Паўстагоддзя – надзейна на службе святла

АД ПАКАЛЕННЯ ДА ПАКАЛЕННЯ

2005g

17-га мая філіял «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» адзначыў 50-гадовы юбілей.

Гісторыя Стаўбцоўскіх электрасетак перасягнула паўвекавы рубеж. Яна – чарговы этап развіцця энергетыкі Міншчыны. Мы адказваем за бесперабойнае электразабеспячэнне спажыўцоў пяці адміністрацыйных раёнаў: Дзяржынскага, Уздзенскага, Стаўбцоўскага, Нясвіжскага і Клецкага, на тэрыторыі з агульнай плошчай 6,08 тысячы км2.

Стаўбцоўскія электрасеткі дынамічна развіваюцца з году ў год. Кожны з іх знамянальны сваімі дасягненнямі, укараненнем новага, прагрэсіўнага. Галоўным дасягненнем лічу фарміраванне згуртаванага прафесійнага калектыву, з высокай планкай маральна-этычных якасцяў і дзелавой рэпутацыяй.

Асаблівай удзячнасці заслугоўваюць нашы ветэраны – людзі з шырокім кругаглядам і незвычайным прадбачаннем будучага, здольныя, калі трэба было, працаваць суткамі, выходзіць на працу па першым трывожным сігнале. Яны заклалі традыцыі і стандарты работы калектыву, якія сёння дазваляюць нам рухацца наперад і паспяхова спраўляцца з актуальнымі задачамі, адпавядаць сучасным патрабаванням.

Так, стаўбцоўскім энергетыкам неабходна да 2019 года ажыццявіць рэканструкцыю падстанцыі 220 кВ «Стоўбцы» з пераводам яе на напружанне 330 кВ. Гэта задача, выкліканая будаўніцтвам у Беларусі Астравецкай АЭС, сапраўды дзяржаўнага маштабу.

З нагоды 50-гадовага юбілею выказваю ўдзячнасць усім пакаленням работнікаў Стаўбцоўскіх электрасетак за адданасць любімай справе, высокі прафесіяналізм. Кожнаму з вас і вашым блізкім – моцнага здароўя, аптымізму, асабістага шчасця!

Уладзімір РУБЛЕЎСКІ, дырэктар філіяла «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга»

 

УЧОРА. СЁННЯ. ЗАЎТРА

Згодна з гістарычнымі дакументамі першае выкарыстанне электраэнергіі на Стаўбцоўшчыне адносіцца да 1914 года – ад прыватнай электрастанцыі магутнасцю 5 кВт было арганізавана электразабеспячэнне лесапільнага завода, млына і бліжэйшых дамоў.

Вялікая энергетыка прыйшла на тэрыторыю Стаўбцоўскіх электрасетак у 1957 годзе пасля будаўніцтва падстанцыі 110/35/10 кВ «Клецк». У снежні 1962 года былі ўтвораны Мінскія абласныя электрычныя сеткі (РЭУ «Мінскэнерга»), і ў іх састаў таксама былі далучаны Дзяржынскі, Стаўбцоўскі і Нясвіжскі электрасеткавыя ўчасткі.

17 мая1967 года загадам РЭУ «Мінскэнерга» № 52 было адасоблена Стаўбцоўскае прадпрыемства электрычных сетак. У яго састаў увайшлі Стаўбцоўскі, Дзяржынскі, Клецкі, Нясвіжскі і Уздзенскі электрасеткавыя раёны. Дырэктарам прадпрыемства быў прызначаны Пучко Л. Д., якога ў 1968 годзе змяніў Більдзюг Л. Н. (да гэтага – начальнік службы рэлейнай аховы Маладзечанскага ПЭС), галоўным інжынерам – Дзялендзік М. М.

Першапачаткова Стаўбцоўскія ЭС не мелі ўласнай вытворчай базы, а размяшчаліся на плошчах былой дызельнай электрастанцыі ў аднапавярховым будынку Стаўбцоўскага РЭС. Адразу было пачата яе праектаванне і будаўніцтва адміністрацыйнага корпуса, якое завяршылася ў 1974 годзе.

Ва ўмовах недахопу тэхнікі персанал раёнаў электрасетак парою ўручную мяняў у год больш за 2,5 тысячы апораў на ВЛ 0,4 — 10 кВ, падрадным і гаспадарчым спосабам рэканструяваў і будаваў 300-400 км сетак 0,4 кВ у год. У 1976 годзе ўсе ВЛ напружаннем 35 кВ і вышэй былі пераведзены на бетонныя апоры.

