Школьныя навіны

2705c

2705d

БЫВАЙ, МОЙ ПЕРШЫ ПАДРУЧНІК!

С этой книжкой самой первой

Каждый путь свой начинал,

Чтоб пройти маршрутом верным

На заветный перевал…

У жыцці чалавека ўсё пачынаецца з малога: хлеб – з зернейка, сонца – з праменьчыка, дом – з цаглінкі, а веды – з першай кнігі чалавека – Буквара.

У гімназіі № 1 г. Стоўбцы ў 1 «Б» класе прайшло незвычайна прыгожае свята – «Развітанне з букваром». Зусім нядаўна прыйшлі першакласнікі да сваёй першай настаўніцы Ірыны Юльянаўны Навоша зусім маленькія, многія не ведалі літар, не ўмелі пісаць, лічыць, чытаць. Праляцелі дні, тыдні, месяцы напружанай працы. І вось першая перамога – перамога агульная для ўсіх: настаўніцы, вучняў, бацькоў. За гэты час хлопчыкі і дзяўчынкі выраслі, сталі больш дарослымі, шмат даведаліся і многае спасціглі, зведалі першыя цяжкасці і навучыліся іх пераадольваць.

Буквар пазнаёміў дзяцей не толькі з літарамі, навучыў чытаць, але яго старонкі пад умелым кіраўніцтвам Ірыны Юльянаўны навучылі 1 «Б» клас быць дружнымі, добрымі, здольнымі вучнямі.

За час свята дзеці сумелі прадэманстраваць свае навыкі ў чытанні вершаў. Яны спявалі песні, танцавалі, адгадвалі рэбусы, лічылі і, безумоўна, паказвалі свае тэатральныя здольнасці. На свята ў 1 «Б» клас завіталі і казачныя персанажы: Мальвіна, Бураціна, Баба Яга, Кот Базіліа, ліса Аліса і іншыя. А героі – адзнакі Дзявятка і Дзясятка – павіншавалі першакласнікаў са святам і далі наказ, каб яны заўсёды дружылі з кнігамі, а ў дзённіку былі толькі дзявяткі і дзясяткі.

Кожны першакласнік атрымаў ад Ірыны Юльянаўны дыплом і медаль, а бацькі вучняў – падзячныя пісьмы.

Праз пару дзён у школах прагучаць апошнія школьныя званкі. Адзінаццацікласнікі з хваляваннем чакаюць свае першыя выпускныя экзамены, а першакласнікі – свае першыя летнія канікулы. А побач з вучнямі – заўсёды іх настаўнікі, якія хвалююцца за сваіх дзяцей: ці гэта выпускнік, ці яшчэ маленькі школьнік.

Дзякуй вам, настаўнікі, дзякуй вам, Ірына Юльянаўна, што вы ведзяце дзяцей у цудоўную краіну – Веды, а вам, маленькія першакласнікі, – добрага адпачынку і з новымі сіламі прыйсці ў сваю «маленькую краіну» – 2 «Б» клас – і, безумоўна, пасябраваць з новым сябрам – кнігай.

НА ЗДЫМКАХ: моманты свята ў 1 «Б» класе.

Н. ЛЕАНІДАВА

 

ПАРАД НАВУК

Кожны чалавек таленавіты ў той ці іншай вобласці: ён можа быць музычна, мастацка, матэматычна адораным, мець асаблівыя фізічныя здольнасці, паэтычны дар, але яго адоранасць яшчэ трэба ўбачыць, адзначыць і развіць. Вельмі шмат дзяцей так і застаюцца для настаўнікаў «таямніцай за сямю пячаткамі», а здольнасці, якія не былі падчас выяўлены, згасаюць. Адна з асноўных задач любой установы адукацыі – выявіць і развіць здольнасці ў школьнікаў праз стварэнне развіваючага адукацыйнага асяроддзя.

Педагагічны калектыў нашай установы адукацыі развівае і рэалізуе патэнцыйныя магчымасці дзяцей праз розныя формы работы на ўроках і падчас пазаўрочнай дзейнасці. Нашы вучні ўдзельнічаюць у традыцыйных прадметных тыднях, алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах.

