Рэйд. Вучэнні. Творчасць

2405d

«ДЭСАНТ» – НА ХУТАРЫ

Прафілактычныя мерапрыемствы ў рамках акцыі «За бяспеку разам!», накіраваныя на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх, дапоўнены рэйдамі ў жылым сектары.

І мінулыя выхадныя не сталі выключэннем: работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі газавай службы, райаддзела міліцыі і карэспандэнтам раённай газеты прайшлі з «супрацьпажарным дэсантам» па тэрыторыі аграгарадка Засулле, пабывалі на хутары Бярозаўка, у садовых таварыствах.

Традыцыйна ратавальнікі праводзілі інструктажы па пажарнай бяспецы і раздавалі памяткі, а гаспадарам, у домаўладаннях якіх назіраліся парушэнні, уручалі інструкцыі-рэкамендацыі па ўхіленні гэтых парушэнняў. Зразумела, у гутарках не абыходзілі і злабадзённую тэму пажаранебяспечнага перыяду. У першую чаргу звярталі ўвагу на забарону адносна выпальвання сухой расліннасці, выкананне правілаў пажарнай бяспекі пры развядзенні кастроў і карыстанні спецыяльнымі прыстасаваннямі для прыгатавання ежы. Гэтыя пытанні, зрэшты, не згубяць сваёй актуальнасці яшчэ доўга, таму што наперадзе чакае пара летняга адпачынку, водпускаў. Дарослым, акрамя таго, чарговы раз нагадалі пра бяспеку дзяцей, асабліва пра патрабаванне не пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду нават на кароткі час.

– Ва ўдзельнікаў кожнага такога рэйду няма мэты навыпісваць пабольш штрафаў, – адзначыў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын. – Мы імкнёмся данесці да свядомасці кожнага жыхара пасыл пра тое, што ў пытаннях бяспекі не бывае дробязяў, што яна патрабуе ад нас пільнасці і законапаслухмянасці. Той, хто гэта разумее, гарантуе сабе доўгае і шчаслівае жыццё.

 

ТРЫВОГА – У ВЫТВОРЧЫМ ЦЭХУ

У тэхналагічным абсталяванні вытворчага цэха завода адбылося кароткае замыканне, якое і выклікала загаранне на плошчы 70 м2. Пасля эвакуацыі персаналу ў памяшканнях утварылася моцнае задымленне і ўзнікла пагроза распаўсюджання агню далей.

Такая тактычная задумка вучэнняў, якія выратавальнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Стоўбцы правялі на Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Трэніроўка асабовага саставу паслужыла выпрацоўцы і замацаванню правільных дзеянняў пры тушэнні пажару на аб’ектах харчовай прамысловасці, наладжванню ўзаемадзеяння з персаналам прадпрыемства.

Падчас вучэнняў супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях прадэманстравалі добрыя навыкі ў ліквідацыі пажару. Персанал перапрацоўчага прадпрыемства дакладна і граматна дзейнічаў згодна з інструкцыяй на выпадак яго ўзнікнення. А ўсім разам карысна было ацаніць надзвычайную сітуацыю ў так званых рэальных умовах.

 

СА СПАРТЫЎНЫМ АЗАРТАМ

Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі чарговыя тактыка-спецыяльныя вучэнні, на гэты раз – у фізкультурна-аздараўленчым комплексе.

У рамках вучэнняў адпрацаваны дзеянні асабовага саставу пры рабоце з каленчатым пад’ёмнікам, па тушэнні пажару ў парыльным памяшканні і тушэнні загарання на вялікіх плошчах з металаканструкцыямі. Праведзена агульнае азнаямленне з аб’ектам, які быў уведзены ў эксплуатацыю некалькі гадоў таму.

 

ПЕРАД КАНІКУЛАМІ

З 12 мая на Стаўбцоўшчыне праходзіць прафілактычная акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!».

У рамках акцыі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню сям’і, наведваюць шматдзетныя сем’і і бацькоўскія сходы, ладзяць прафілактычныя гутаркі ў дашкольных установах і пачатковых класах школ, а таксама экскурсіі па пажарнай аварыйна-выратавальнай часці.

– Акцыя прызвана прыцягнуць увагу да праблемы дзіцячага свавольства з агнём, якая можа закончыцца пажарам і гібеллю дзяцей, і ўвогуле да бяспекі дзяцей падчас знаходжання дома, на вуліцы, вадаёме і т. п., таму што набліжаюцца летнія канікулы, – зазначыла інспектар райаддзела Вольга Салей.

