Спорт умацоўвае дух і яднае сяброў

Filed under: Нумары,Спорт |

1005d

На мінулым тыдні ў нашым раёне прайшла ХІ абласная спартакіяда прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Спаборніцтвы праводзіліся на базе аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі ВУ «Стоўбцыгаз» і фізкультурна-аздараўленчага комплексу дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Такія мерапрыемствы абкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу арганізоўваюцца штогод. Наша раённая арганізацыя прымала вясковых спартсменаў Мінскай вобласці ўпершыню.

– Сёлета на Стаўбцоўшчыну, у гэты маляўнічы куточак прыроды, прыехала памерацца сіламі ў розных відах спорту дваццаць адна каманда, – сказаў адкрываючы спартакіяду старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Някрэвіч. – Вітаем усіх аматараў спорту, а сабраліся тут сёння лепшыя з лепшых прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, перапрацоўчай прамысловасці і абслуговых арганізацый раёнаў нашай вобласці. Жадаем усім выступіць дастойна, паказаць высокія вынікі і заваяваць як мага больш узнагарод. Няхай перамога дастанецца мацнейшым.

Ад імя старшыні райвыканкама Юрыя Горлава і сябе асабіста вітаў удзельнікаў спартакіяды першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень:

– На Стаўбцоўшчыне праводзіцца шмат мерапрыемстваў розных узроўняў, і мы рады прымаць вас на нашай гасціннай зямлі. Пастараемся стварыць вам добры настрой. Наш раён славіцца не толькі культурнымі традыцыямі і вытворчымі дасягненнямі, а і спартыўнымі. У горадзе пабудаваны новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які адпавядае сучасным патрабаванням. Тут гараджане і вяскоўцы займаюцца спортам, папраўляюць здароўе і загартоўваюць свой фізічны стан. Завяршаецца рэканструкцыя футбольнага стадыёна. Дастойна выступае наша каманда «Нёман-Агра». Дарэчы, падобныя раённыя спартакіяды праводзяцца ў нас два разы на год – зімовая і летняя. Яны заўсёды праходзяць цікава, эмацыянальна і вызначаюцца масавасцю.

Вітаў удзельнікаў спартакіяды і старшыня Стаўбцоўскага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў.

Гучыць гімн Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Каманды разгрупаваліся па спартыўных пляцоўках, на якіх адначасова праводзіліся наступныя віды спаборніцтваў: міні-футбол, настольны тэніс, валейбол, гіравы спорт, дартс і плаванне.

Барацьба была даволі напружанай. Надвор’е мянялася разам з вынікамі ў зводным пратаколе. У першы дзень спаборніцтваў пайшоў дожджык, што не паспрыяла футбалістам, але не астудзіла іх пыл. Сіла, воля і характар праяўляюцца ў гіравым спорце. Кожны ўдзельнік імкнуўся паказаць лепшы вынік, а найбольш разоў падняў спартыўны снарад наш волат – Анатолій Вільнявец, які і стаў пераможцам у вагавой катэгорыі звыш 80 кілаграмаў. І ў настольным тэнісе нашы спартсмены не падкачалі, у камандным першынстве выйшлі на першае месца. Яны атрымалі кубак і дыплом. Прызавыя месцы і ў нашых плаўцоў – Аксаны Ганчаровай і Максіма Леўкаўца, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. Пераможцам і прызёрам у асабістых спаборніцтвах уручаны дыпломы, медалі і грашовыя прэміі.

Наша каманда лідзіравала да самага апошняга дня, але прызавое месца ў валейболе ўзяць не ўдалося. У гэтым відзе спорту роўных не было валейбалістам са Слуцка, якія ў фінальным матчы абыгралі ўздзенцаў. Першынствавалі ў міні-футболе несвіжане, а ўступілі ім ва ўпартай барацьбе кляччане.

Па выніках усіх відаў спорту пераможцамі спартакіяды сталі спартсмены Мінскага раёна. Стаўбцоўская каманда адстала ад лідара ўсяго на адно ачко і заняла другое агульнакаманднае месца. Замкнула тройку прызёраў каманда нашых суседзяў – Нясвіжскага раёна. Удзельнікі камандаў узнагароджаны памятнымі кубкамі, дыпломамі, медалямі і грашовымі прэміямі.

– У цэлым каманда выступіла дастойна, – сказаў Міхаіл Мамайка, які трэніраваў нашых хлопцаў і дзяўчат. – Да першага месца не хапіла зусім нямнога, і можна было б узяць гэтае адзінае ачко, але ў спорце таксама іграе ролю ўдача. Члены каманды будуць і далей трэніравацца. Упэўнены, што перамогі іх чакаюць наперадзе.

Падчас урачыстага закрыцця спартакіяды Андрэй Някрэвіч падзякаваў стаўбчанам за цёплы прыём. Падзялілася ўражаннямі галоўны спецыяліст Слуцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Гурбо:

– Нам вельмі спадабалася – гэта адна з лепшых арганізацый спартакіяд, у якіх мы ўдзельнічалі. Усё было на ўзроўні: пражыванне, харчаванне. Дыскатэка – проста супер. А ад песень увечары пад акампанемент гітары – уражанні ні з чым не параўнальныя. Калі нас будуць запрашаць, мы гатовы прыязджаць сюды кожны год.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>