Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

1405c

Гэты здымак быў зроблены ў Заслаўі падчас правядзення Дня беларускай пісьмовасці і друку. Тыя, хто пабываў у гэтым старадаўнім гарадку, нібы перанесліся ў часы паўтысячагодняй даўніны. На стылізаваным станку друкар рабіў адбіткі на лістках, якія складваліся ў старонкі кнігі. Так шчыраваў і Францыск Скарына. «Роднае слова для люду паспалітага», слова, якое жывое праз вякі, якое навучае любові і вернасці Бацькаўшчыне.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

МУЗЕЙ – ЖЫВЫ АРГАНІЗМ

Пабыць на Стаўбцоўшчыне, наведаць Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольню, Мікалаеўшчыну, палюбавацца краявідамі маляўнічых урочышчаў Прыстанька, Бервянцы, Высокі бераг, а заадно і далучыцца да жыцця і творчасці народнага песняра – лічаць за свой грамадзянскі абавязак дзясяткі і сотні тысяч беларусаў з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны і з-за яе межаў. Але ж, наведаўшы толькі сапраўды дзівосныя коласаўскія мясціны, прайшоўшы Коласавым шляхам, яшчэ не значыць, што вы ў поўным аб’ёме пазнаёміліся з літаратурнай картай Стаўбцоўшчыны.

Зразумела, калі называць прозвішчы сучасных паэтаў-землякоў, то значная частка іх паходзіць адтуль, з Мікалаеўшчыны. Гэта былыя выпускнікі Мікалаеўшчынскай школы Алесь Рыбак, Сымон Белы, Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей, Дзмітрый Дземідовіч. Але ж абмежавацца гэтымі імёнамі было б вельмі несправядліва. Вось таму 20 гадоў назад і ўзнікла ідэя стварэння музея «Стаўбцоўшчына літаратурная» з мэтай дасканалага даследавання і вывучэння творчасці і іншых пісьменнікаў нашага раёна. З’явілася гэтая ідэя не проста так. Справа ў тым, што Дзераўнянская школа не менш чым Мікалаеўшчынская ганарыцца сваімі былымі выхаванцамі, зараз вядомымі беларускімі пісьменнікамі Казімірам Камейшам і Генрыхам Далідовічам, ураджэнцамі вёсак Навікі і Янкавічы.

Пошук кропак на літаратурнай карце Стаўбцоўшчыны працягваецца, як працягваецца і сама літаратурная гісторыя. І вельмі б хацелася, каб важкі ўклад у гэтую справу быў зроблены нашым школьным музеем, нашымі краязнаўцамі, членамі аб’яднанняў па інтарэсах «Літаратурны ветразь» і «Юны карэспандэнт».

У нашай школе прайшло свята, прысвечанае 20-годдзю з дня адкрыцця музея «Стаўбцоўшчына літаратурная». Да нас завітаў знакаміты беларускі паэт, былы выпускнік нашай школы, лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А. Куляшова Казімір Камейша. Ён любіць жартоўнае слова, ведае на памяць незлічоную колькасць эпіграм і вершаваных экспромтаў, гэта ён склаў першую ў айчыннай літаратуры «Анталогію беларускай эпіграмы».

Яўген Карпуць – даўні сябар школы, паэт, кампазітар, мастак, музыкант, аўтар гімна нашай установы адукацыі, не адно мерапрыемства ў школе не праходзіць без яго. Разам з Яўгенам Вікенцьевічам прыехала яго жонка Леанарда Вячаславаўна, у якой з адукацыяй звязаны многія гады прафесійнага жыцця і якая працяглы час з’яўлялася куратарам Дзераўнянскай школы.

Спачатку госці і ўсе прысутныя наведалі музей «Стаўбцоўшчына літаратурная», дзе школьнікамі была праведзена цікавая аглядная экскурсія. Затым усе сабраліся ў актавай зале. Навучэнцы разам з загадчыцай музея Ганнай Дзямянка і бібліятэкарам школы Вандай Даўгапол падрыхтавалі святочную праграму, у пачатку якой дырэктар школы Марыя Шумчык цікава і падрабязна расказала пра гісторыю стварэння і развіцця школьнага музея. Яна прыгадала імёны тых людзей, хто стаяў ля вытокаў адкрыцця музея. Гэта былы дырэктар школы Леанід Кахновіч, які, на жаль, ужо пайшоў з зямнога жыцця, і настаўніца роднай мовы і літаратуры Софія Варатынцава. Марыя Мар’янаўна выказала падзяку Софіі Іосіфаўне за вялікую і адказную работу па стварэнні музея, адзначыла плённую працу Ганны Іванаўны, цяперашняй загадчыцы музея.

Кіраўнік музея Ганна Дзямянка азнаёміла прысутных з асноўнымі накірункамі дзейнасці музея, якія з’яўляюцца вынікам сумеснай працы педагогаў і навучэнцаў. А гэтая справа ў сваю чаргу патрабуе энтузіязму і ведаў. Аб тым, як усё пачыналася, расказала першая загадчыца музея Софія Варатынцава. Са словамі прывітання юбіляру выступілі госці.

Казімір Камейша і Яўген Карпуць прачыталі свае вершы. Казімір Вікенцьевіч цікава расказаў пра тое, як былое школьнае жыццё паўплывала на фарміраванне яго творчага паэтычнага таленту, дапамагло яму зрабіць першыя крокі ў літаратуры.

З цікавай мастацкай праграмай, у якой гучалі творы Казіміра Камейшы, Генрыха Далідовіча, Яўгена Хвалея, Алеся Камароўскага, Міколы Маляўкі выступілі навучэнцы школы.

З чытаннем уласных вершаў выступілі таксама ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Літаратурны ветразь».

Школьны літаратурны музей – жывы арганізм, які ўвесь час абнаўляецца. З’яўляюцца новыя экспазіцыі, удасканальваюцца ранейшыя, назапашваюцца новыя экспанаты. Робіцца ўсё для таго, каб сабраны матэрыял як мага больш эфектыўна працаваў на папулярызацыю беларускай гісторыі і літаратуры, выконваў важную ролю ў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення. З гэтай мэтай у музеі «Стаўбцоўшчына літаратурная» праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, заняткі з навучэнцамі, сустрэчы з беларускімі паэтамі і паэтамі-землякамі. Такія сустрэчы глыбока западаюць у дзіцячыя душы і назаўсёды застаюцца ў іх памяці і, магчыма, некаторых навучэнцаў натхняюць на стварэнне ўласных твораў.

У дзень урачыстасці нашы госці папоўнілі музей зборнікамі сваіх вершаў, а навучэнцы школы гасцям уручылі памятныя сувеніры, зробленыя рукамі ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах «Фантазія».

Леакадзія КАРОТКАЯ,кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>