Здабудзь дух мірны

1005c

У гэтай творчай камандзіроўцы мы спаўна ацанілі, які ж выдатны праект епіскапа Ціхана (Шаўкунова) «Несвятыя святыя» з аповедамі пра людзей Святой Царквы Хрыстовай. Кожны з нас можа сустрэць на сваім зямным шляху такіх падзвіжнікаў.

–             Вось такія мы выбраннікі Божыя, Бог нас і трымае ля Царквы, – у прастаце сваёй заключае Барыс Марцінавіч.

–             Ён звоніць у званы, – уступае ў дыялог Міхаіл Вікенцьевіч, – а я заўсёды стаю побач і малюся.

–             Званю я ў званы, слёзкі цякуць, і думаю – вось мой бацька некалі гэтыя званы з Навагрудка прывёз, і імя яго з яшчэ трыма вяскоўцамі на званах напісана – Марцін Барысевіч. А я працягваю яго справу, Бог мне яшчэ дае гэта ў 90 маіх гадочкаў, званю і сэрца маё маладзенькім становіцца. Дзякуй Богу за ўсё.

Аб гэтых двух падзвіжніках Царквы Хрыстовай расказваюць цэлыя легенды. Вёска Вязавец, дзе яны жывуць, знаходзіцца за тры кіламетры ад Вішняўца, дзе стаіць старадаўні з 275-гадовай гісторыяй мураваны храм Нараджэння Іаана Прадцечы, прылічаны да помнікаў сакральнай архітэктуры Беларусі.

Каб трапіць на службу, сябры выходзяць з дому ў шэсць гадзін раніцы, з кіёчкам даходзяць да храма да пачатку службы – трэба ж жывым голасам званоў людзей у царкву паклікаць. Летам Міхаіл Вікенцьевіч ездзіць на ровары. Ён яго сам змайстраваў пад сваю патрэбу – колы паставіў ад дзіцячага веласіпеда, каб лягчэй было злазіць з яго нямоглымі нагамі. Некалі яны ўдвух спявалі ў гэтым храме пад кіраўніцтвам псаломшчыцы Паляшчук Марыі Васільеўны. На Светлай сядміцы сёлета правялі яны яе ў апошні зямны шлях. А цяпер не падняцца ім па крутой вінтавой лесвіцы на клірас. Спявае зараз умелы хор з Нясвіжа.

З царквою ў гэтых люд               зей даўнія духоўныя карані. У Вішнявецкім храме служылі прадзед, дзед і бацька Барыса Марцінавіча, пры цары дзед Міхаіла Вікенцьевіча Дзмітрый Іосіфавіч меў пасаду папячыцеля ў храме. Малодшая дачка Міхаіла Вярцейкі – цяпер манахіня ў расійскім манастыры. Жонка Барыса Марцінавіча Марыя Іванаўна 20 гадоў была казначэем у сваім храме. Іх сямейны саюз складае 65 гадоў, і настаяцель храма айцец Генадзій Кійко адзначае, што іх шлюб – у вышэйшай ступені прыклад хрысціянскай сям’і, дзе любоў, клопат, беражлівыя адносіны адно да аднаго захаваліся, як у першы дзень, ды яшчэ адшліфаваліся, нібы золата. Цяпер Марыя Іванаўна па стане здароўя ў царкву не можа хадзіць, Барыс Марцінавіч моліцца ў храме, а яна ўзносіць малітву Усявышняму дома. І так спаўняюць Закон Божы.

Пра свой вішнявецкі храм прыхаджане расказваюць розныя гісторыі. Дзед Міхаіла Вікенцьевіча апавядаў, што некалі Напалеон, калі праходзіў па нашых землях, у непагадзь сюды сваіх коней заганяў. Храм-пакутнік чуць быў не закрыты ў нашы дні. Паехаў Барыс Марцінавіч у Мінск і аб’явіў, што храм не дадуць вяскоўцы закрыць, бо ён і пры камуністычнай уладзе не закрываўся, і пры немцах – толькі сляды ад куль засталіся. Вытрымалі па два метры тоўстыя сцены.

– Фрыцы ў вайну званы паздымалі, забралі, яны ж сярэбраныя, нам толькі адзін з шасці пакінулі, у яго і званю, ды яшчэ маленькі ёсць, – з болем у сэрцы гаворыць Барыс Марцінавіч.