Сёння філіял «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» – сучаснае электрасеткавае прадпрыемства з высокакваліфікаваным персаналам, аснашчанае неабходнай спецыяльнай тэхнікай, што дазваляе надзейна, безаварыйна і эканамічна эксплуатаваць электратэхнічнае абсталяванне любой складанасці, якасна забяспечваць электраэнергіяй народную гаспадарку і насельніцтва.

На абслугоўванні філіяла знаходзяцца: ВЛ 35-330 кВ – 1077 км; ЛЭП 10 кВ – 4406,7 км (у тым ліку 490 км КЛ 10 кВ), ЛЭП 0,4 кВ – 4075,3 км (у тым ліку 477,1 км КЛ 0,4 кВ), ПС 35-220 кВ – 38 шт., ТП і КТП 10/0,4 кВ – 2859 шт. Агульны аб’ём абслугоўвання – 39 896 умоўных адзінак.

 

РУХ – ГЭТА СЛУЖБА МЕХАНІЗАЦЫІ

2005h

– Выконваем усе віды рамонтаў, – заўважае майстар Мікалай Дубатоўка. З маладым запалам Мікалай пасля заканчэння БАТУ завочна атрымаў яшчэ адну вышэйшую адукацыю – у БНТУ.

«Майстар забяспечвае ўсім неабходным для работы», – удакладняе токар VI разраду Алег Грыневіч, для якога, бадай, няма складаных заданняў. Токар валодае яшчэ прафесіямі станочніка і фрэзероўшчыка, асвоіў сумежную прафесію – вадзіцеля пагрузчыка.

Якраз адпраўляўся ў рэйс на Мінск адзін з вопытных вадзіцеляў Аляксандр Храмой. Трактарыст Анатоль Адамовіч – таксама з ліку тых, у каго ёсць чаму павучыцца. Ён даводзіць да ладу свой МТЗ-82, аснашчаны шчоткай, каб выехаць на добраўпарадкаванне тэрыторый аб’ектаў і вуліц горада, якія замацаваны за прадпрыемствам.

 

СЯРОД ПЯЦІ РЭСАЎ – НА ЛІДАРСКІХ ПАЗІЦЫЯХ

2005f

Работнікаў Стаўбцоўскага РЭС можна сустрэць на любой з вуліц райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў раёна. На вуліцы Задвор’енскай мы пагутарылі з майстрам Сяргеем Галавацкім і членамі брыгады ў складзе электраманцёраў Юрыя Шыкуця (брыгадзір), Віталя Пракопа, Андрэя Віцько, Ігара Курылы, Івана Бірукова, машыніста аўтапад’ёмніка Віктара Мазуркевіча, якія ажыццяўлялі планавую замену провада і свяцільнікаў вулічнага асвятлення на энергазберагальныя.

Паглядзець, як вядуцца работы, завітаў і начальнік РЭС Вадзім Качановіч.

– Вы адносна малады кіраўнік РЭС, гуляеце ў камандзе па міні-футболе. Удаецца сумяшчаць? – запыталі мы ў Вадзіма Леанідавіча.

– Так. Спорт люблю з дзяцінства. У энергетыцы працую ўжо 17 гадоў. Быў галоўным інжынерам Нясвіжскага РЭС, а апошнія чатыры гады – начальнік Стаўбцоўскага РЭС.

– У мінулым годзе Стаўбцоўскі РЭС быў другім сярод пяці РЭСаў прадпрыемства, летась – першым. Як развіваецца Стаўбцоўскі РЭС?

– За мінулы год зроблены капрамонты на 81 км ВЛ 10 кВ і на 67 км ВЛ 0,4 кВ, заменена 14,5 км провада ВЛ10 кВ і 12,5 км ВЛ 0,4 кВ на прасеках і ў лясных масівах, 480 адгалінаванняў да будынкаў. Прымяняем ізаляваны провад, ад якога электразабеспячэнне становіцца надзейным, бяспечным і, безумоўна, больш якасным. На 218 штук стала больш бетонных апораў, на 240 штук – энергазберагальных свяцільнікаў вулічнага асвятлення. Работа па іх замене працягваецца. Аўтаматызаваная сістэма кіравання вулічным асвятленнем «АІСТ» дазваляе падладзіць астранамічнае рэле пад усход і захад сонца.

– Хто выконвае гэтыя работы, займаецца тэхабслугоўваннем аб’ектаў?

