Каб дзеці былі абароненымі

1005a

ДАІ – У ДВАРЫ ГІМНАЗІІ

Інспектары аддзела ДАІ Сяргей Каломенскі, Валянцін Ліпніцкі і Дзмітрый Яўсейчык падрыхтавалі для наведвальнікаў лагера цікавую «вулічную» праграму: прама ў двары гімназіі была арганізавана выстаўка прыбораў і амуніцыі, якой карыстаюцца міліцыянеры. У міліцэйскі гучнагаварыцель нехта з дзяцей нечакана пажартаваў: «Увага, дзеці!». Усе жадаючыя змаглі асвоіцца ў службовым аўтамабілі ДАІ.

Да ўвагі бацькоў! Будзьце сваім дзецям прыкладам на дарозе. Не пакідайце іх без нагляду. Флікеры на вопратцы, абутку – гэта магчымасць зрабіць іх прыкметнымі для вадзіцеля ў цёмны час сутак. Растлумачце, што нельга размаўляць па тэлефоне і слухаць музыку праз навушнікі паблізу праезджай часткі. У абавязковым парадку перавозьце дзяцей толькі прышпіленымі рамянямі бяспекі, а дзяцей малодшага ўзросту – у спецыяльных утрымліваючых устройствах.              

 

БАЦЬКАМ ВЯРНУЛІ ДАЧКУ

Трохгадовая дзяўчынка з вёскі Савоні па рашэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх была вернута бацькам, у сваю сям’ю.

На працягу апошніх трох месяцаў дзіця знаходзілася ў прытулку. Асноўная прычына, па якой яно было адабрана з сям’і, – неналежныя ўмовы пражывання, а менавіта адключэнне дома ад электразабеспячэння ў сувязі з запазычанасцю. Каб малалетняе дзіця жыло ў доме без электрычнасці – гэта нонсенс. Раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях былі выяўлены парушэнні ў пячным ацяпленні. І, акрамя таго, узніклі праблемы з бацькам дзіцяці, які ўжываў спіртныя напіткі, мог не выйсці на працу ў ААТ «Жацерава». Усё гэта і выклікала неабходнасць прымянення Дэкрэта № 18, які прадугледжвае часовае адабранне дзіцяці ў бацькоў. Апошніх гэтая мера падштурхнула да дзеянняў і кардынальнай змены сітуацыі ў сям’і.

Станоўчыя перамены, як падкрэсліла намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько, пачаліся з самага першага дня. Бацькі самі, без старонніх напамінаў і падказак, узяліся за навядзенне парадку на прысядзібным участку. Ухілілі ўсе недахопы, звязаныя з пячным ацяпленнем. У жылых пакоях зрабілі касметычны рамонт. Трэба сказаць, што галава сям’і, які прайшоў лячэнне ад алкагольнай залежнасці і стаў весці здаровы лад жыцця, аказаўся гаспадарлівым і працавітым. Знайшліся і грошы, каб ліквідаваць запазычанасць за электраэнергію.

Набытак сям’і – новая газавая пліта. ВУ «Стоўбцыгаз» пайшоў у гэтым насустрач: пліту выдзеліў у растэрміноўку, устанавіў у сціслыя тэрміны і правёў з карыстальнікамі інструктаж.

Прыемна адзначыць, што за гаспадарчымі клопатамі бацькі не забываліся пра дачушку. Часта прыязджалі да яе ў прытулак з фруктамі і ласункамі. Станоўчыя характарыстыкі на бацькоў былі прадастаўлены па месцы жыхарства і месцы працы. Са свайго заробку яны спраўна кампенсавалі выдаткі на ўтрыманне дачкі на дзяржаўным забеспячэнні.  

Ніводзін з названых нюансаў не застаўся незаўважаным суб’ектамі прафілактыкі, якія ўшчыльную працавалі з сям’ёю. У першую чаргу – Горкаўскай школай, якая штомесяц аналізавала гэтую работу, прадастаўляла інфармацыю ў раённую камісію. У сувязі з тым, што поўнасцю быў рэалізаваны індывідуальны план абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетняй, адміністрацыя школы накіравала хадайніцтва аб разглядзе пытання аб вяртанні яе на выхаванне бацькам. Вяртанне адбылося 1-га чэрвеня, калі адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей.

Сапраўды, гэта так натуральна, калі дзеці знаходзяцца пад абаронай уласных бацькоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ            

 

ГУТАРКА З ПАДЛЕТКАМІ

Прайшоў асноўны этап гутаркі з непаўналетнімі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі, адносна іх занятасці ў летні перыяд.

Паводле апошніх даных, на ўліку ў інспекцыі знаходзяцца 48 падлеткаў. Як паказаў аналіз, 25 з іх самастойна не вызначыліся з аздараўленнем і працаўладкаваннем, таму былі запрошаны разам з бацькамі ў раённую камісію па справах непаўналетніх. Удзел у рабоце камісіі ўзялі раённы педыятр, прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, раённага камітэта БРСМ, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, райаддзела міліцыі.

З размовы з васьмігадовым Уладам і яго матуляй высветлілася, што хлопчык наведвае лагер пры школе, у ліпені яны плануюць разам адпачываць. У жніўні дзіцяці прапанавалі санаторый. Матуля і сын згадзіліся. Іван, навучэнец Карэліцкага ліцэя, і іншыя падлеткі выказалі жаданне працаўладкавацца.

Падлеткам былі прапанаваны на выбар дзіцячыя аздараўленчыя і профільныя лагеры, а таксама аздараўленне ў санаторыі ў Пухавічах, прычым на бясплатнай аснове. Станоўча вырашана пытанне аб працаўладкаванні аднаго з падлеткаў у ААТ «Жацерава». У ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Рубяжэвічы» і Стаўбцоўскі лясгас накіраваны рашэнні раённай камісіі аб працаўладкаванні падлеткаў. У райспажыўтаварыства і СШ № 3 г. Стоўбцы накіраваны рашэнні аб аказанні матэрыяльнай дапамогі бацькам у аздараўленні дзяцей (для аплаты пуцёвак у лагеры).      

– Маніторынг занятасці падлеткаў будзе ажыццяўляцца на працягу ўсяго летняга перыяду, – зазначае намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. – Гэтая мера, як і гутарка, прадугледжана Комплексным планам па прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх, абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у Стаўбцоўскім раёне на 2017-2018 гады (зацверджаны рашэннем райвыканкама № 503 ад 18 красавіка 2017 года). У выпадку ўчынення падлеткам правапарушэння і пастаноўкі яго на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі, у абавязковым парадку будзе разглядацца пытанне аб яго летняй занятасці з мэтай недапушчэння паўторных супрацьпраўных дзеянняў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>