Новы падыход

1705c

1705d

ТАНДЭМ «БЫТОЎКІ» І «СВІТАНКА»

Тандэм «бытоўкі» і «Світанка» прадугледжвае гандаль і вытворчасць пад адным дахам, а разам з вытворчасцю – стварэнне новых рабочых месцаў.

Прадпрыемства «Світанак», якому больш за 40 гадоў, выпускае штомесяц 1,2 мільёна вырабаў, каля адной трэцяй іх экспартуецца ў краіны ЕАЭС, Еўрасаюза, Балтыі. Распрацоўваюцца і выпускаюцца чатыры сезонныя калекцыі – вясна, лета, восень і зіма. Кожная з іх уключае да 350-400 мадэляў.

У 2016 годзе прадукцыя «Світанка» прызнана пераможцай конкурсу «Народная марка» ў намінацыі «Трыкатажныя вырабы», адзначана на конкурсах «Брэнд года» і «Маладзёжны брэнд».

Напярэдадні Дня Перамогі стаўбчане сталі сведкамі адметнай падзеі – адкрыцця ў самым цэнтры горада, на базе атэлье раённага камбіната бытавога абслугоўвання, фірменнага магазіна «Світанак» .

Гэты брэнд добра вядомы ў нашай краіне і за яе межамі, трыкатажныя вырабы ААТ » Світанак» г. Жодзіна з задавальненнем носяць дзеці і моладзь, пажылыя людзі. Цікаўнасць пакупнікоў да іх засведчыў і першы дзень работы новага магазіна. Удзел у яго адкрыцці ўзяў і дырэктар ААТ «Світанак» Юрый Лукашэвіч. Да таго, як урачыста была перарэзана сімвалічная чырвоная стужачка на ўваходзе ў магазін (дарэчы, для прадпрыемства ён 59-ы ў рэспубліцы), пакупнікоў віталі канцэртам артысты мастацкай самадзейнасці прадпрыемства.

Новы магазін, адкрыты на партнёрскіх пачатках «Світанкам» і раённым камбіната бытавога абслугоўвання, – гэта яшчэ і эксперыментальны праект. «Для нас ён мае вялікае значэнне, – падкрэсліла дырэктар РКБА Святлана Янушкевіч. – Дзякуючы гэтаму праекту на камбінаце з’явіцца дадатковая вытворчасць, павінна вырасці выручка, заработная плата. З улікам таго, што ў нас шчыруе вопытны і працавіты калектыў, усё задуманае – здзейсніцца».    

У тым, што на камбінаце ёсць усе ўмовы для стварэння дадатковай вытворчасці, перакананы і Юрый Лукашэвіч. Акрамя таго, ён запрасіў выпускнікоў школ раёна прайсці навучанне на іх прадпрыемстве ў Жодзіне каб потым вярнуцца працаваць у свой раён, менавіта на гэтую дадатковую вытворчасць. Маладым важна зразумець, што прафесія швачкі – сучасная і запатрабаваная, з ёю ў іх будзе магчымасць для далейшага прафесійнага росту.

Пакуль у магазіне пакупнікі рабілі першыя пакупкі (а яны ва ўсе перадсвяточныя дні яшчэ і выгадныя, са скідкай 20 працэнтаў), мы цікавімся ў Юрыя Лукашэвіча пра асаблівасці супрацоўніцтва «Світанка» са Стаўбцоўскім раённым камбінатам бытавога абслугоўвання.

– Стаўбцоўскім «бытавікам» мы прапануем выконваць паслугу па вытворчасці нашага заказу. Гэта такі своеасаблівы эксперымент, – падкрэслівае Юрый Лукашэвіч. – Для камбіната мы выдзелілі таварны крэдыт – каля 100 тысяч рублёў. Яны ўкладзены ў тавар, сыравіну для вытворчасці. Будзем думаць і пра інвестыцыі ў абсталяванне для новай вытворчасці, таму што на камбінаце сёння ажыццяўляецца выраб самых простых рэчаў, – да прыкладу, пасцельнай бялізны. Думаю, што ў бліжэйшы час тут будуць выпускаць тыя трыкатажныя вырабы, што прадаюцца ў нашым магазіне. Змяняльнасць асартыменту на «Світанку» складае да 50 працэнтаў у месяц. Усе нюансы нашага супрацоўніцтва будзем абмяркоўваць са сваім партнёрам.

