – падсумаваў Сямён Шапіра.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што на сёння актуальным з’яўляецца пытанне корманарыхтовак.

Рамонт дарог, жылля

Па словах С. Шапіры, у гэтым годзе рамонту дарог і будаўніцтву новых будзе ўдзелена вялікая ўвага і выдзелены дадатковыя сродкі для гэтага. «Сёлета мы папрасілі падтрымкі ў Прэзідэнта краіны і атрымалі яе. Вызначана, адкуль возьмуцца гэтыя сродкі. Работы будуць весціся на ўчастку аўтадарогі Слуцк–Салігорск, дзе запланавана ўкладка цэментна-бетоннага пакрыцця. Выдзяляецца прыкладна 600 мільярдаў недэнамінаваных рублёў», – паведаміў Сямён Барысавіч. Капітальны рамонт дарог запланаваны таксама на ўчастках ад Кургана Славы да Смалявічаў і ад Заслаўя да Маладзечна.

У планах і будаўніцтва жылля ў Копішчы Мінскага раёна. Тут арэнда кватэры даражэй, чым у Мінску. «Прэзідэнт падтрымаў ідэю будаўніцтва і сказаў, што крыніцай фінансавання будуць Мінаблвыканкам, Міністэрства аховы здароўя, прыватны бізнес. Такім чынам, для Бараўлян, дзе каля 10 медустаноў, праблема будзе вырашана».

Размеркаванне фінансавых сродкаў

Некаторыя журналісты звярнуліся да губернатара з просьбай аб выдзяленні дадатковых фінансавых сродкаў для раёнаў. Сямён Шапіра ўсім «прасіцелям» растлумачыў празрыстую схему размеркавання фінансаў: «Усе сродкі бюджэту вобласці – 20 трыльёнаў «старымі» – размеркаваны па колькасці жыхароў у кожным раёне. Яны ўжо знаходзяцца ў раённых фінансавых структурах кожнага райвыканкама. У мясцовых улад ёсць магчымасць самастойна вырашаць, на якія мэты неабходна выдзяляць грошы: на будаўніцтва дарог, на жыллёва-камунальную гаспадарку, на развіццё аграпрамысловага комплексу і г. д. Яны лепш за іншых гэта ведаюць», – растлумачыў Сямён Шапіра.

Кірмаш вакансій

Сямён Шапіра станоўча ацаніў работу ўсіх камісій па працаўладкаванні Мінскай вобласці. Было адзначана, што больш за 9,5 тысячы прапаноў ёсць у базе вакансій па Мінскай вобласці. Амаль 50 тысяч вакансій прадстаўлена на партале дзяржаўнай службы занятасці. Сітуацыя на рынку працы Мінскай вобласці ў студзені–сакавіку характарызавалася павелічэннем колькасці свабодных рабочых месцаў. Патрэбнасць у кадрах на першага красавіка склала 8 тысяч вакансій, што ў 2,3 раза больш, чым у мінулым годзе. Колькасць асоб, якія звярнуліся з пытаннем працаўладкавання, павялічылася на 16,1%. На 1 красавіка гэтага года на адну вакансію прыходзілася 0,9 беспрацоўных (2016 г. – 2,4).

Падчас наведвання Пухавіцкага раёна і журналісты рэспубліканскіх СМІ, і рэдактары рэгіянальных газет мелі магчымасць паглядзець і пазнаёміцца з работай СТАА «Мароз-прадукт», ЦЭЦ-5, ЗАТ «Аўгуст-Бел», ТАА «Завод горнага воску».

Нэлі АСТРЭЙКА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>