Несла радасць у дамы

1305x

Сярод нас ёсць людзі, па працоўнай біяграфіі якіх можна пісаць гісторыю нашага горада. Як Любоў Марцінаўна Манцывода. Яна працавала ў медыцыне тады, калі стацыянарныя аддзяленні былі ў былым будынку стаматалагічнай паліклінікі (цяпер ён абсталяваны пад сямейны інтэрнат для медыкаў), і калі раддом знаходзіўся ў цяперашнім будынку цэнтральнай аптэкі № 7.

Стаж акушэркі Любові Манцывода складае 37 гадоў, а ўвесь медстаж – 43 гады. Яна даўно ўжо на заслужаным адпачынку. Любоў Марцінаўна гаворыць, што яна рэдка цяпер выходзіць у горад, аб ёй клапоцяцца яе дзеці і ўнукі, дастаўляцюь прадукты. Аднак калі выходзіць, ёй вельмі прыемна, што яе пазнаюць жанчыны, у якіх яна некалі прымала роды, абдымаюць, успамінаюць. Мы пацвярджаем, што выглядае яна на свой узрост вельмі прыгожа. Заслухоўваемся яе ўспамінамі.

Родам Любоў Марцінаўна з Заямнага. Яна была апошнім, сёмым, дзіцем у сям’і, і нарадзіла яе маці ў 49 гадоў. Акрамя яе, выпускніцы Баранавіцкага фельчарска-акушэрскага тэхнікума ў першыя пасляваенныя гады, прафесіі медыка прысвяціў сябе і яе брат Марцін. Ён быў вядомым хірургам на Украіне, кандыдатам медыцынскіх навук.

Медыцынская практыка Любові Марцінаўны была звязана з нашым раёнам. Яна прыступіла да працы медыцынскай сястрой адразу чатырох стацыянарных аддзяленняў: хірургічнага, гінекалагічнага, педыятрычнага, тэрапеўтычнага. Памятае прозвішчы ўсіх урачоў, з якімі яна працавала, была з імі на абходзе, выконвала назначэнні. Шэсць гадоў медсястра адпрацавала на гэтай пасадзе. Затым акушэрка радзільнага аддзялення Ніна Чаркасава выйшла замуж і паехала ў Маскву. Любові Марцінаўне прапанавалі прайсці акушэрскія курсы, пераатэстацыю і адправілі ў Мінск на павышэнне кваліфікацыі. І яна прыступіла да работы ў радзільным аддзяленні. З вуліцы Гайдука аддзяленне пераехала потым у райбальніцу. Любоў Марцінаўна расказвае, што ў пасляваенныя гады нараджальнасць у раёне была высокай, у суткі прымала па трое-чацвёра родаў. У выхадныя дні акушэрка заставалася без урача, доктара выклікалі толькі пры складанай паталогіі. У сваёй акушэрскай практыцы Любоў Марцінаўна прыняла дзве тройні, а двойняў і палічыць немагчыма. Гаворыць, што яна сачыла, як узгадоўваліся гэтыя дзеткі-трайняткі. Нарадзіліся яны малою вагою. Кювезаў, рэанімацыі на той час не было. Медыкі сумелі іх выхадзіць. У простай аснашчанасці радзільнага аддзялення акушэрка паспяхова прымала роды, без урача, дзеткі нараджаліся на свет здаровыя, агорнутыя клопатам медыкаў былі і жанчыны. Любоў Марцінаўна гаворыць, што заўсёды вельмі любіла сваю прафесію, таму што адчувала, што прыносіць у дамы стаўбчан і жыхароў раёна радасць. Цяжка злічыць, колькім дзецям яна дапамагла з’явіцца на свет, гаворыць што ў раёне ў яе шмат унукаў. Кроўных у яе чацвёра і трое праўнукаў.

Успаміны Любові Марцінаўны вяртаюць нас у той далёкі час, калі многае з яе аповеду нам здаецца нейкай легендай. Напрыклад, такое – медыкі аказвалі дапамогу калгасам, выходзілі ў поле і жалі сярпамі жыта. Потым сноп новага ўраджаю прыносілі ў кабінет галоўнага ўрача, былі дажынкі. Панавала вельмі даверлівая, добразычлівая, паважлівая адзін да аднаго абстаноўка ў калектыве. І гэты мірны спакойны дух дапамагаў працаваць без стрэсаў, усе сілы аддаваць бездакорнаму выкананню сваіх абавязкаў. Любоў Марцінаўна актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, абараняла гонар сваёй бальніцы на абласных конкурсах. Гэтыя ўспаміны ёй вельмі прыемныя. І за грамадскую работу, і за асноўную на медыцынскім пасту яе неаднаразова ўзнагароджвалі, яна была паважанай, мела высокі аўтарытэт.

Заўсёды прыемна бачыць, калі дзеці і ўнукі клапоцяцца пра старэйшых членаў свайго роду. Любоў Марцінаўна гаворыць, што сын з Мінска ёй талефануе кожны дзень. Другі яе сын удзельнічаў у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, па стане здароўя ён рана пайшоў з жыцця. Для мацярынскага сэрца гэта вялікая туга. І слуцкія, і мінскія ўнукі спяшаюцца да бабулі: сустрэцца, дапамагчы, паслухаць яе – такую разумную, прыгожую, мудрую. Ужо паспелі ёй пасадзіць агарод, будуць даглядаць яго. Такі клопат дае сілы пажылому чалавеку.

У цэнтральнай раённай бальніцы таксама памятаюць такіх сумленных працаўнікоў, хто аддаў дзесяцігоддзі свайго прафесійнага жыцця служэнню людзям. Менавіта па просьбе медработнікаў мы і наведаліся да Любові Марцінаўны з нагоды Дня медыцынскай сястры, які адзначаецца 12 мая.  

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>