– Ці правільна я зразумела: нашы швачкі будуць шыць прадукцыю брэнда «Світанак»?

– Будзем прывозіць гатовы крой, і яны будуць выконваць заказы менавіта на тую прадукцыю, якая знойдзе пакупніка ў гэтым магазіне. Разлічваем, што гэтая паслуга будзе каштаваць не менш за 20 тысяч – 30 тысяч рублёў у месяц. Прыкладна такая ж выручка павінна быць кожны месяц і ў магазіне. Для камбіната бытавога абслугоўвання гэта будуць дадаткова заробленыя сродкі. Акрамя таго, на працягу бягучага года вытворчасць дазволіць стварыць 20-30 новых рабочых месцаў.

– Карыстаючыся выпадкам, не магу не пацікавіцца лёсам магазіна «Світанак», раней адкрытага ў нашым горадзе райспажыўтаварыствам.

– Гэта залежыць ад райспажыўтаварыства. Мы не супраць, каб працаваў і гэты магазін у вашым горадзе. Неабходна разлічвацца кожны месяц з вытворцам за прададзены тавар і папаўняць магазін новым асартыментам. Калі такое ёсць, магазін жыве. Вельмі важна адкрытасць і празрыстасць у адносінах, давер.

– Сёння ў магазіне шмат пакупнікоў. І выбар такі, што вочы разбягаюцца.

– Спадзяюся, што так будзе і далей. Як мінімум двойчы на месяц мы павінны прывозіць сюды новы асартымент. Плошча магазіна невялікая, але ў ім выдзелены зоны. Тавары для дзяўчынак, для хлопчыкаў, для маладых людзей, для жанчын… Сістэма скідак – пастаянная. Ды і цану мы стараемся не павялічваць. Пакупнікоў неабходна ўвесь час здзіўляць, прывабліваць.

Не было канца здзіўленню і намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Пашкевіч, якая ў гандлёвых радах магазіна ўбачыла футболкі з надпісамі «Стоўбцы» і «Мой родны кут, як ты мне мілы!..» Гэта арыгінальны падарунак стаўбчанам ад «Світанка» да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, якое адзначаецца сёлета, і знак павагі да родных мясцін песняра і тых людзей, якія жывуць і працуюць у Коласавым краі.

– Прадукцыя «Світанка» – цікавая, модная і якасная – сведчыць пра тое, што прадпрыемства развіваецца, ідзе на крок наперад, – выказала сваю думку Ірына Пашкевіч. Дырэктар «Світанка» пацвердзіў гатоўнасць яго мастакоў і дызайнераў увасабляць пажаданні пакупнікоў.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

У РУКАХ КАМУНАЛЬНІКАЎ – КАЛЬКУЛЯТАР

Стаўбцоўскае аб’яднанне камунальных службаў ушчыльную працуе над тым, каб у недалёкім будучым наладзіць вытворчасць уласнага цяпла і такім чынам пакідаць у раёне сотні тысяч рублёў.

Чарговы ацяпляльны сезон прыйшоў да свайго фіналу. У цэлым ён быў спакойным, без сур’ёзных аварый і пазаштатных сітуацый. Камунальнікі падводзяць прамежкавыя вынікі, думаюць пра перспектыву. Атрымліваецца, што разам з веснавым характарам надвор’я ўзнімаецца і «градус» вакол эканамічнай складаемай ацяпляльнага сезона 2016-2017 гадоў. Вынікі «бухгалтэрыі» цеплазабеспячэння жыхароў раёна прымушаюць ісці на рэалізацыю амбіцыйных планаў.

Аб гэтым – дырэктар УП «Стаўбцоўскае АКС» Дзмітрый МУРЫН.

