Сапернікі

2204c

Кожны дзень з усходам сонца прырода прапаноўвае навізну, жыццёвыя дзівосы. Толькі неабходна прытармазіць свой крок, акінуць паглядам навакольныя абсягі. Глядзі – і ў простым убачыш штосьці цікавае.

Вунь па даху гумна гуляе, па-веснавому гарэзіць пара даўгахвостых бела-шэрых плісак. Вясна і прырода паддае ім руху. У гэтай шлюбнай гульні птушкі не-не ды прабягалі і па даху аўтамабіля, што прыпаркаваны ля пабудовы. І трэба ж было адной з іх зазірнуць у бакавое люстэрка аўто. Пліска атарапела: там сядзіць сапернік, канкурэнт.

У маленькай птушынай галоўцы мільганула думка, а сэрца разгарачыла рашучасць: трэба адагнаць саперніка, не пусціць да сваёй выбранніцы. Птушка кідалася і кідалася на люстэрка. Ніколькі не перабольшу сказаўшы, што бойка з «чужаком» працягвалася цэлы дзень.

Пліска, нібы пеўнік, перабягаючы ад люстэрка да люстэрка, змагалася з нахабнікам, які ніяк не хацеў уцякаць, дражніўся, злаваў, кідаўся. Птушка нервова бегала па легкавушцы, заглядвала ў вокны, клявала шыбы, вышукваючы саперніка, з думкай накшталт «панаехалі тут».

Паназіраўшы за гэтай барацьбой некалькі гадзін, паздымаўшы ўдосталь, рашыў разрадзіць абстаноўку: абмыў аўто ад памёту, якім разнерваваная птушка за цэлы дзень яго зацухмоліла, перафарбавала з сіняга ў шэры колер, густа і старанна пазначаючы сваю тэрыторыю, чым паказала саперніку, хто тут сапраўдны ўласнік; затым схаваў машыну непадалёку на вуліцы, пад дрэвам. Але пліска і там дагнала канкурэнта. Толькі начны змрок ухіліў канфлікт.

Зранку ўсё паўтарылася. Каб утаймаваць абаронца, давялося накрыць аўто дзяругай. Але птушка, бегаючы па «верхатуры», і далей усё імкнулася заглянуць пад матэрыял, высачыць схаванага канкурэнта.

Барацьба птушкі з «чужаком» працягваецца: няўрымслівая пліска ўжо стала чакаць аўтамабіль. Толькі пад’едзеш, яшчэ за рулём, а птушка ўжо дзяўбе ў бакавую шыбіну, нібы вітаючыся, імкнецца хутчэй заглянуць у люстэрка.Чым усё закончыцца ў рэшце рэшт, пакуль сказаць немагчыма. Інтрыгуючая гісторыя працягваецца.

Васіль ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>