Старажытная і маладая Атцэда

1005b

У мінулую майскую суботу ў раёне ладзілася чарговае свята вёскі. Такія мерапрыемствы сталі традыцыйнымі і праводзяцца чацвёрты год запар. Сёлета эстафету прыняла Атцэда.

Першы ўспамін пра гэтае паселішча датуецца 1560 годам. Два стагоддзі валодалі мястэчкам князі Радзівілы. Тутэйшыя землі некалі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі і Польшчы. Вёска двойчы была акупіравана немцамі – у 1917 годзе і ў Вялікую Айчынную вайну. У гады вайны палова дамоў была спалена фашыстамі. Загінулі пяць жыхароў. Пасля перамогі двое вяскоўцаў не вярнуліся ў родныя мясціны – мужныя салдаты пахаваны на чужыне. Першая калектыўная гаспадарка, якая арганізавалася ў вёсцы, называлася «Ленінскі шлях». Зараз вытворчасцю раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі займаецца ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Апошнія шэсцьдзесят тры гады Атцэда з’яўляецца населеным пунктам Стаўбцоўскага раёна.

Гэтая вёсачка размяшчаецца ў маляўнічым куточку, побач з сінявокімі азёрамі. Вяскоўцы звязваюць назву свайго мястэчка з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ, якая праязджала па мясцовасці і ў захапленні ад убачанай прыгажосці ўсклікала: «Вот цэ да!», «Вот цэ да!». Дарэчы, мясцовы паэт Аляксандр Бараноўскі нават склаў на гэтую тэму невялікі жартаўлівы вершык і прачытаў яго аднавяскоўцам і гасцям.

Вёска – гэта аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё. Першае слова, якое прыйшло ад маці. Першая ўсмешка, якая не толькі сагравае, але і дорыць веру ў будучае. У вёсачцы Атцэда жывуць прыгожыя і шчырыя людзі, якія ўмеюць і чалавека з дарогі прывеціць, і ў хату запрасіць, і вадой напаіць. Ад двара да двара рухаўся людскі паток. Да бацькоў прыехалі дзеці з унукамі і праўнукамі. Кожная сям’я імкнулася паказаць свае здатнасць і ўменне.

Пачалося ўрачыстае шэсце ад дома Рамуальды Ермаловіч. Гаспадары гасцінна сустрэлі гасцей караваем, уручылі на памяць кішэнныя каляндарыкі. Жанчыны пастараліся, накрылі багаты стол і пад музыку частавалі ўсіх прысмакамі. Жыбулі, Васілеўскія, Кухарчыкі, Прыбыткі, Галоўкі, Бараноўскія, Сімаковічы, Аршаўскія, Жывіцкія, Багдановічы, Міцкевічы… Кожны з іх рыхтаваўся, каб здзівіць сваімі кулінарнымі здольнасцямі. І здзівілі-такі. Па-майстэрску аформілі стравы, смачна прыгатавалі. На сталах стаялі мясныя і салодкія пачастункі. Суседкі Надзея Сенька і Ала Галоўка нават зрабілі з цеста і падарылі эксклюзіўныя медалі. Трэба адзначыць, што людзі мясцовыя працавітыя. Яны здавён і коўдры ткалі, і пражу пралі, і вышывалі. Усе гэтыя вырабы і прыстасаванні беражліва захоўваюцца нашчадкамі і былі выстаўлены напаказ.

Як сведчыць народная мудрасць, той род добры, дзе старэйшым павага і гонар. І тое свята славіцца, дзе ім галоўнае месца. Жыве ў вёсцы самая старэйшая жыхарка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Міхайлаўна Зубкова, якой споўніўся 91 год. Варта сказаць, што старэйшыны вёскі – носьбіты вясковых традыцый і жыццёвага ўкладу, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Пажылой кабеце ўдзялілі асаблівую ўвагу. Пад апладысменты аднавяскоўцаў яна атрымала падарунак ад сельвыканкама. Песня, якая прагучала для Валянціны Міхайлаўны, выклікала ў жанчыны даўнія ўспаміны, і па маршчыністай шчацэ спаўзла няпрошаная слязінка.

Праца ў вёсцы заўжды была ў павазе. Вяскоўцы ганарацца сваімі землякамі, якія шчыравалі ў розных галінах вытворчасці раёна.

Былі ўшанаваны ветэраны працы, былыя работнікі мясцовага прыватнага сельгаспрадпрыемства «Профі-Аграцэнтр» Феліцыя Карповіч і Марыя Пяткевіч, паштовага аддзялення – Раіса Багдановіч, ДЭУ-62 – Алімпія Бараноўская, а таксама працаўнікі Акінчыцкага лясніцтва – Віталій Ермаловіч, Коласаўскай школы – Аляксандр Пяткевіч, аб’яднання камунальных службаў – Алег Кухарчык.

Прагучалі песні для юбіляраў, якія адзначылі ці адзначаць сёлета свае круглыя жыццёвыя даты: Ніны Бохан, Алімпіі Бараноўскай, Софіі Багдановіч, Юрыя Багдановіча, Зоі Пяткевіч, Марыі Жыбуль і Вячаслава Байкова. Павіншавалі і самую маленькую жыхарку, аднагадовую Віялету Байкову. Паўналецце сёлета сустрэне Аляксандр Палякоў. Няхай у іх жыцці ўсё ладзіцца, моцным будзе здароўе.

– Святы – гэта не толькі магчымасць разам спяваць і танцаваць, а і адчуць адзін аднаго бліжэй, – звярнулася да жыхароў вёскі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім. – Прыемна было сустрэцца з вамі, адчуць душэўную гасціннасць і цеплыню. Вы пільна сочыце за парадкам у сваёй вёсцы, а ўсе разам мы ўпрыгожваем нашу родную Беларусь.

Старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік павіншаваў жыхароў вёскі, іх дзяцей і ўнукаў са святам. Адзначыў, што людзі тут жывуць ветлівыя і дружалюбныя. З імі заўсёды можна абмеркаваць і станоўча вырашыць любое пытанне. Асаблівая ўдзячнасць за дапамогу ў рабоце была выказана старасце вёскі Рычарду Багдановічу.

– Упэўнены, што вёскі нашага раёна, і ў прыватнасці Атцэда, не знікнуць, а будуць працягваць жыць і развівацца далей, – выказаў думку старшыня райсавета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі. – Бо набываюць тут людзі ўчасткі, будуюцца. Дачнікі таксама падтрымліваюць мясцовыя традыцыі.

На працягу ўсяго шэсця гаварылі цёплыя словы і спявалі для вяскоўцаў удзельнікі народнага ансамбля «Дольніца» Горкаўскага сельскага дома культуры. Канцэрт падрыхтавалі артысты Наваколасаўскага і Старасвержанскага цэнтраў культуры.

Для маленькіх жыхароў вёскі працаваў атракцыён. Былі выстаўлены вырабы народных умельцаў. Прадаставілі паслугу – катанне на конях – гаспадары аграсядзібы «Конная застава».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>