Калі жыццё – пропаведзь Бога

Filed under: Лампада,Нумары |

2204b

У гэтыя светлыя дні Святой Пасхі ў благачыннага прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэя Аляксандра Марцінчыка юбілей падзеі, якая вызначыла яго жыццё, напоўніла яго сэнсам і ўсклала на яго нялёгкі самаахвярны апостальскі абавязак, – 20-годдзе хіратоніі (рукапалажэння ў свяшчэннікі).

Усе гэтыя гады ён разам з намі ў Свята-Аннінскім храме, які цяпер мае статус кафедральнага сабора. Прайшло столькі гадоў, а мы не заўважаем іх, у Бога гэта як адзін дзень. Зносіны з айцом Аляксандрам лёгкія, прыемныя, камфортныя. Цягнуцца да яго людзі, многім з нас, кожнаму ў свой час, ён дапамог прыйсці да Бога. Для кагосьці было вельмі цяжка скінуць з сябе груз атэістычнага часу з аргументамі, што ў царкву ідуць толькі недалёкія па інтэлекце, неадукаваныя, «цёмныя» людзі. Гасподзь дзіўным чынам зводзіць людзей і адкрывае іх сэрцы адзін аднаму. Тыя з нас, хто з-за розных прычын – службовых абставін ці прыватных сустрэч – мелі зносіны з айцом Аляксандрам, зрабілі для сябе адкрыццё, наколькі разумны, далікатны ў выказваннях, глыбокі па ўнутраным успрыняцці ўсяго, інтэлектуальна і духоўны багаты гэты суразмоўца. І ў многіх з нас з’явіўся інтарэс да Царквы, як вернай ахоўніцы самых лепшых традыцый і нястомнай прапаведніцы Слова Божага. Малітва і наведванне храма стала неабходнай патрэбнасцю душы. І адбылося наша нараджэнне для хрысціянскага жыцця – самае важнае, што толькі магло здзейсніцца. Не бывае шчасця, калі чалавек сходзіць з тэрыторыі Бога.

У гісторыі нашага прыхода імя Аляксандра Марцінчыка назаўсёды застанецца як беражлівага ахоўніка старадаўняй царквы, пабудаванай нашымі продкамі ў далёкім 1825 годзе. За гады служэння айца Аляксандра ў храме і на прылеглай тэрыторыі праведзены важныя рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы, такі ж клопат праяўлены і аб алтары, а таксама аб старадаўніх іконах, некаторыя з якіх маюць сляды куль з часу вайны – храм ніколі за сваю гісторыю не закрываўся. Для старадаўніх ікон выраблены новыя ківоты. Немагчыма пералічыць усё, што робіцца для нашай святыні пад кіраўніцтвам айца Аляксандра. У стаўбцоўскі храм прыязджаюць многія паломнікі са сваімі просьбамі да святой праведнай Ганны, якая лічыцца прадстацельніцай перад Прастолам Божым за бяздзетныя сем’і, бо сама нарадзіла сваё святое дзіця – будучую Багародзіцу ва ўзросце, калі па чалавечых фізічных законах гэта было немагчыма. І нам прыемна чуць, як паломнікі адзначаюць незвычайную малітвенную цеплыню ў храме, захапляюцца яго адметнасцю, прыгажосцю, адмысловым парадкам.

Служэнне айца Аляксандра на нашай стаўбцоўскай зямлі звязана не толькі са Свята-Аннінскім храмам, але і з іншымі дзевятнаццаццю прыходамі ў яго высокім сане благачыннага цэркваў у нашым раёне, а таксама члена Епархіяльнага савета Маладзечанскай епархіі. Айцец Аляксандр прадстаўляе Святую Царкву ў грамадстве сваім удзелам у розных дзяржаўных мерапрыемствах. Мы ўпэўнены, верым і ведаем, што заўсёды з дапамогай Божай ён зробіць гэта прыгожа, з хрысціянскай годнасцю, з прысутным яму ўмельствам, розумам. І нам заўсёды прыемна ў лоне Царквы ўдзельнічаць у святкаванні Дня Перамогі, Дня Незалежнасці нашай краіны і ў іншых значных святах і ўрачыстасцях пад яго мудрым кіраўніцтвам. Яго асветніцкая праца і служэнне Прастолу Божаму адзначаны медалямі свяціцеля Кірыла Тураўскага і прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Жыццё свяшчэнніка –                 заўсёды пропаведзь. Мы адчуваем добры, дружалюбны фон, створаны айцом Аляксандрам вакол сябе. Ён валодае Божым дарам сагрэць усіх любоўю, і гэтай высокай хрысціянскай дабрадзейнасці ў яго хапае на ўсіх. Цягнуцца да яго людзі сагрэцца цеплынёю. Радасна і лёгка з ім маліцца, працаваць, мець зносіны, прыйсці да яго за парадай. Адыходзіш суцешаны, благаславенне свяшчэнніка дае фундамент, апору, неабходную ў вырашэнні розных жыццёвых сітуацый. Мы ўдзячны нашаму бацюшку за духоўнае акармленне нас, так важнае для кожнага хрысціяніна, таму што кароткае зямное жыццё нам дадзена для таго, каб падрыхтавацца да вечнасці. Вобразна можна сказаць, што гэта шлях на Нябёсы, даўжынёю ў чалавечае жыццё.