– Дзмітрый Яраслававіч, у сістэме ЖКГ вы не навічок, ды і ў стаўбцоўскім камунгасе адпрацавалі шмат гадоў галоўным інжынерам. Будучы на дырэктарскай пасадзе, літаральна з першых дзён у полі вашага зроку аказалася цеплазабеспячэнне райцэнтра. Чаму?

– Відавочна, што Стоўбцам патрэбна ўласная кацельня. Сёння горад фактычна купляе цяпло ў Мінскага маторнага завода, якому дзяржава прадае прыродны газ як прамысловаму прадпрыемству, па адпаведных расцэнках. Гэта адна з праблем. Другая – састарэлае тэхналагічнае абсталяванне, значная аддаленасць (каля двух кіламетраў) ведамаснай кацельні ад горада, што патрабуе дадатковых выдаткаў электраэнергіі. Усё гэта выліваецца ў сотні тысяч рублёў, што не можа задавальняць ні наша прадпрыемства, ні раённы выканаўчы камітэт. У сувязі з гэтым мы падалі заяўку на ўдзел у дзяржаўнай праграме «Торф» – з мэтай будаўніцтва ў горадзе ўласнай кацельні на мясцовых відах паліва.

– Якія канкрэтна мясцовыя віды паліва вы маеце на ўвазе?

– Фрэзерны торф. На тэрыторыі раёна ёсць ААТ «ТБЗ Нёман», якое займаецца яго распрацоўкай. Разведаных запасаў торфу дастаткова для работы гарадской кацельні на бліжэйшыя дзесяць гадоў, перспектыўных запасаў – яшчэ на 20 гадоў. Акрамя таго, у блізкім суседстве знаходзіцца і старобінскі філіял торфабрыкетнага завода «Нясвіжскі». Так званае «плячо» дастаўкі фрэзернага торфу з яго –26 км, што ў любым выпадку эканамічна выгадна.

Са сваім праектам мы ўключаны ў тэндарны спіс на 2018 год. Пры паспяховым праходжанні тэндара рэалізацыя праекта будзе ажыццяўляцца за сродкі інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі рэспублікі (на 60 працэнтаў) і аблвыканкама (на 40 працэнтаў).      

– Раскажыце больш падрабязна пра эканамічныя абгрунтаванні для ўвасаблення праекта па будаўніцтве ў Стоўбцах кацельні на мясцовых відах паліва?

– Сярэдняя цана гігакалорыі цяпла, атрыманай на фрэзерным торфе, – прыкладна 40 рублёў. Для параўнання, на філіяле маторнага завода кошт гігакалорыі складае 136 рублёў. Нарматыўнымі дакументамі прадугледжана, што планава-разліковая гранічная адпускная цана адной гігакалорыі – 114 рублёў. Вось і лічыце розніцу. На патрэбы горада ў сярэднім у месяц у зімовы перыяд ідзе 8,5 тысячы гігакалорый. Значыць ёсць магчымасць кожны месяц пакідаць у раёне больш за 600 тысяч рублёў, не кажучы пра дзяржаўныя субсідыі, якія сёння напрамую накіроўваюцца на Мінскі маторны завод. Пакуль мы падлічваем свае даўгі.

– Юрыдычныя асобы не спяшаюцца разлічвацца за «дарагое» цяпло?

– Асноўнымі спажыўцамі нашых паслуг з’яўляюцца бюджэтныя арганізацыі. На даны момант дэбіторская запазычанасць дасягнула 1,3 мільёна рублёў. Неплацяжы не даюць прадпрыемству развівацца, хоць па выніках 2016 года выкананы ўсе планавыя тэхнічныя і эканамічныя паказчыкі. Як арганізацыі-пастаўшчыку, нам прыходзіцца разлічвацца і за страты цяпла ў трубах, а яны ў раёне пакуль перавышаюць устаноўленую норму на 2,3 працэнта. Шукаем спосабы іх змяншэння. У першую чаргу, займаемся абнаўленнем цеплатрас (гэтая работа ўжо ажыццёўлена прыкладна на 70 працэнтаў), помпавага абсталявання.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>