Адкуль выходзяць генералы

2204

Сучаснае грамадства знудзілася па чысціні, годнасці, прыстойнасці, выхаванасці, прыгажосці манер. І гэта было так адчувальна падчас прафарыентацыйнай сустрэчы з выхаванцамі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, якая прайшла ў раённым Цэнтры культуры для вучняў шостых класаў усіх агульнаадукацыйных устаноў нашага раёна. Курсанты паўсталі перад вучнёўскай аўдыторыяй у прыгожай форме, з армейскай выпраўкай, вытанчанымі манерамі. Убачыць такое ў паўсядзённым жыцці не надараецца магчымасці. А тут яшчэ яны паказалі сябе ў танцы, у канцэртнай праграме. І цалкам узялі ў палон вучняў, якіх вельмі цяжка чым зацікавіць так, каб у зале была атмасфера, што чутна, як муха праляціць.

На сцэне былі іх равеснікі, якія столькі дасягнулі ўжо ў сваім жыцці. І, канешне ж, юнакам хацелася б быць на іх падобнымі.

Такая магчымасць ёсць у кожнага з вучняў – стаць курсантам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Падрабязна, з відэапрэзентацыяй, аб гэтай дзяржаўнай навучальнай установе расказала прысутным – вучням і іх бацькам, настаўнікам – намеснік начальніка Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Таццяна Кулеш.

У вучылішча прымаюцца хлопчыкі пасля заканчэння шасці гадоў навучання ў агульнаадукацыйнай школе з патрабаваннямі пэўна вызначаных параметраў праходжання медыцынскай камісіі. Для паступлення вучні праходзяць на конкурснай аснове ўступныя іспыты (руская ці беларуская мова і матэматыка). Без уступных экзаменаў залічваюцца тыя, хто закончыў шосты клас з адзнакамі не ніжэй за сем балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана. Дакументы для паступлення прымаюцца з 2 мая па 1 чэрвеня.

Навучанне ў вучылішчы адбываецца з кругласутачным прабываннем курсантаў, якія знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Да прыкладу, штомесячна дзяржава выдаткоўвае на аднаго сувораўца 750 рублёў, за пяць гадоў навучання – 33 700 рублёў.

Для курсантаў вучылішча прадугледжана цэльная сістэма навучання і выхавання. Сувораўцы атрымліваюць якасную адукацыю. На павышаным узроўні вывучаюцца фізіка, матэматыка, замежная мова. Абавязковымі для наведвання з’яўляюцца заняткі па танцах і этыкеце. На тэрыторыі вучылішча ёсць праваслаўны воінскі храм у гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова. Курсанты духоўна акармляюцца свяшчэннікам, што дапаможа ім не збіцца з выратавальнага шляху. Прадумана арганізоўваецца сацыякультурная дзейнасць, якая таксама садзейнічае фарміраванню патрыятычных і маральных якасцяў маладых людзей. Падчас навучання сувораўцы пастаянна наведваюць музеі, тэатры, выставы, памятныя мясціны Мінска і нашай краіны. Усё гэта дапамагае пасеяць у іх душах добрае насенне. І само асяроддзе адной з самых даўніх навучальных устаноў нашай краіны, у якой заўсёды дзейнічаў няпісаны кодэкс гонару, сяброўскіх узаемаадносін, узаемавыручкі, садзейнічае выхаванню ў маладых людзей высокай культуры, тонкай душэўнай арганізацыі, сапраўдных высакародства і прыстойнасці. Вучэбна-выхаваўчы працэс пабудаваны на пераемнасці нацыянальных ідэалаў – прыкладаў святасці, патрыятызму, доблесці і гонару. Пры сучасным крызісе асобы велічнасць набывае жыццёвая пазіцыя і прыклад служэння сваёй Айчыне легендарнага палкаводца Аляксандра Суворава, у гонар якога названа навучальная ўстанова прафесійна-ваеннай накіраванасці, і які задае вобраз выхавання цэльнай духоўна-маральнай асобы – хрысціяніна, сем’яніна і грамадзяніна.

Пасля заканчэння сувораўскага вучылішча курсанты паступаюць на ваенныя факультэты краіны з прадастаўленнем ільгот. Пры паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання па-за конкурсам яны залічваюцца ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, на ваенныя факультэты БДУ, БНТУ, БДУІіР, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі авіяцыі. У бягучым навучальным годзе 11 месцаў для іх прадугледжана ў Ваенным універсітэце г. Масквы, 13 – у Ваенна-касмічнай акадэміі ім. Мажайскага, 10 – у Ваенна-медыцынскай акадэміі Санкт-Пецярбурга.

Са сцен сувораўскага вучылішча, якое было заснавана ў 1953 годзе, выйшла не адно пакаленне афіцэраў – патрыётаў сваёй Айчыны, у ліку іх пяць генерал-палкоўнікаў, больш за 50 генерал-лейтэнантаў і генерал-маёраў.

За выдатную прэзентацыйную праграму прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Язвінская і Алена Манцывода выказалі вялікую ўдзячнасць арганізатарам прафарыентацыйнага мерапрыемства і ўручылі сувораўцам вялікі торт.

Усіх прыемна ўразіла актыўнасць вучняў школ нашага раёна, якія задавалі шмат пытанняў, праявілі цікавасць да гэтай навучальнай установы і яе юных прадстаўнікоў, якія пакарылі залу сваімі вартасцямі.

Што ж, у вучняў ёсць магчымасць зрабіць свой выбар, перад імі адкрыты дзверы ўсіх навучальных устаноў, у тым ліку і сувораўскага вучылішча.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>