У чужой зямлі ляжыць салдат…

0605c

Доўгая дарога да бацькі

Алена Мамонька не памятае свайго бацьку. У 1944-м з Жыгалак ён пайшоў на фронт і не вярнуўся. Мама, пакуль была жывая, перадавала ёй падрабязнасці развітання: «Бацька нёс цябе, трохгадовую, на руках і прасіў прайсці з ім яшчэ… Ты яму шчабятала: «Не хачу, каб тата ішоў на вайну». А ён суцяшаў цябе: «Леначка, я куплю табе сукеначку». Ты згаджалася: «Толькі ў вішанькі».

Прыгожы сімвал дзяцінства, падараваны бацькам, жыве ў яе сэрцы і сёння. Успамін аб ім сагравае і суцяшае. У руках яна трымае выцвіўшае ад часу паведамленне-пахавальную. «Чырвонаармеец Мамонька С. А., 1914 года нараджэння, быў прызваны 19 верасня 1944 года Стаўбцоўскім райваенкаматам Баранавіцкай вобласці, служыў у 12-й інжынерна-сапёрнай Мелітопальскай брыгадзе. Загінуў у баі 11 красавіка 1945 года».  

Але дзе ён пахаваны, доўгія дзесяцігоддзі дачцэ ніхто не мог сказаць. Час усё больш аддаляў, прытупляў гісторыю вайны. Ды толькі не для Алены Сяргееўны, дачкі франтавіка! Яна не здавалася. У яе сэрцы засела апошняя перад адыходам у вечнасць матуліна мальба: «З’ездзі, дачушка, на магілу бацькі. Хоць пакланіся той зямлі, калі няма магілы…»

Матулін наказ «з’ездзі, дачушка» сапраўды спраўдзіўся, бо Алена Сяргееўна вяла нястомныя пошукі, не скарылася ніякім перашкодам і, галоўнае, не губляла веры. Яе дарога да бацькі аказалася надзвычай пакутлівай і доўгай – праз 66 гадоў пасля Перамогі!

Так, толькі ў 2011 годзе Алене Мамонька пашчасціла атрымаць з райваенкамата доўгачаканую вестку аб тым, дзе пахаваны бацька. Ёй моцна дапамог тадышні ваенны камісар Вячаслаў Воранаў. З «Раздруковак на загінуўшых пры выкананні воінскага доўгу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.» стала вядома, што пахаваны бацька ў Аўстрыі, у Вене.

З гэтай даведкай Алена Мамонька кінулася ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Дзесьці праз месяц адтуль прыйшоў адказ: «Па паведамленні Чырвонага Крыжа Аўстрыі ваш бацька, малодшы капрал Мамонька быў пахаваны ў г. Вена на Wiener Zentralfriedhof».

У гэты момант яе шчасцю не было межаў.

Ужо летам 2011 года Алена Сяргееўна, сабраўшы свае сціплыя зберажэнні з пенсіі (дарэчы, з усіх клопатаў перад замежнай паездкай самым цяжкім на той час аказалася набыццё еўра), адправілася на сустрэчу з бацькам. Суткі ехала ў поездзе, а калі сышла, не магла не расплакацца ў чужой незнаёмай краіне. Упершыню яна прывезла сюды, дзе спяць вечным сном салдаты Вялікай Айчыннай, жменьку роднай зямлі. І, зразумела, свой паклон да зямлі і ўдзячнасць.  

Вена стала блізкай

Праз пяць гадоў, у кастрычніку 2016 года, адбылася яшчэ адна паездка Алены Мамонька на ваенныя могілкі ў Вену. На гэты раз яна набыла тыднёвы тур па гарадах Еўропы.

