Юбілейны нованароджаны – у шматдзетнай сям’і Шаўчэнкаў

Filed under: Нумары,Сям'я |

2405c

Гэтымі майскімі днямі, калі адзначаецца Дзень сям’і, аддзелам ЗАГС райвыканкама зарэгістраваны юбілейны ў гэтым годзе, пад лікам 100, маленькі жыхар Стоўбцаў. Ім стаў Данііл Шаўчэнка, чацвёртае дзіця ў сям’і, доўгачаканы сынок для бацькоў. З яго з’яўленнем на свет маладая сям’я стала яшчэ больш шматдзетнай.

На ўрачыстую рэгістрацыю нараджэння, якую правяла начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава, сям’я Дзмітрыя і Таццяны Шаўчэнкаў прыехала… на двух калясках. У адной – нованароджаны Данііл, у другой – дачушкі-блізняты Ангеліна і Міла, якім па два з паловай годзікі. Паўгода таму дзяўчынкі з мамай удзельнічалі ў раённым конкурсе блізнят і сталі бясспрэчнымі лідарамі ў намінацыі «Самыя маленькія двайняты». Старэйшая дачка Шаўчэнкаў, першынец Дар’я, засталася дома з бабуляй-нянькай. Калі ў сям’і з’явілася двойня, сацыяльная служба прапанавала паслугі нянькі, і сям’я з задавальненнем адгукнулася на гэта. Па іх жаданні на пасаду нянькі была працаўладкавана бабуля дзетак.

Матуля клапатліва вядзе за ручкі сваіх аднолькавых прыгажунькаў, а немаўлятка бярэ на рукі галава сям’і. Ён беражліва, без стомы, трымае сыночка на працягу ўсёй урачыстасці. Гэта так прыгожа! Ніхто не здольны патрывожыць моцны сон на руках у таты, які з першага дня адчувае сваю асаблівую мужчынскую адказнасць за выхаванне сына.

– Шчасце, што ў нас нарадзіўся доўгачаканы сын. У нашай дружнай і вясёлай сям’і стане яшчэ весялей, – пажартаваў Дзмітрый Шаўчэнка і падзяліўся: – Не менш уразіла і свята, якое сёння для нас арганізавалі.

Надзея Картузава ўручыла Дзмітрыю пасведчанне аб нараджэнні сына Данііла, Таццяне – букет кветак. Раённы выканаўчы камітэт падрыхтаваў для сям’і падарунак – вялікую мяккую цацку. Павіншаваць яе з папаўненнем прыйшлі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў, а таксама прадстаўнікі прафкама філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. На гэтым прадпрыемстве, у аўтаматна-тэрмічным цэху, працуе галава сям’і з 1997 года. Раней працавала (да таго, як стала матуляй) і Таццяна. Для іх сям’і ў добраўпарадкаваным заводскім інтэрнаце выдзелены асобны блок. Упэўнена, што з дзяржаўнай падтрымкай рэалізуецца мара Шаўчэнкаў пра ўласны дом. Для будаўніцтва ім выдзелены зямельны ўчастак у новым мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы Паўночны.

Святочную атмасферу рэгістрацыі далікатна дапоўнілі работнікі раённага Цэнтра культуры. Прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму прапанавалі бацькам напісаць заяву ў дзіцячы сад, каб «забраніраваць» месца для іх Данііла ў дашкольнай установе горада.

– Кожная рэгістрацыя нараджэння – гэта падзея для раёна. Калі больш нараджаецца ў сем’ях дзяцей, расце колькасць шматдзетных сем’яў, мы становімся мацнейшымі ў дэмаграфічным плане, – удакладняе Надзея Картузава.

Нагадаем, што 2017 год выдаўся знамянальным не толькі для сям’і Шаўчэнкаў. У бягучым годзе органы ЗАГС, дзе фіксуюцца ўсе адметныя падзеі чалавечага жыцця, адзначаюць свой стагадовы юбілей.

НА ЗДЫМКАХ: сям’я Шаўчэнкаў, у якой сёлета нарадзіўся «юбілейны» стаўбчанін; начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава ўручае падарунак ад райвыканкама.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>