Сезон адпачынку

З ПАЗНАВАЛЬНЫМ ІНТАРЭСАМ

Не так шмат часу засталося да завяршэння навучальнага года. А там пачынаецца пара летніх канікулаў для дзяцей і адпачынку для настаўнікаў.

Не з’яўляецца сакрэтам, што настаўніцкая праца нялёгкая, яна патрабуе максімальнай затраты як фізічных, так і маральных сіл, якія штогод патрабуюць свайго аднаўлення. Зразумела, што наша школа сельская, і ў кожнага вясковага настаўніка ў летні час нямала клопатаў, звязаных з дамашняй гаспадаркай. Тым не менш, у канцы кожнага навучальнага года прафкам сумесна з кіраўніцтвам школы складаюць план летняга адпачынку і аздараўлення работнікаў установы адукацыі.

Апошнім часам работнікі школы шмат дзе пабывалі: наведалі Мірскі і Нясвіжскі замкі, аграсядзібу «Дудуткі», святыні Жыровіцкага манастыра і Сынкавічскую царкву, Нацыянальную бібліятэку, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, тэатры і канцэртныя залы г. Мінска. І хаця педагагічны калектыў нашай установы не такі малады, кожны з разуменнем адносіцца да падобных прапаноў, улічваючы як іх пазнавальны інтарэс, так і аздараўленчы патэнцыял кожнага мерапрыемства.

Сваю культурна-аздараўленчую праграму бягучага года пачынаем ажыццяўляць ужо на веснавых канікулах: у Палацы прафсаюзаў наведаем мюзікл Генадзія Гладкова «Сватовство гусара», а ў тэатры музкамедыі будзем глядзець спектакль «Джэйн Эйр».

Сёлета спаўняецца 135 гадоў нашаму славутаму земляку Якубу Коласу. У летні час мяркуем арганізаваць паездку па Коласавых мясцінах, наведаць Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольню, Мікалаеўшчыну, дзе паэт нарадзіўся, дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады.

Шматгадовы вопыт паказвае, што падобныя мерапрыемствы важную ролю адыгрываюць у згуртаванасці працоўнага калектыву, пастаяннай скіраванасці яго на паспяховае вырашэнне самых складаных і адказных задач вучэбна-выхаваўчага характару.

Леакадзія КАРОТКАЯ,старшыня прафкама Дзераўнянскай СШ

 

РЫХТАВАЦЦА ЛЕПШ НА БЕРАЗЕ

Адна з актуальных задач раённай арганізацыі АСВОД – навучанне школьнікаў плаванню, спосабам выратавання на вадзе і аказання пярвічнай медыцынскай дапамогі. На парадку дня і яшчэ адна задача – сезонная, але не менш важная, – падрыхтоўка зонаў масавага адпачынку ля вады.  

Па традыцыі, у перыяд падрыхтоўкі да новага купальнага сезона праходзіць на Стаўбцоўшчыне справаздачны сход раённай арганізацыі АСВОД. Па выніках работы за 2016 год яна заняла другое месца ў Мінскай вобласці. Быць у ліку прызёраў – такая дынаміка яе дзейнасці на працягу апошніх гадоў. На сходзе вядучы спецыяліст абласнога савета АСВОД Міхаіл Фралоў прадэманстраваў выніковую ведамасць значных памераў, якая складаецца з чатырох дзясяткаў пазіцый, і дадаў да сухіх паказчыкаў: «Ваша арганізацыя – баявая, працуюць у ёй нераўнадушныя людзі. У Беларусі ж сёлета адзначаецца юбілейная дата – 145-годдзе з дня заснавання АСВОД».

Дабіцца поспеху ўдалося агульнымі сіламі, у тым ліку тых прадпрыемстваў раёна, якія прыклалі немалыя намаганні, каб стварыць бяспечныя і камфортныя ўмовы на сямі зонах масавага адпачынку ля вады. Сярод іх – аб’яднанне камунальных службаў, турбаза «Высокі бераг», Стаўбцоўскі лясгас, ААТ «Жацерава», ТАА «Рудзьмянская гаспадарка». Дзейнічаюць два дзяржаўныя і два ведамасныя выратавальныя пасты, аснашчаныя ўсім неабходным для выратавання людзей. За плённы асабісты ўклад у добраўпарадкаванне двух пляжаў у рысе горада ўзнагароджаны граматай галоўны інжынер АКС Алег Кухарчык. Па выніках 2016 года сярод школ, дзе дзейнічаюць 47 пярвічных арганізацый АСВОД, першае месца прысуджана гімназіі № 1, другое – Засульскай школе, трэцяе – Дзераўнянскай.