– Усё было добра, але, на жаль, у Вене мы пабылі ўсяго паўдня, – расказвае Алена Сяргееўна. – Калі дасць Бог здароўя, збяру капеечку і праз пяць гадоў паеду ізноў,– дзеліцца яна сваімі планамі. – У апошні раз на могілках Wiener Zentralfriedhof якраз вялася рэканструкцыя. Цікава паглядзець, што зменіцца пасля яе. А яшчэ ёсць жаданне пабываць у Венскай оперы, музеях…

Вена з яе шматлікімі славутасцямі стала як ніколі блізкай для Алены Сяргееўны. Яна набыла там кнігі пра гэты горад-помнік. У першую чаргу паказвае манумент воінам Чырвонай Арміі ў цэнтры, на плошчы Шварцэнберг. На ім увекавечаны загад І. В. Сталіна са знакамітым заклікам – «Смерць нямецкім фашыстам!». Алена Мамонька заўважае: «Збераглі Радзіму і іншым краінам дапамаглі вызваліцца ад фашызму. Мой бацька загінуў 11 красавіка, а 13 красавіка Вена была ўзята нашымі войскамі… У Маскве ў гонар гэтай падзеі прагучаў салют». Пашана воінам – за іх гераічны баявы шлях. Турысты з усяго свету чытаюць назвы нашых, рускіх гарадоў: «От стен Сталинграда вы к Вене пришли…»

На фота і ваенныя могілкі Wiener Zentralfriedhof. «Паўсюдна – аднолькавыя невысокія помнікі, якія стаяць роўнымі радамі, нібыта салдаты. Строгасць і цішыня здаюцца ўрачыстымі, – эмацыянальна перадае свае ўражанні Алена Мамонька. – І немагчыма стрымаць слёз, калі чытаеш на ўваходзе на мемарыяльнай дошцы: «Как тяжело лежать в сырой земле солдату и слышать над собой чужую речь». Тут амаль на кожным кроку словы ўдзячнасці салдатам, якія засталіся ляжаць у чужой зямлі. «Родина вам благодарна», «Родина вас не забудет» і т. п. Ганаруся подзвігам свайго бацькі».

Памяці Сяргея Мамонькі

Алена Мамонька ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню людзям, вяла іх за сабой (працавала інструктарам райкама партыі, сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса імя Леніна). Яе «баявы» характар – ад нялёгкага жыцця. У юнацтве дзяўчыне прыйшлося бегаць не на спатканні, а на другую змену на мясакамбінат. Дапамагала будаваць хату матулі-ўдаве. На гэты конт яна заўважае: «З нашага роду Янскіх з вайны не вярнуліся чацвёра мужчын… У вёсцы мы з братам былі Паўлініны дзеці, бо раслі без бацькі».

У фотаальбоме Алена Сяргееўна размясціла побач партрэты матулі Паўліны і таты Сяргея. Абое – маладыя, прыгожыя. Пад фота подпіс: «Дзякуй за жыццё».

У мінулым годзе напярэдадні Дня Перамогі Алену Мамонька запрасілі на ўрок памяці ў СШ № 2 г. Стоўбцы. Вучням яна расказала пра свайго бацьку, пра тое, як ездзіла ў Вену. Пасля той сустрэчы адна з вучаніц, Весна Рачок, напісала верш «Сузор’е памяці» і прысвяціла яго памяці Сяргея Мамонькі. Мая суразмоўца працягвае гэты верш і прызнаецца: «Мяне вельмі кранула, што лёс майго бацькі ўразіў сучасных школьнікаў».

У школе № 2 Алена Мамонька на працягу апошніх дзесяці гадоў шчыруе дворнікам. Наводзіць вакол школы чысціню, парадак. Не адыходзіцца ад яе верны чацвераногі Пірат, былы бяздомнік. Работа ў іх нялёгкая, асабліва з улікам шаноўнага ўзросту гаспадыні. Яна адкладвае кожны рубель для таго, каб з’ездзіць у Вену, на чарговае спатканне з бацькам.

НА ЗДЫМКАХ: стаўбчанка Алена Мамонька ганарыцца сваім бацькам; манумент воінам Чырвонай Арміі ў цэнтры Вены; ваенныя могілкі Wiener Zentralfriedhof, на якіх пахаваны Аленін бацька.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>