У лета – з бяспечнымі прыгодамі

0705a

31 мая, у пярэдадзень летніх канікулаў, на стадыёне «Юнацтва» прайшло традыцыйнае раённае свята «Бяспечнае дзяцінства», падрыхтаванае раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Ніхто з яго ўдзельнікаў не застаўся без прызоў.

Прызы ад выратавальнікаў, як аказалася, могуць быць не толькі прыемнымі, а і карыснымі. Да прыкладу, тэматычны расклад урокаў спатрэбіцца 1-га верасня. Кнігу «Прыгоды Дашы ў краіне небяспекі» можна з захапленнем чытаць на працягу ўсіх канікулаў. Падчас свята дзеці разам са спецыялістамі і валанцёрамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа стваралі калажы – «Што такое шчаслівае дзяцінства» і «Здаровы лад жыцця». Вучні школ з Аталезі, Горак і Вішняўца прывезлі з сабою і раздавалі незвычайныя флікеры – з выявай герба горада Стоўбцы, якія вырабілі сваімі рукамі. Яшчэ дзяўчынкі і хлопчыкі асвойвалі пажарную тэхніку, надзімалі паветраныя шарыкі, адказвалі на пытанні віктарыны, прымяралі форму пажарнага і міліцыянера, з задавальненнем фатаграфаваліся разам з аўчаркай-»міліцыянерам». Упершыню ўдзел у свяце «Бяспечнае дзяцінства» ўзялі супрацоўнікі Стаўбцоўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, а таксама цэнтральнай раённай бальніцы і райгаза.

Да ўдзельнікаў свята звярнуліся першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Язвінская, валеолаг Ала Шыдлоўская, начальнік аварыйнай службы райгаза Аляксандр Радзівановіч. Кожны з выступоўцаў нагадаў пра правілы бяспечных паводзін: дома, ля вадаёма, у лесе. Была звернута ўвага і на неабходнасць адмовы ад шкодных звычак, тым больш, што якраз 31 мая адзначаўся Сусветны дзень без тытуню, падыходзіла да фінішу раённая антытытунёвая акцыя «Маладосць. Здароўе. Жыццё». З гэтай нагоды раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі заказаў крэатыўныя каляндарыкі, а валанцёры раздавалі іх прахожым.

Творчае суправаджэнне свята, як і многіх іншых акцый выратавальнікаў-пажарных, забяспечыў ансамбль танца «Шчабятушкі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў (мастацкі кіраўнік – Юлія Бохан). За плённае супрацоўніцтва ад райаддзела па надзвычайных сітуацыях калектыву была ўручана падзяка. Адзначаны дыпломамі і пераможцы раённага злёту юных выратавальнікаў-пажарных, які 27 мая прайшоў на базе РАНС, – каманды Заямнаўскай школы (1-е месца), ВПК Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа (2-е месца), СШ № 2 г. Стоўбцы і Дзераўнянская СШ (падзялілі трэцяе месца).

Інспектар РАНС Вольга Салей падзялілася і яшчэ адной прыемнай навіной. Зборная каманда Старасвержанскай і Дзераўнянскай школ прыняла ўдзел у першынстве Мінскай вобласці па пажарна-выратавальным спорце, які праходзіў у Барысаўскім раёне. Яна заняла сярод 23-х камандаў шостае месца і ўвашла ў васьмёрку мацнейшых камандаў, якія ў жніўні сустрэнуцца ў Салігорску падчас Кубка чэмпіёнаў, каб разыграць пуцёўку на рэспубліканскія спаборніцтвы.

Бяспечнае лета – гэта імкненне ўсё ведаць, быць моцным і першым.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>