Завершыцца акцыя 31 мая на стадыёне «Юнацтва».  

 

ГУКАВЫМ СІГНАЛАМ

За чатыры месяцы бягучага года на тэрыторыі раёна адбылося 18 пажараў. На пажары ў доме ў Слабадзе (Заямнаўскі сельсавет) загінуў чалавек.

Як сведчыць статыстыка, асноўнай прычынай пажараў па-ранейшаму застаецца чалавечая неахайнасць: неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, парушэнне правіл устаноўкі і эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання.

Да выканання правіл пажарнай бяспекі нялішне ўстанавіць у доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Сваім гукавым сігналам ён здольны разбудзіць чалавека, які спіць, і тым самым выявіць небяспеку ў мінімальныя тэрміны. Эфектыўнасць прыбора даказана. Прынцып яго работы пабудаваны так, што адчувальныя элементы рэагуюць нават на нязначную канцэнтрацыю дыму.

 

ПА ЛЕСВІЦЫ… ЗА ПЕРАМОГАЙ

2405f

Пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1 г. Стоўбцы чарговы раз сустракала гасцей – удзельнікаў раённых спаборніцтваў па пажарна-выратавальным спорце.

Дзяўчаты і хлопцы з дванаццаці ўстаноў адукацыі раёна з нецярпеннем чакалі пачатку спаборніцтваў. Некаторыя з іх упершыню атрымалі магчымасць паспытаць на сабе «спартыўнае» жыццё выратавальнікаў, аднак былі сярод удзельнікаў і тыя, хто не першы раз удзельнічаў у падобных спаборніцтвах. Традыцыйна ўдзельнікаў чакалі выпрабаванні на двух этапах: 100-метровая паласа з перашкодамі і пад’ём па штурмавой лесвіцы.

І вось – пастраенне, жараб’ёўка і – «На старт!.. Увага!.. Марш!..» Каманды рынуліся за перамогай.

Барацьба развярнулася не на жарт – кожны хацеў быць самым хуткім і спрытным. Адзін за другім змяняліся спартыўныя снарады, а жаданне перамагчы ўсё ўзмацнялася. Ва ўмовах зацятай барацьбы розніца ў часе паміж камандамі разыходзілася на долі секунды. Зразумела, арганізатары мерапрыемства – супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях – падтрымлівалі кожнага.

Перамогу на гэты раз святкавалі прадстаўнікі Старасвержанскай сярэдняй школы, другое месца – у каманды Дзераўнянскай сярэдняй школы, трэцяе – у каманды гімназіі № 1 г. Стоўбцы.

 

ВАЧЫМА ДЗЯЦЕЙ

2405e

Не першы год праходзіць агляд-конкурс дзіцячай творчасці «Выратавальнікі вачыма дзяцей», арганізатары якога кожны раз дзівяцца бязмежнасці ўяўлення і тонкаму адчуванню дзяцей.

Як адзначыла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей, у гэтым годзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога этапу агляду-конкурсу «Выратавальнікі вачыма дзяцей» адбылася ў Палацы культуры г. Вілейка.

Больш за 500 работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці былі прадстаўлены ў васьмі намінацыях: «Плакат», «Выраб», «Малюнак», «Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі», «Скульптура малых формаў», «Казка», «Аповед», «Верш».

Радуе, што прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны не засталіся без узнагарод. Дыпломам другой ступені ў намінацыі «Казка» ўзнагароджана вучаніца ДУА «Коласаўская сярэдняя школа» Глафіра Дабрагост. І гэтая ўзнагарода каштоўная тым, што ў конкурсе прынялі ўдзел усе члены сям’і дзяўчынкі.

Акрамя таго, на гэтай жа сцэне Граматай Мінскага абласнога ўпраўлення МНС і каштоўным прызам была ўзнагароджана Наталля Лукша, загадчыца ДУА «Шашкоўскі дзіцячы сад». Менавіта работнікам гэтай установы дашкольнай адукацыі ў 2016 годзе давялося адстойваць гонар раёна на абласным этапе фестывалю «Бяспечнае дзяцінства». Па выніках усіх намінацый Шашкоўскі дзіцячы сад заняў другое месца ў вобласці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>