Аперацыя на венах – па новай методыцы

У адзін з апошніх дзён мая ў хірургічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы ўпершыню была праведзена аперацыя на венах па новай тэхналогіі.

Для нашага раёна гэтую аперацыю можна без перабольшвання назваць адметнай. Яна была праведзена з удзелам загадчыка кафедры неадкладнай хірургіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дацэнта, доктара медыцынскіх навук Уладзіміра Хрышчановіча, аднакурсніка па вучобе ў Мінскім медыцынскім універсітэце загадчыка хірургічнага аддзялення Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, кандыдата медыцынскіх навук Ігара Яхнаўца. Мы сустрэліся з хірургамі адразу пасля праведзенай аперацыі, яны былі задаволеныя яе ходам, вынікамі і станам пацыенткі. Стаўбчанка Алена Анатольеўна згадзілася расказаць журналістам аб сваіх адчуваннях.

–             Я даўно пакутую ад варыкознага расшырэння вен, у нас гэта спадчынная хвароба – ад бабулі, і першыя прызнакі ў мяне былі ўжо ў 12 гадоў. Я наслухалася ад іншых, як нялёгка праходзіла гэтая аперацыя, якую ім рабілі ў Мінску, і не спяшалася адважыцца на яе, вырашыла нарадзіць дзяцей. Аднак хвароба прагрэсіравала. Я не магла дазволіць сабе надзець кароткую сукенку, заўсёды даводзілася хаваць свае ногі. І вось Ігар Анатольевіч Яхнавец прапанаваў мне выканаць гэтую аперацыю, я адразу згадзілася, таму што вельмі давяраю гэтаму аўтарытэтнаму хірургу, які мае высокую прафесійную рэпутацыю не толькі ў нашым раёне, але і ў рэспубліцы. Прайшло 10 мінут, як я выйшла з аперацыйнай. Аперацыя праходзіла гадзіну, у мяне не было болевых адчуванняў. Збіраюся ехаць дамоў. Планую не зацягваць, і выканаць аперацыю і на другой назе.

Мы просім Ігара Яхнаўца сказаць аб новай тэхналогіі аперацыйнага лячэння варыкозу вен.

–             Да 2012 года, – расказвае Ігар Анатольевіч, – у раёне выконваліся адзінкавыя аперацыі пры варыкознай хваробе з выкарыстаннем традыцыйнай методыкі, якая выкарыстоўвалася на працягу дзесяцігоддзяў – выдаленне расшыраных вен праз разрэзы скуры пад агульнай ці спінальнай анестэзіяй. Гэта дастаткова траўматычная аперацыя, якая патрабуе працяглага прабывання пацыента ў стацыянары і прыводзіць да працяглай яго непрацаздольнасці. На назе пасля яе застаюцца шматлікія рубцы. За год у хірургічным аддзяленні праводзілі ад дзвюх да васьмі такіх аперацый. З 2013 года мы актыўна пачалі ўкараняць у практыку сучасныя метады лячэння варыкознай хваробы, якія ужо даўно прымяняюцца ў развітых краінах. У выніку ў 2016 годзе ў хірургічным аддзяленні стаўбцоўскай раённай бальніцы выкананы 83 флебэктаміі (1,2 працэнта ад усіх флебэктамій, выкананых у клініках Рэспублікі Беларусь), з іх 52 – з выкарыстаннем сучасных методык лячэння (мініфлебэктамія, склеразіраванне ствалоў і прытокаў падскураных вен, кароткі інверсійны стрыпінг вялікай і малой падскураных вен і інш). Асвоена сучасная методыка тумесцэнтнай анестэзіі, якая не патрабуе ўдзелу анестэзіёлага і дазваляе пацыенту адразу пасля аперацыі ўстаць з аперацыйнага стала і самастойна пайсці ў палату ці дамоў. Сярэдняя працягласць лячэння ў аддзяленні пры гэтым склала 2-3 дні. Амбулаторна на платных умовах праводзіцца склератэрапія пры варыкознай хваробе.

–             Наколькі гатова матэрыяльна-тэхнічная база нашай бальніцы для правядзення такога сучаснага аперацыйнага лячэння?

