Льецца чыстая песня народная

2705g

Майскія лагодныя дні ў нашым раёне азнаменаваны правядзеннем шматлікіх мастацкіх дзіцячых конкурсаў. У ліку іх і XXVI Адкрыты рэгіянальны дзіцячы фестываль-конкурс беларускай песні «Альбуцкая крынічка».

Арганізатарам яго з’яўляецца педагагічны калектыў Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе выдатна захоўваюцца і развіваюцца традыцыі фальклорнай і народнай творчасці.

Конкурс прайшоў у раённым Цэнтры культуры і сабраў юных талентаў з трох дзіцячых школ мастацтваў нашага раёна – Дзераўнянскай, Шашкоўскай, Наваколасаўскай, а таксама са школ мастацтваў Клецка і Мінска. Творчасць юных выканаўцаў ацэньвала журы ў складзе работнікаў культуры раёна пад старшынством галоўнага хормайстра Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольгі Нупрэйчык.

Тыя, хто сабраўся ў зале, атрымалі вялікае задавальненне ад конкурсных нумароў. Думалася аб тым, што доўгі век у беларускай песні, калі яе так выдатна, з задавальненнем, выконваюць юныя спевакі. А яшчэ і аб тым, якую высакародную, патрэбную справу робяць педагогі школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ, устаноў дадатковай адукацыі, адшукваючы такія жамчужынкі, развіваючы прыродныя задаткі дзяцей. Салісты, якія выходзілі на сцэну, пакаралі сваім майстэрствам. Конкурс выдатна прапагандуе творчасць беларускіх паэтаў і кампазітараў. Конкурсныя праграмы паказалі, колькі выдатных музычных твораў створана беларускімі паэтамі і кампазітарамі.

Першае месца журы прысудзіла Вiкторыі Прыбытка з Шашкоўскай школы мастацтваў (кiраўнiк Н. А. Лабоцкая), дуэту «Хорошее настроение» Дзераўнянскай школы мастацтваў (кiраўнiк М. Л. Авязава), другое месца – узорнаму ансамблю народнай музыкi i песнi «Каласкi» Наваколасаўскай школы мастацтваў (кiраўнiк А. У. Грыбко), трэцяе месца прысуджана Вiкторыі Лiтвiнчык (кiраўнік М. В. Сержан), Ангеліне Прычынец (кіраўнік Р. Т. Дубінец) з Шашкоўскай школы мастацтваў, фальклорнаму ансамблю «Звончыкi» Дзераўнянскай школы мастацтваў (кiраўнiк М. С. Камароўская).

Гран-пры конкурсу атрымала Мілана Нічыпаровіч з СШ № 11 г. Мінска (кіраўнік І. А. Радзькова). Ансамбль народнай музыкi «Медунiца» гэтай установы адукацыі таксама адзначаны дыпломам І ступені. З узнагародамі паехалі і іншыя выканаўцы гэтага адметнага творчага калектыву, які выступаў у стыльных найпрыгажэйшых касцюмах з беларускага льну. І выконваў цудоўныя народныя песні.

Дыпломы пераможцаў конкурсу дасталіся і таленавітым юным выканаўцам і ансамблю народнай песні «Дзяннiца» з Клецка (кiраўнiк К. I. Цыганкова).

Гэты конкурс – тое лепшае на сцэне, што можна паслухаць, паглядзець для сваёй душы і настрою. Падтрымаць сваіх юных выканаўцаў сваім удзелам маглі б бацькі (хто не заняты на працы), бабулі, дзядулі. Было б чаму парадавацца ім, гледзячы на выдатнае выступленне дзяцей. Так паступілі стаўбчане Уладзімір і Надзея Раманчанкі. У складзе ансамбля народнай музыкi «Медунiца» са школы № 11 г. Мінска выступаў іх унук Раман. Прыемна было хлопчыку бачыць у зале сваіх дзядулю і бабулю, гэта натхняла яго і давала сілы выканаць сваю партыю выдатна.

На многія фестывалі і ўрачыстыя адкрыцці выстаў, конкурсаў уваход у раённы Цэнтр культуры свабодны. І стаўбчане могуць скарыстоўваць гэта, наведваць выдатныя канцэрты, якія даюць добры пазітыўны зарад.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>