Творчыя конкурсы

2405g

НАТХНЕННЯ ПАЛЁТ

У Мінску ў фае гандлёвага цэнтра GalleriaMinsk прайша цырымонія ўзнагароджання фіналістаў нацыянальнага адбору Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка FAIYoungArtistsContest 2017 на авіяцыйную тэму.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Больш за 1200 работ прыслалі дзеці з усіх куткоў Беларусі, і толькі 45 з іх выйшлі ў фінал. На ўрачыстую цырымонію ўручэння ўзнагарод была запрошана выхаванка народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Сузор’е» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў, фіналіст конкурсу Вольга Дудук.

У гандлёвым цэнтры была арганізавана выстава работ фіналістаў, якую маглі ўбачыць усе наведвальнікі цэнтра і запрошаныя госці. Арганізатары конкурсу зрабілі для дзяцей сапраўднае авіяцыйнае свята. Конкурсы і актывацыі дапамаглі кожнаму ўдзельніку адчуць сябе авіятарам і наблізіцца да неба. Запускі папяровых самалётаў на час і на дальнасць, акуляры віртуальнай рэальнасці і авіясімулятары, аквагрым у авіяцыйным стылі – усё гэта маглі паспрабаваць юныя мастакі.

Журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі арганізатараў, медыя, вядомыя мастакі, сярод фіналістаў вызначылі дзевяць пераможцаў. Удача не прайшла міма студыі «Сузор’е»: Вольга Дудак заняла ганаровае другое месца, і яе работа адпраўлена ў штаб-кватэру FAI ў швейцарскі горад Лазана. Падарункам дзяўчынцы стаў квадракоптар на радыёкіраванні.

Аднак і на гэтым сюрпрызы ад арганізатараў не закончыліся. Пасля абеду ў Макдональдсе ўсе фіналісты конкурсу адправіліся на аэрадром Баравая, дзе іх чакалі аглядавыя палёты на верталёце RobinsonR-44 і цікавая экскурсія па музеі авіяцыйнай тэхнікі.

Вользе, як пераможцы, прадаставілася ўнікальная магчымасць паўдзельнічаць у палёце. Гэта былі неверагодныя ўражанні.

Ганна МАРТЫНЕНКА, кіраўнік народнай студыі «Сузор’е» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў

 

ВІВАТ, ПЕЦЯРБУРГ!

Юныя музыканты Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў зноў з’ездзілі ў Санкт-Пецярбург на конкурс. На гэты раз на міжнародны конкурс-фестываль «Віват, Пецярбург!» са сваімі вучнямі адправіўся выкладчык аддзялення духавых інструментаў Раман Бець.

Юным музыкантам давялося вытрымаць сур’ёзную канкурэнцыю ўдзельнікаў з пяці краін – Арменіі, Фінляндыі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі і Беларусі. У конкурсе прынялі ўдзел звыш 50 калектываў, 400 салістаў і ўдзельнікаў дуэтаў.

Зразумела, што пры такім прадстаўніцтве было вельмі пачэсна і прыемна атрымаць дыпломы. Дыпламантам ІІ ступені стаў барытаніст Максім Макарэвіч, дыпламантамі ІІІ ступені – трубачы Вадзім Босы і Кацярына Кутас. Вадзім і Кацярына атрымалі яшчэ адзін дыплом ІІІ ступені за выкананне конкурсных твораў у дуэце.

Паспяховае выступленне трубачоў Віктара Беця, Мікіты Трацяка і Кацярыны Рылко адзначана дыпломамі ўдзельнікаў.

Суправаджаў выступленне юных музыкантаў на фартэпіяна канцэртмайстар Уладзімір Бандаровіч, які ўзнагароджаны дыпломам журы за высокае майстэрства. Старшынёю журы быў заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, старшыня Санкт-Пецярбургскага саюза кампазітараў Рыгор Корчмар.

 2405a

ПРЫЗНАНА «ПРЫЗНАННЕ»

Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячай творчасці «ЛьВёнак» (Лідскі вянок) зной паклікаў юных талентаў да сябе на сцэну.

Конкурс праходзіць у шматлікіх намінацыях. Першыя адкрылі конкурсную праграму скрыпачы. Нашы стаўбчане былі на вышыні – лаўрэацкі дыплом журы прысудзіла ансамблю скрыпачоў «Прызнанне» ў складзе Таццяны Акуліч, Дзіяны Сарока, Анастасіі Васільевай, Юліі Карповіч, Анастасіі Загорскай. Так высока журы адзначыла якасны ўзровень конкурснай праграмы, высокае выканальніцкае майстэрства ансамбля і заслугі ў развіцці нацыянальных традыцый музычнага мастацтва нашай краіны. Працуюць са скрыпачкамі выкладчыкі Ала Імамутдзінава і Таццяна Кот. Суправаджала выступленне юных скрыпачак канцэртмайстар Людміла Новікава.

