Майстар з душой рамантыка

2705j

У адной з творчых паездак у Шашкі, падчас размовы са знаёмым, увагу прыцягнуў прыгожа аформлены разьбой насценны гадзіннік.

Такія эксклюзіўныя рэчы робіць Станіслаў Ляпешко.

Станіслаў Пятровіч жыве ў пасёлку Нёман. Трыццаць гадоў займаецца разьбой па дрэве. Па адукацыі – мастак-дэкаратар, скончыў Маскоўскі ўніверсітэт мастацтваў. Ён добра малюе, аднак апошнія гады яго натхняе толькі разьба.

– Зрок ужо не той, – расказвае майстар, – хоць у маладосці больш пэндзаль і аловак выкарыстоўваў. Эскізы для сваіх работ малюю сам. Рэжу пано ў асноўным на заказ. Тэматыка разнастайная, але ў асноўным гэта лазня, паляванне, рыбалка. Карыстаюцца попытам копіі карцін вядомых мастакоў, толькі са змененнымі тварамі – стараюся ўвасобіць воблік заказчыка.

Станіслаў Пятровіч на пенсіі, таму часу для любімага занятку ў яго дастаткова. Гэта не толькі хобі, а і дадатковы заробак. З раніцы да позняга вечара ён прападае ў сваёй мастэрні, што абсталявана ў гаражы. Умовы, так бы мовіць, спартанскія, асабліва зімою, але гэтая акалічнасць ніколькі не перашкаджае. Майстар апранае цяплейшую куртку, бярэ ў рукі разец – і неўзабаве нараджаецца новае пано. Налічылі іх звыш пяцідзесяці. Тут і розныя рамы для люстэркаў, і вешалкі з рагамі дзікіх жывёлін, і іншыя вырабы. Фантазія невычарпальная.

– Муж маёй сястры – прызнаны мастак, у дзяцінстве пастаянна за ім усюды хадзіў, – кажа Станіслаў Ляпешко. – Удзячны швагру за тое, што развіў дадзены мне ад нараджэння дар. Успамінаю, як моцна папала, калі аднойчы размалёўваў печ вугалем. Так больш не рабіў, але занятак гэты не кінуў.

Станіслаў Ляпешко родам з Лубяня. У трынаццаць гадоў застаўся сіратою. Выхоўваўся ў сям’і сястры, якая жыла ў Ваўкавыску. Затым служыў у арміі. Пасля была вучоба, якая заклала асноўныя веды яго будучай прафесіі. Станіслаў Пятровіч расказвае, што аб’ехаў практычна ўвесь былы Савецкі Саюз. Рамантык па натуры, ён не толькі працаваў па спецыяльнасці, але і будаваў на Поўначы дамы, дарогі. Жылі і ў палатках. Сургут, Ніжнявартаўск, Пакачы, Лангепас … Але цягнула на Радзіму, і ён вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Смаргоні, а некалькі гадоў назад купіў у пасёлку торфабрыкетчыкаў кватэру і заняўся любімай справай. Драўніннага матэрыялу тут дастаткова.

– Вызначыць від дрэва магу не толькі па кары і паху, а і на вобмацак, – зазначае майстар. – Рэзаў некалі з дубу, ясеню, а цяпер любімае дрэва – высакародная ліпа. Работа рэзчыка працаёмкая, патрэбны ўседлівасць і інструмент. Заказваў яго ў кавалёў і збіраў усё жыццё. Прывык да гэтай работы, рука так і цягнецца да разца. Пастаянна хочацца штосьці ствараць. Дарэчы, прачытаў у літаратуры, што разьба па дрэве лічылася ў некалькі разоў цяжэйшай, чым у землякопа. А мне маё хобі за радасць. Ніякі штучны матэрыял не заменіць прыгажосць і цеплыню натуральнага дрэва.

І сапраўды, дрэва лашчыць і зачароўвае погляд. Трапіўшы ў рукі майстра, яно набывае другое жыццё.

Талент перадаўся Станіславу Пятровічу ад бацькі. Ён быў вядомым на вёсцы майстрам, рабіў з дрэва розныя рэчы – кадкі, тапарышчы, гэблікі, граблі. Сын – дыпламаваны мастак, жыве ў Мінску. Унук таксама малюе, і пляменнік – таленавіты хлопец.

– Навучыць рэзаць па дрэве можна любога чалавека, дастаткова, каб душа да гэтага занятку ляжала, – робіць выснову Станіслаў Пятровіч. – А каб зрабіць эксклюзіўную рэч, тут ужо дар маляваць павінен быць ад Бога.

Вырабы свае Станіслаў Пятровіч, на жаль, не выстаўляе. Гэта яго справа. Але думаецца, што паглядзець вырабленыя ім з любоўю рэчы (а паказаць, паверце, ёсць што!), людзі прыйшлі б з задавальненнем. І купілі б тую, што ім спадабалася.

Дарэчы, ёсць у Станіслава Ляпешко і яшчэ адно хобі – рыбалка. Ляжаць, чакаючы свайго часу, некалькі вудаў і гумавая лодка.

– Трэба ж калісьці і адпачываць, – рэзюмуе майстар. – Рыбачу адзін і з сябрамі. Едзем з начоўкай на Гродзеншчыну, на Віцебшчыну. Часам удаецца падчапіць і пяцікілаграмовага шчупака. Юшку, прыгатаваную на прыродзе, ні з чым не параўнаць. Лягчэй дыхаецца на свежым лясным паветры.

Відаць, дух рамантыка застаўся з гэтым чалавекам назаўсёды. У такіх вандроўках нараджаюцца і новыя эскізы для яго будучых мастацкіх вырабаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>