Пачаўся купальны сезон

Filed under: Медыцына,Нумары |

Стаўбцоўскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі сумесна з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённай арганізацыяй Таварыства выратавання на водах праведзены рэйд па праверцы гатоўнасці зон адпачынку, замацаваных за суб’ектамі гаспадарання згодна з рашэннем райвыканкама ад 28.03.2017 № 405 «Аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы зон масавага адпачынку да купальнага сезона 2017 года на водных аб’ектах Стаўбцоўскага раёна».

Сярод зон адпачынку, якія чакаюць жыхароў і гасцей горада і раёна, – пляжы на рацэ Нёман і возеры ў Стоўбцах, пляж на рацэ Нёман турысцка-аздараўленчага комплексу «Высокі бераг», чатыры зоны адпачынку: на рацэ Нёман паблізу дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок», на сажалцы ў аграгарадку Горкі, на возеры Кромань, на вадаёме вёскі Подгорная.

У ходзе рэйду выяўлены шэраг заўваг адносна выканання зацверджанага плана мерапрыемстваў, суб’ектам гаспадарання накіраваны рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў.

Спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўзяты пробы вады з усіх названых зон адпачынку. Усе пробы па даследаваных мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках адпавядаюць гігіенічным нарматывам. Кантроль за якасцю вады на вадаёмах будзе ажыццяўляцца на працягу ўсяго купальнага сезона.

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі папярэджвае, што купанне ў вадаёмах, на якіх не абсталяваны пляжы і не кантралюецца якасць вады, з’яўляецца небяспечным для здароўя. З надыходам гарачага надвор’я павышаецца рызыка захворванняў на вострыя кішэчныя інфекцыі, звязаныя з перадачай узбуджальнікаў праз харчовыя прадукты, а таксама з купаннем у адкрытых вадаёмах або выкарыстаннем вады з іх. З мэтай прафілактыкі захворванняў на кішэчныя інфекцыі рэкамендуем не купацца ў месцах, дзе гэта забаронена, ці ў выпадковых вадаёмах, не ўжываць ваду з невядомых крыніц, карыстацца вадой у завадской упакоўцы, не браць на пляж прадуктаў, якія хутка псуюцца. Пры купанні ў вадаёмах старацца не дапускаць пападання вады ў рот.

З сабою на пляж бярыце толькі свежапрыгатаваныя прадукты ў індывідуальнай чыстай упакоўцы, гародніну і садавіну – найлепш ужо вымытыя. У абавязковы набор уваходзіць вада ў бутэльках, аднаразовыя гігіенічныя сурвэткі для рук. Выконвайце простыя правілы асабістай гігіены.

Пры ўзнікненні сімптомаў вострай кішэчнай інфекцыі (павышэнне тэмпературы, ванітаванне, боль у жываце і інш.) неабходна неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Памятайце, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Беражыце сябе!

Наталля Рык, урач-гігіеніст

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>