 

ІМЯ ПАПЛАЎСКАГА

На працягу навучальнага года вучні ўсіх аддзяленняў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў удзельнічалі ў розных мастацкіх конкурсах.

Баяністы і акардэаністы з’ездзілі ў г. п. Івянец, дзе паспяхова сыгралі на ІІІ Адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя К. І. Паплаўскага. Юныя выканаўцы не адзін раз ужо удзельнічаюць у гэтым конкурсе.

Сёлета поспех зноў быў у баяністкі Ганны Абрамовіч, якая ўзнагароджана лаўрэацкім дыпломам І ступені. Яшчэ адзін вучань Л. С. Крамко атрымаў узнагароду – лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені: Аляксандр Уласік іграе на акардэоне і вучыцца толькі ў першым класе школы мастацтваў, таму такая перамога ў конкурсе для яго вельмі значная падзея. Лаўрэацкі дыплом І ступені ў старэйшай групе журы прысудзіла і баяністу Дзмітрыю Хвалею, вучню С. В. Крамко.

У гэтым годзе на конкурсе К. І. Паплаўскага ўведзена новая намінацыя – вакал. Ульяна Бурновіч, якая паспяхова займаецца ў школе мастацтваў па класе скрыпкі, паўдзельнічала ўмузычным саперніцтве па дадатковым прадмеце і атрымала ў малодшай групе дыплом ІІІ ступені. З Ульянай па вакале займаецца настаўніца Г. С. Мілістфер. Яшчэ адна яе вучаніца – Дар’я Доўнар – у старшай групе адзначана дыпломам ІІІ ступені. З двума конкурснымі нумарамі выйшла на сцэну і Лізавета Цвірка, таксама вучаніца Г. С. Мілістфер. Усе ўдзельнікі паказалі высокае выканальніцкае майстэрства, што вельмі парадавала іх педагогаў і журы.

Пр

 

ТВОРЧЫ МАРАФОН

Штогод на прыканцы красавіка ў Барысаве праходзіць адкрыты фестываль-конкурс дзіцячых тэатральных калектываў «Тэатральны марафон». У гэтым годзе з нашага раёна на фестываль былі запрошаны два тэатральныя калектывы Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. Гэта ўзорны дзіцячы тэатр «На-Дзея» (рэжысёр Аксана Сянько) са спектаклем У. Хуба «Ля Каўчэга ў восем» (старшая катэгорыя) і самыя малодшыя артысты дзіцячага тэатра «Іскрынкі «На-Дзеі» пад кіраўніцтвам Алены Шуцько са спектаклем С. Сасніна «Малінавы мядзведзь».

Удзельнікі гэтых калектываў удала выступілі на конкурсе і атрымалі шэраг узнагарод. Узорны дзіцячы тэатр «На-Дзея» ўзнагароджаны дыпломам за ўдалае вырашэнне касцюмаў у спектаклі, за што вялікі дзякуй загадчыцы пастановачнай часткі дзіцячага тэатра Яніне Лысай. А ў намінацыі «Лепшы юны артыст» былі адзначаны Ульяна Бурдзейка, Таццяна Касцюкевіч, Надзея Грыгарцэвіч, Мікіта Шуцько, Дзіяна Бычкевіч і Валерыя Яўсейчык. Таксама падзякі за творчы падыход, прафесіяналізм, высокі ўзровень падрыхтоўкі калектываў атрымалі кіраўнікі дзіцячых тэатраў – Аксана Сянько і Алена Шуцько.

Хочацца сказаць дзякуй і наступным удзельнікам калектываў: Дзіяне Дошчачка, Паліне Грышан, Ангеліне Кузьміч і Юліі Падасецкай – за арганічнае выкананне сваіх роляў. Сумесная праца складаная, усе з рознымі характарамі робяць адну важную справу – ставяць спектакль. І калі механізм адладжаны добра – спектакль атрымліваецца.

Гэта патрэбна сказаць і пра спектакль Ульрыха Хуба «Ля Каўчэга ў восем», дзе задачай рэжысёра было стварэнне вясёлай, лёгкай пастаноўкі, якая зверне ўвагу на сур’ёзныя пытанні. Юныя акцёры ўмела размаўляюць з гледачамі на розныя вострыя тэмы: сяброўства і адказнасці, падымаюць пытанні аб створаным Богам свеце. Спектакль дзіцячы, але вельмі хочацца, каб яго паглядзелі дарослыя.

Алена ШУЦЬКО,выкладчык Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>