У гэтым годзе ў рамках Года навукі ў нашай школе ўпершыню прайшоў Парад усіх навук, адкрыццё якога адбылося на агульнашкольнай лінейцы. Гасцямі лінейкі сталі навукі, якія вывучаюцца ў школьнай праграме. Вядучыя свята прапанавалі вучням загадкі пра кожную навуку. Касцюміраваныя «адгадкі» дэфеліравалі па сцэне пад гучныя апладысменты прысутных. Кожны дзень быў прысвечаны пэўнай школьнай навуцы і меў сваю назву (Хімляндыя, Маўляндыя, Брытаніка, Гістляндыя, Эйлерыя, Біяляндыя, Бэбіджу, Тэрапангеус, Філалогія, Спартляндыя). У рамках тэматычных дзён вучняў чакалі вясёлыя прадметныя перапынкі з займальнымі пытаннямі, загадкамі, крыжаванкамі, галаваломкамі, жартаўлівым бліц-апытаннем. Тэматычныя стэнды знаёмілі вучняў з гісторыяй адкрыцця кожнай навукі. На працягу двух тыдняў вучні літаральна пагружаліся ў пэўную прадметную вобласць. Заслужаная праца навучэнцаў была адзначана прадметнай валютай (хіміконамі, тапонімамі, эйлерамі, лаўрыкамі, алімпіёнкамі, лінгварыкамі, бісусамі, дукатамі, бітамі, залатой ланню). За гэты перыяд было зароблена 90 грамат і дыпломаў! Некаторыя вучні атрымалі ўзнагароды па некалькіх прадметах, чаму былі незвычайна рады. Завяршыўся Парад навук конкурсам даследчых работ вучняў. На конкурс былі прадстаўлены 11 работ у 6 намінацыях (даследаванні ў галіне мовы і літаратуры, спорту і здаровага ладу жыцця, матэматычныя, геаграфічныя, гістарычныя). Са сваімі першымі адкрыццямі выступілі вучні пачатковых класаў. Конкурс вызначыў пераможцаў, якія прадставілі нашу школу на раённай канферэнцыі даследчых работ.

Свае ўражанні і прапановы пра Парад навук вучні змаглі пакінуць у кнізе водгукаў і пажаданняў. Свята навукі ў школе стане традыцыйным.

Таццяна БЕЛАНОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

 

КЛАСІКА – ЖЫВАЯ!

Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ў рамках падрыхтоўкі да святкавання Дня беларускай пісьменнасці прыняў удзельнікаў раённага этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».

50 вучняў з 19-ці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі паказвалі сваё майстэрства ў выразным чытанні празаічных і паэтычных твораў беларускіх аўтараў. Гэта былі не проста выступленні чытальнікаў. Вучні перажывалі ў вобразах тыя творы, якія нам падарылі класікі.

У склад журы ўвайшлі вопытныя педагогі, бібліятэкары, кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў. Ганаровым госцем была член абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі паэтэса Людміла Круглік.

Пераможцамі сталі: вучаніца 4 класа Таццяна Рамэйка і вучаніца 6 класа Ангеліна Прычынец Рубяжэвіцкай СШ, вучаніца 4 класа Аліна Бурлачэнка і вучаніца 9 класа Анастасія Белановіч Навасвержанскай СШ, вучаніца 1 класа гімназіі № 1Ірына Бабіла, вучаніца пятага класа Коласаўскай СШ Анастасія Жыбуртовіч, вучаніца 6 класа Паліна Грышан і вучаніца 10 класа Дзіяна Ясенка Вішнявецкай СШ, вучаніца 8 класа Горкаўскай СШ Ангеліна Сарока, вучаніца 8 класа Заямнаўскай СШ Валерыя Нікалаеня, вучаніца ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» Дзіяна Крыўко, вучаніца 9 класа Старасвержанскай СШ Надзея Санкевіч. Пераможцы ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Выхаванцамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі былі падрыхтаваны музычныя нумары.

Па выніках раённага этапу лепшыя чытальнікі змогуць прыняць удзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка».

Таццяна НОВАК, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

АБ ШКОДЗЕ КУРЭННЯ

Яшчэ ў XV стагоддзі вялікі падарожнік Калумб убачыў чырванаскурых людзей Амерыкі, якія выпускалі клубы дыму з рота і носа. Прайшло шмат стагоддзяў, а мы назіраем такую ж з’яву ў сучасным грамадстве. Існуе эпідэмія тытунёвай залежнасці, ахвярамі якой становяцца дзеці і падлеткі.

Мы бачым, як настаўнікі нашай школы занепакоены і стараюцца засцерагчы нас. Яны не толькі гавораць аб шкодзе тытуню, але і выяўляюць прычыны, якія пабуджаюць падлетка курыць, і ўжо ў пачатковых класах дапамагаюць фарміраваць волю паводзін вучня.

Да Сусветнага дня барацьбы з тытунекурэннем у нашай школе прайшлі тэматычныя класныя гадзіны. Загадчыца Горкаўскага ФАПа В. Л. Рыштоўская прачытала лекцыі аб шкодзе курэння «Тытунёвая залежнасць». Па гэтай жа тэме настаўніца біялогіі Н. Г. Шабаліна прадэманстравала відэафільмы. Даспадобы прыйшліся вучням тытунь-шоу, круглы стол «Выкураная цыгарэта – мінус хвіліна твайго жыцця», віктарына «Тытунекурэнне – здароўе ці хвароба?». Вынікам анкетавання сярод вучняў 7-11 класаў «Чаму курыць сучасны падлетак?» сталі меркаванні, што гэта модна і прэстыжна, не хочуць выдзяляцца сярод іншых, паддаюцца ўплыву сяброў, не маюць волі адмовіць і інш. Мы ўсведамляем, што курэнне спальвае не толькі здароўе і душу, але і вялікую колькасць грошай, не гаворачы аб дадатковых тратах на лячэнне хвароб, выкліканых курэннем.

Валерый ІВАНЕЦ, вучань Горкаўскай СШ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>