Як бараніліся ад пажару

0705e

«У м. Новы Свержань 8 мая здарыўся пажар. З-за таго, што быў вялікі вецер і суш, у момант часу ахапілася агнём вялікая частка мястэчка, не больш як за паўгадзіны згарэла. Пажар знішчыў 25 сялянскіх дамоў і амаль усе крамы і яўрэйскія пабудовы. У гэты ж дзень гарэла многа другіх мястэчак і сёлаў. Як кажуць, усіх згарэла каля 10 у невялікай акрузе. Ад чаго гарыць – невядома. Хутчэй за ўсё праз неасцярожнасць».

Такая вось інфармацыя з’явілася ў часопісе «Вольная Беларусь» № 2 за 11 чэрвеня 1917 г. і цытуем гэтыя радкі з невялікімі папраўкамі, згодна з сучасным правапісам, па кнізе «Памяць. Стаўбцоўскі раён».

Акурат стагоддзе ад той жудаснай навіны. А адкрыем факсімільнае выданне нумароў першай беларускай газеты «Наша ніва». Тут ужо даўніна ў 110 гадоў. Нумар 21 за 1 чэрвеня 1907 г. «Пажар у Стоўбцах» – паведамленне «ад нашага карэспандэнта». Чытаем: «Мястэчка Стоўбцы Мінскага павета стала ахвярай агню. Пажар пачаўся 22 мая ў доме начальніка пажарнай каманды Мальбіна. Гуляў страшэнны віхар. Агонь хутка шырыўся па стрэхах драўляных дамоў. Па пачатку пажару не хапіла вады. Пажарная каманда збудавала для сябе за земскія грошы вялікі дом, а не паклапацілася аб тым, каб было ў дастатку вады і каб былі помпы для набірання яе з Нёмана, каторы цячэ пад бокам. Каля першай гадзіны цэлае мястэчка было ў агні. Па вуліцах пачаўся плач і енкі такія, што цяжка апісаць. Па тэлеграфу папрасілі, каб прыслалі пажарныя каманды з Мінска і Міра, але ж прыехалі яны тады, калі не было ўжо чаго тушыць. Згарэла да 500 дамоў. З вялікага мястэчка засталося толькі вуглішча. Ацалела царква, шпіталь і колькі дамоў, а з усяго астатняга – толькі тырчаць коміны, ляжаць горы попелу. Становішча пагарэльцаў – страшэннае. Усе яны з жонкамі і дзецьмі разлажыліся на полі пад адкрытым небам і чакаюць дапамогі…»

Як дапамагчы? У гэтым жа, нашаніўскім двадцаць першым нумары за 1907 год змешчаны яшчэ адзін артыкул на такую ж, як бачна, вельмі праблемную тэму – «Як ратавацца ад пажару». Аўтар пад прозвішчам ці псеўданімам Содаліс пачынае свой крык душы так: «Многа бяды і няшчасця робяць па вёсках пажары. Не адзін багаты гаспадар застаўся ў адной кашулі, дый яшчэ Богу дзякуе, што з душой выскачыў з агню. А ўсё гэта робіць наша цемната і нядбайнасць…»

Слязамі гору не паможаш, і аўтар дае слушныя, на той час самыя эфектыўныя парады. У першую чаргу аб стварэнні дзейсных «стражаў» – пажарных дружын, дзе «ў адну мінуту ўсхопяцца, запрагуць коней і пагасяць полымя». Дый й машыну, раіць ён, можна купіць з вадой, мець сякеры, вяроўкі напагатове. Можна сабраць дружыну на некалькі вёсак, падабраць здатных, спрытных людзей, асабліва адстаўных салдат, навучаных, дысцыплінаваных.

«Я напісаў, як трэба ваяваць з агнём, але яшчэ трэба ведаць, як можна лягчэй да пажару не дапусціць. Нашы вёскі мала не ўсе збудаваны густа, без разрываў паміж хат і гумнаў. Будоўлі рэдка крыюцца гонтай ці драніцай, а больш саломай. Пасярэдзіне вёсак вуліцы вузкія, а дрэў то і не відаць паміж хат».

У № 23 «Нашай нівы» аўтар Содаліс працягвае тэму паратунку ад пажараў. «Будынак ад будынка павінен быць не менш як на 9 аршынаў, – раіць ён. – Паміж імі трэба садзіць ці грушы, ці яблыні, або іншыя лісцевыя дрэвы. Перад хатамі варта рабіць агародчыкі. І шматок зямлі будзе з карысцю заняты, і большая абарона ад перакіднога праз вуліцу агню. Студню трэба мець у вёсцы не адну, а прынамсі, тры. Дах, крыты саломай, варта абляпіць глінай, ён тады не будзе гарэць, як сярнічка. Летам на кожную хату – ставіць цэбар з вадой і з памялом, каб збіваць іскры з даху». І яшчэ шэраг парад дае аўтар, шчыра заклапочаны пра бяспеку жыхароў тых даўнейшых вёсак ці мястэчак.

Захаваныя старонкі газеты даносяць і дэталі, у даным выпадку, трывожнага побыту вяскоўцаў стагоддзе і больш таму назад. І падкрэсліваюць заўсёды патрэбную асветніцкую ролю прэсы.

Ф. БАНДАРОВІЧ

Фота з інтэрнэту

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>