– У РЭС працуюць чатыры лінейныя брыгады, брыгада цэнтралізаванага рамонту, брыгада кабельных ліній, брыгада вулічнага асвятлення і комплексных паслуг, тры аператыўна-выязныя брыгады, якія нясуць кругласутачнае дзяжурства. Участкі РЭС працуюць у Дзераўной (старшы майстар Анатоль Раманоўскі) і Рубяжэвічах (майстар Станіслаў Ламака). За работай электрасетак раёна сочыць у кругласутачным рэжыме раённая дыспетчарская служба. Узначальвае яе Юрый Белановіч, дзяжурныя дыспетчары – Аляксандр Янушкевіч, Сяргей Саладуха, Аляксандр Таяноўскі. Наша база пастаянна папаўняецца новай тэхнікай. Спадзяёмся і на будаўніцтва новай базы РЭС.

 

ЭНЕРГЕТЫКА – НЕ ПРОСТА РАБОТА, ГЭТА ПРЫЗВАННЕ

Што значаць для вас Стаўбцоўскія электрасеткі? Гэтае пытанне мы задалі ветэранам прадпрыемства, энергетыкам з вялікім стажам. Ветэранская арганізацыя электрасетак налічвае 156 чалавек, прычым 44, нягледзячы на пенсійны ўзрост, па-ранейшаму застаюцца ў страі. Усе яны вераць у сваё прадпрыемства, удзячны яму за школу жыцця і прафесійнага сталення.

Эдуард ВОЙНІЧ, старшыня ветэранскай арганізацыі:

– На гэтым прадпрыемстве – маё жыццё. 45 гадоў! На маіх вачах прайшло яго станаўленне, энтузіязм калектыву. Было на каго раўняцца. Эталонам былі Дзялендзік М. М., Масюкевіч А. В., Більдзюг Л. Н. У бытнасць дырэктарам Г. А. Пяткевіча працавалі па ўкараненні аўтаматызаваных сістэм кіравання і фактычна стварылі падмурак пад «Разумныя сеткі».

Прыемна, што нашы ветэраны не забыты прадпрыемствам. Для іх, як і для работнікаў, прафкам выдзяляе абанементы для наведвання ФАКа, пуцёўкі ў санаторый са скідкай і т. п., і самі яны з жаданнем удзельнічаюць у паездках па славутасцях Беларусі.

Генадзь ПЯТКЕВІЧ:

– Энергетыка для маёй сям’і – гэта лёс. Іншага я не ўяўляю. Па накіраванні прыехаў працаваць маладым спецыялістам у Слуцкія электрасеткі, адны са складанейшых сетак рэспублікі. Выходзіў на заслужаны адпачынак з пасады дырэктара Стаўбцоўскіх электрасетак. Энергетыцы прысвяціў 44 гады. Заўсёды ставіўся да яе з любоўю. Мне падабалася вучыцца, да душы прыйшлася і работа. Усюды, дзе б ні працаваў, бачыў вынікі сваёй працы. У мяне была вялікая адказнасць – і мне аказвалі давер, давалі свабоду дзеянняў. Самае галоўнае – не было дапушчана выпадкаў паражэння работнікаў электрычным токам. Пра гэта і іншае я напісаў артыкул, які апублікаваны ў адным з лютаўскіх нумароў газеты «Энергетика Беларуси». Калектыву прадпрыемства жадаю ўтрымаць тую планку, якая была і ёсць, напрацоўваць новае.

Міхаіл ГАЙКО:

– На гэтым прадпрыемстве пачалося ў 1969 годзе маё працоўнае жыццё. Адсюль выйшаў на пенсію ў 2008 годзе з пасады галоўнага інжынера. Усе гэтыя дзесяцігоддзі – пазнанне жыцця, працоўная школа, загартоўка характару… Напісаў успаміны аб сваёй працы, багатай на розныя падзеі, – думаю перадаць іх у музей прадпрыемства. Адчуваю задаволенасць, гордасць ад таго, што рабіў патрэбную людзям справу, павагу да таго персаналу, які працуе сёння. Самыя шчырыя віншаванні ўсім у сувязі з 50-гадовым юбілеем СЭС! Асобая ўдзячнасць – кіраўніцтву канцэрна і прадпрыемства за ўвагу да нас, ветэранаў, і матэрыяльную падтрымку.  