–             Улічваючы інтарэс хірургаў раёна да флебалогіі (сасудзістай хірургіі), а таксама дасягненні ў даным накірунку работы, наяўнасць падрыхтаванага кадравага патэнцыялу Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Мінскага аблвыканкама яшчэ ў 2015 годзе рэкамендавала кіраўніцтву Стаўбцоўскай раённай бальніцы разгледзець пытанне аб стварэнні ў Стоўбцах міжраённага флебалагічнага цэнтра (рашэнне ЛКС Галоўнага упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама № 14.3 ад 01.12.2015 «Аб стане аказання хірургічнай дапамогі хворым з сасудзістай паталогіяй»). Фактычна для адкрыцця міжраённага цэнтра неабходна закупка за кошт сродкаў раённага бюджэту ці за кошт пазабюджэтных сродкаў партатыўнага УГД-апарата і дыёднага лазера для выканання эндавянознай лазернай каагуляцыі вен. На жаль, з-за недахопу фінансавых сродкаў станоўчых зрухаў у даным кірунку пакуль няма. У сваю чаргу ў выпадку дапамогі раёна ў закупцы дыёднага лазера для каагуляцыі вен і партатыўнага УГД-апарата я прыкладу ўсе сілы, каб жыхары раёна маглі атрымаць усе віды сучаснай флебалагічнай дапамогі па месцы жыхарства на ўзроўні, які не саступае сталічным клінікам і прыватным медыцынскім цэнтрам.

–             Сёння ў аддзяленні праведзена аперацыя па зусім новай методыцы з удзелам хірурга-практыка і навукоўца ў галіне хірургіі. Як часта практыкуючым урачам нашай бальніцы даводзіцца прыбягаць да кансультатыўнай і метадычнай дапамогі спецыялістаў акадэміі паслядыпломнай адукацыі?

–             З кафедрай неадкладнай хірургіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Стаўбцоўская ЦРБ цесна супрацоўнічае. За парадай і вопытам звяртаемся ў крытычных сітуацыях, калі для выратавання пацыента неабходны самая высокая кваліфікацыя і вялікі клінічны вопыт супрацоўнікаў кафедры. Дзякуючы таленту і майстэрству асістэнта кафедры Ларысы Уладзіміраўны Тарасік удалося выратаваць жыццё пацыенту з кровацячэннем з язвы страўніка ў сітуацыі, што здавалася безнадзейнай хірургам і рэаніматолагам нашай бальніцы, якія адпрацавалі ўжо шмат гадоў. Неаднаразова ў складаных клінічных сітуацыях на дапамогу эндаскапістам і хірургам прыходзіў асістэнт кафедры Уладзімір Валянцінавіч Сядун, дапамагаючы прыняць правільнае рашэнне і скарэктаваць лячэбную практыку. У бягучым годзе ўкаранёна анлайн-кансультаванне пацыентаў, якія знаходзяцца на лячэнні ў цэнтральнай раённай бальніцы, супрацоўнікамі кафедры неадкладнай хірургіі. Рэкамендацыі загадчыка кафедры Уладзіміра Янавіча Хрышчановіча, дацэнта Ігара Міхайлавіча Ладуцькі, якія мы атрымліваем падчас кансультацый, значна аблягчаюць хірургам раённай бальніцы задачу па выпрацоўцы рацыянальнай лячэбна-дыягнастычнай тактыкі ў складаных сітуацыях, адпадае неабходнасць у транспарціроўцы пацыента ў Мінск для правядзення кансультацыі. Улічваючы вялікі інтарэс стаўбцоўскіх хірургаў да флебалогіі, загадчык кафедры Уладзімір Хрышчановіч арганізаваў выезд у нашу бальніцу і вось сёння правёў майстар-клас па лячэнні варыкознай хваробы з прымяненнем сучаснай методыкі – механахімічнай аблітэрацыі ствалоў падскураных вен з дапамогай камплекта для лячэння вянознай недастатковасці Flebogrif. Гэтая сучасная методыка складае канкурэнцыю лазернай каагуляцыі вен, больш танная, практычна бязбольная, не патрабуе шпіталізацыі, удзелу анестэзіёлага. Упершыню ў Стоўбцах такая аперацыя выканана амбулаторна. Улічваючы ўсе вартасці данага метаду, пацыентка праз 30 мінут пасля правядзення аперацыйнага ўмяшальніцтва пакінула паліклініку і прыступіла да звычайнай паўсядзённай дзейнасці. Неабходнасць у выдачы бальнічнага лістка адсутнічала.

Звяртаю ўвагу на тое, што ў жніўні плануецца прадастаўленне ў карыстанне нашай бальніцы на два тыдні дыёднага лазера для эндавянознай каагуляцыі вен вытворчасці нямецкай кампаніі Biolitec. Аперацыя будзе праводзіцца на платнай умове. Жадаючыя запісацца на аперацыю могуць загадзя звярнуцца да загадчыка хірургічнага аддзялення для папярэдняга агляду і вырашэння спадарожных пытанняў (час можна ўзгадніць па тэлефоне 8-029-526-39-14).

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>