–             Ніколі мы не думалі, што дачакаемся, што наш храм ажыве, расквітнее, будзе даведзены да ладу, колькі ж мы разам з ім адпакутавалі, – уступае ў размову Ірына Іванаўна Камёнка, дом якой суседнічае з царквою. – А прыйшоў наш айцец Генадзій, узяў усё ў свае рукі. Хіба ж можна пазнаць царкву, якая яшчэ шэсць гадоў назад была ў такім запусценні. А цяпер – прыгожая, як унутры, так і звонку, думаю, што такой прыгожай, як у нас царквы, нідзе няма, яшчэ і старадаўняй. Наш бацюшка і да нас так жа шаноўна адносіцца, з такой павагай, з такой любоўю.

–             У Евангеллі гаворыцца, што няма прарока ў сваёй Айчыне, – дапамагае Ірыне Іванаўне Міхаіл Вікенцьевіч, – а тут Гасподзь так ушанаваў айца Генадзія на сваёй зямлі. Ён жа наш, і нарадзіўся ў гэтых мясцінах, і школу тут закончыў, і вось прыехаў сюды ўжо свяшчэннікам і ўсе праблемы нашы шматгадовыя вырашыў, храм да ладу давёў.

–             Удзячнасць вялікая яму і за храм – з воляй Божай і з людзьмі шмат што зроблена (і яшчэ кожны месяц ходзім па дамах грошы збіраем, ёсць яшчэ работы неадкладныя, вось і падмурак трэба пафарбаваць), і за яго адносіны да нас. Такі добры чалавек, тонкай душы, ніколі нікога не пакрыўдзіць, як жа мы яго беражом і любім, – уступіў у размову і Барыс Марцінавіч.

Ведаючы айца Ганадзія, нам вельмі прыемна чуць такія словы, таму што і сапраўды гэта яго сэрцам і неймавернымі стараннямі храм, дзе некалі і яго самога хрысцілі, адноўлены і даведзены да такога хараства, якім і павінен быць дом Божы. Цяпер у айца Генадзія з’явіўся і яшчэ адзін прыход – іконы Божай Маці «Неўпіваемая чаша» ў суседнім сельскагаспадарчым таварыстве «Вялікі Двор», а таксама каплічка ў Асіпаўшчыне. І акармляе пастыр адзінаццаць вёсак.

–             А людзей жменька ў іх, і ў нас у Вязаўцы сем дамоў пустуюць, – трапным народным словам заключае Барыс Марцінавіч.

Пра нашых герояў вельмі б хацелася расказаць яшчэ, толькі газетнай плошчы ніколі не хапае. Аб іх можна гаварыць і як аб дбайных гаспадарах, надзейных сем’янінах, аб добрых бацьках, якія выгадавалі дастойна сваіх дзяцей (і ў аднаго, і ў другога – па тры дачкі). Іхнія сядзібы чыстыя, дагледжаныя – прыклад усім. Цяпер іх утрымліваць у дабрабыце дапамагаюць дзеці-гараджане, якія таксама ўжо на пенсіі. Некалі Міхаіл Вікенцьевіч выкладаў вучням навакольных школ сельскагаспадарчыя прафесіі. Барыс Марцінавіч 40 гадоў адпрацаваў у мясцовым калгасе вадзіцелем. Ён вясёлы, жартаўлівы, жывы. Кажа, што заўсёды быў у мастацкай самадзейнасці, з кадрыллю ездзіў нават на гастролі ў Польшчу і два разы выступаў па тэлебачанні. Для нас было неверагодна пачуць, што ў свае 90 гадоў Барыс Марцінавіч трымае ў гаспадарцы каня і казу. Ён з імі гаворыць, абдымае, галубіць, і яны горнуцца да яго. Кажа, што без гэтага клопату ён не змог бы захаваць такі добры фізічны стан, бо рух, праца з малітваю – гэта жыццё. Гаворыць, бывае, і забаліць што-небудзь, а потым і перабаліць, а ён працы і малітвы не пакідае. Навакольны свет – гэта для яго таксама тварэнне Божае, ён захапляецца ўсім, як дзіця. Цэлую гісторыю любові расказвае пра сваіх казу-карміліцу і каня, якія пасуцца толькі разам, і адзін без аднаго не могуць.

А мы ўбачылі на яве, што такое радасць у Хрысце. Барыс Марцінавіч проста свеціцца ёю, мы не можам з ім расстацца, ён пастаянна выказвае Богу ўдзячнасць, асыпае нас жартамі, любоўю і благаслаўляе на дарогу ля сваіх веснічак. Нам цёпла, камфортна, утульна, надзейна, светла, радасна. Вось так і спраўджваецца духоўнае настаўленне прападобнага Серафіма Сароўскага: «Здабудзь дух мірны, і вакол выратуюцца тысячы».

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>