Статыстыка пацвярджае, што на Стаўбцоўшчыне год ад году змяншаецца колькасць ахвяр вады. Летась утапіліся адзін жыхар раёна (у 2015-м – два, у 2014-м – пяць) і трое прыезджых грамадзян. На Міншчыне ўтапіліся 77 чалавек, пяцёра з іх – непаўналетнія. На жаль, сустракаюцца выпадкі, калі людзі гінуць дома – пры купанні ў ванне, падзенні ў калодзеж. Каля 70 працэнтаў трагедый на вадзе адбываецца з людзьмі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. У пэўнай меры гэта сведчанне недахопу асветніцкай работы сярод насельніцтва.

– Да яе варта падключыць усе грамадскія арганізацыі, узяць на ўзбраенне ўсе магчымыя сродкі, у тым ліку уплываць на моладзь праз сацыяльныя сеткі, – падкрэсліў у сваёй справаздачы старшыня раённай арганізацыі АСВОД Іван Шчарбанюк. – Дэвіз «асводаўцаў» сімвалічны: працаваць лепш на сушы, на беразе, чым у вадзе, – гаворыць выступоўца.  

Зоны масавага адпачынку адносяцца да грамадскіх месцаў, і ў сезон правілы паводзін ля вады кантралююцца падчас сумесных рэйдаў з міліцыяй. Парушальнікам пагражае штраф – да 10-ці базавых велічынь. Да трагедый на вадзе прыводзіць не толькі алкаголь, а і купанне ў забароненых месцах – кар’ерах, меліярацыйных каналах, супрацьпажарных вадаёмах. Да небяспечных месцаў адносіцца і рака Нёман, іншыя вадаёмы на тэрыторыі раёна (акрамя афіцыйна ўстаноўленых зонаў масавага адпачынку ля вады), дзе дно не абследавана, могуць быць абрывы і т. п. Уласнікам гэтых водных аб’ектаў, сельвыканкамам пастаўлена задача – устанавіць побач спецыяльныя таблічкі: «Небяспечнае месца. Купанне забаронена». Прычым, як звярнуў увагу намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, таблічкі неабходны металічныя, антывандальныя. За купанне ў неўстаноўленых месцах таксама прадугледжаны штраф – да трох базавых велічынь.

У перыяд падрыхтоўкі зон масавага адпачынку ля вады да чарговага сезона праводзяцца іх камісійныя агляды спецыялістамі АСВОД, санітарнай службы, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Патрабаванні адносна іх добраўпарадкавання, своечасовай уборкі давяла прысутным урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык.

– Рыхтаваць зоны адпачынку трэба ў адпаведнасці з усімі правіламі аховы жыцця на вадзе, каб не ўзнікла пытанняў і з боку пракуратуры, – унёс дапаўненне з улікам леташняга вопыту Сяргей Шэсцель.

У пытаннях прафілактычнай дзейнасці асноўны ўпор зроблены на работу з дзецьмі, у прыватнасці на актывізацыю навучання плаванню. «Належная матэрыяльная база для гэтага ў Стоўбцах ёсць – фізкультурна-аздараўленчы комплекс», – адзначыў і дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Раман Кузняцоў. На пачатку 2017 года на базе ФАКа пад эгідай райаддзела па надзвычайных сітуацыях, АСВОД і раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму ўжо прайшлі першыя раённыя спаборніцтвы сярод школьнікаў па плаванні і выратаванні людзей. Прагучала прапанова практыкаваць правядзенне ў басейне ўрокаў фізкультуры. У зале ўзнікла бурная дыскусія, звязаная з тым, што ў рэспубліцы плаванне пакуль не ўнесена ў школьную праграму, застаецца адкрытым і юрыдычны аспект, а менавіта кваліфікацыя і адказнасць настаўніка фізкультуры за жыццё і здароўе дзяцей пры навучанні іх плаванню. У супрацоўніцтве і з улікам зацікаўленасці, долі здаровай рызыкі пытанні гэтыя будуць прапрацоўвацца на ўзроўні раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>