Добрую школу духоўнага кіраўніцтва прайшлі ў айца Аляксандра тры свяшчэннікі, якія былі рукапаложаны пасля службы ў алтары ў айца Аляксандра, двое з іх – айцец Генадзій Кійко і айцец Сергій Бегіян – служаць у стаўбцоўскім благачынні.

Айцец Аляксандр сваім асабістым жыццём паказвае нам прыклад мужнага пераадолення цяжкасцяў, ён ва ўсіх сітуацыях застаецца спакойным, пакорлівым, ахвярным. І як ён стамляецца ад напружаных клопатаў і благачыннага, якому патрэбна выконваць усе патрабаванні свяшчэннаначальства, правільна будаваць адносіны з мясцовымі ўладамі, і пастыра, які моліцца за мір ва ўсім свеце і на нашай роднай зямлі, і духаўніка, ад якога чакаюць парады яго шматлікія духоўныя дзеці, і галавы сваёй шматдзетнай сям’і, мы можам заўважыць у яго добрых, стомленых вачах. І так хочацца падтрымаць яго малітвенна, а таксама папячэннем аб уласнай душы, каб свяшчэннік бачыў плады сваёй пастырскай працы, таму што яму патрэбна будзе даць адказ перад Богам за душы сваіх духоўных дзяцей.

Дарагі айцец Аляксандр, паклон Вам нізкі ад усіх нас за Вашу прысутнасць у нашым жыцці – зямным і духоўным, за Вашу любоў, якой Вы можаце сагрэць кожнага, за хрысціянскі ідэал служэння Богу, за надзейнасць, высокі аўтарытэт у грамадстве, за духоўнае акармленне нашых зраненых грахом душ, за цярпенне кожнага з нас – такіх розных і недасканалых. Наша жыццё звязана з рознымі спакушэннямі, і так важна своечасова адчуць мудрую духоўную параду, настаўленне, сказанае з айцоўскаю любоўю. Мы ўдзячны Богу за нашага пастыра, маем надзею, што яшчэ многія гады будзем мець магчымасць звяртацца да паважанага і любімага свяшчэнніка па духоўнае кіраўніцтва, чуць яго падбадзёрваючы голас, які прапаведуе і пабуджае стойка стаяць у веры.

Віншуем Вас, айцец Аляксандр, жадаем многая лета, сіл цялесных і духоўных на пастырскае служэнне і дапамогі Божай!

З любоўю шматлікія прыхаджане кафедральнага сабора святой праведнай Ганны ў г. Стоўбцы

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

РАДАЎНІЦА

Духоўныя настаўнікі настаўлялі і настаўляюць нас у хрысціянскім разуменні канчыны – гэта вяртанне дадому з падарожжа па свеце.

«Смяротны одр ёсць камень выпрабавання мінулага жыця, чалавек адкладвае на ім тое, чым ён здаваўся, і застаецца тым, чым ён быў…», – гаворыць у адной са сваіх пропаведзяў свяціцель Філарэт (Драздоў).

Калі чалавек пражыў сваё жыццё ў любові да бліжняга, захоўваючы запаведзі Хрыстовы, ці трэба смуткаваць аб яго канчыне? Так, цяжка не смуткаваць, калі вы яго любілі, аднак думка аб тым, што спачылы пайшоў у лепшы свет, з’яўляецца суцяшальнай. Сама назва дня памінання спачылых – Радаўніца, аўторка другога тыдня пасля Пасхі, нясе ў сабе радасць. Менавіта ў гэты дзень мы павінны памінаць нашых блізкіх, якія пайшлі ад нас і чакаюць сустрэчы з намі, калі і мы пакінем гэты свет тленны.

Свяшчэннікі ў храмах не перастаюць гаварыць, што звычай наведваць могілкі ў Пасхальную нядзелю няправільны. Усю Светлую Сядміцу мы радуемся Уваскрэсенню Збавіцеля.

На Радаўніцу мы перш за ўсё павінны прыйсці ў царкву, заказаць паніхіду, памаліцца аб спасенні іх душ, а затым толькі ісці на могілкі. Прыйшоўшы да магілак сваіх блізкіх і родных, запаліце свечкі ці лампады, праспявайце пасхальны трапар, прывітайце іх: «Хрыстос Уваскрэс!». У Пасху ж Чырвоную на нябёсах лікуюць у шмат разоў больш радасна, чым у нас на зямлі.

Прыносіць на магілы пафарбаваныя яйкі і кулічы непатрэбна. Галоўным упрыгажэннем магільнага пагорка з’яўляецца праваслаўны крыж – знаменне перамогі вечнага жыцця над смерцю.

Іерэй Георгій Кур’ян,клірык кафедральнага сабора святой праведнай Ганны

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>