Генрых ДОЎНАР:  

– У Стаўбцоўскім РЭСе я адпрацаваў 36 гадоў, з 1965 па 2002 год. Электраманцёрам, брыгадзірам быў. Спачатку абслугоўваў калгасы, а потым займаліся і ўсёй паўднёвай часткай раёна. На месцы вучыўся прафесіі. Жыву ў аддаленай вёсцы Камейшы, таму дабіраўся на работу ў Стоўбцы, але прывык да яе, зжыўся з ёю. Дзякуй прадпрыемству, што не забываюць нас, ветэранаў.

Тадэвуш ЛАБУН:

– У СЭС я адпрацаваў электраманцёрам 45 гадоў, з 1971 па 2016 год. Шчыра кажучы, не хацелася сыходзіць… Гэта маё адзінае прадпрыемства. І работа цікавая, і калектыў добры. Колькі мы паездзілі з экскурсіямі па Саюзе! Цяпер перабіраю гэтыя фотаздымкі… Заслужыў ордэн «Знак Пашаны», медаль «За працоўную доблесць». Стаў пачынальнікам дынастыі энергетыкаў. На прадпрыемстве працуюць сын Дзмітрый, старшы майстар службы ізаляцыі, і нявестка Аксана, інспектар аддзела кадраў. І пляменніку Алегу Лабуну даў рэкамендацыю – ён вадзіцель.

 

НАПРУЖАННЕ І ІМІДЖ

2005e

З красавіка-мая ў работнікаў службы падстанцый пачынаецца асабліва напружаны перыяд – комплексныя рамонты з заменай састарэлага абсталявання. На іх абслугоўванні ў пяці раёнах налічваецца каля сарака падстанцый. Такім чынам і прыдаюцца веды, якія шліфаваліся і адточваліся (разам з аснасткай і прыстасаваннямі) у зімовыя месяцы. Кожны работнік павінен пацвердзіць свае навыкі падчас экзаменаў, залікаў. «Яны бываюць не толькі ў школе», – жартуе наконт будняў энергетыкаў начальнік службы Мікалай Канкаловіч.

У гэтай службе працуюць, дарэчы, і спецыялісты тытулаваныя. Электраслесары Іван Шыдлоўскі і Сяргей Турко, электразваршчык Сяргей Блажко ў мінулым годзе выступалі ў складзе каманды СЭС на ХІІІ Міжнародных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства сярод брыгад краін СНД па рамонце і абслугоўванні абсталявання падстанцый 110 кВ і вышэй. Каманда заняла прызавое месца.

Вялікае падспор’е ў навучанні персаналу – наяўнасць на прадпрыемстве сучаснага вучэбна-трэніровачнага палігона. Тут шмат рознага абсталявання. Важна тое, што яно прадстаўлена ў разрэзе.

Вялікі ўклад у станаўленне і матэрыяльна-тэхнічнае ўмацаванне службы падстанцый зрабіў яе ранейшы кіраўнік – Франц Аксюта. Сёння ён узначальвае падстанцыю 220 кВ «Стоўбцы», адзін з вузлавых аб’ектаў прадпрыемства, дзе акурат і плануецца маштабная рэканструкцыя. Інжынер службы Вольга Волчак на працягу многіх гадоў адказвае за такі важны напрамак, як тэхнічная дакументацыя.  

У суправаджэнні Мікалая Канкаловіча мы пабывалі на падстанцыі 110 кВ «Нёман». Менавіта адсюль забяспечваецца электраэнергіяй большасць спажыўцоў нашага горада. І тут таксама ажыўлена, вядуцца планавыя рамонты. У дзелавітым вытворчым рытме ўвіхаюцца тры брыгады. «Станцыйнікі» ў складзе выканаўцы работ Аляксандра Ярыліна, электразваршчыка Дзмітрыя Жыбуля і членаў брыгады Дзяніса Русакова, Ільі Грыневіча, Максіма Ярмака, Аляксандра Маскаленкі на чале з майстрам Сяргеем Вільчыкам шчыруюць над капрамонтам зборных шын 10 кВ. Майстар Сяргей Вільчык – з патомных энергетыкаў, раней працаваў на Лукомльскай ГРЭС. На вышыні займаецца капрамонтам выключальніка Сяргей Турко з калегамі. Сяргей, выпускнік Дзяржынскага ліцэя, ужо тры гады працуе электраслесарам, а не так даўно здаў камісіі неабходныя выпрабаванні і атрымаў кваліфікацыю выканаўцы работ. «Рэлейшчыкі» прадстаўлены на рамонтных работах на падстанцыі электраманцёрамі Леанідам Сысоевым і Віктарам Грышаном, майстрам Раманам Войткам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>