Старыя Стоўбцы

02-09-paniamon

БЕЗ БАЗАРУ Ў БАЗАРНЫ ДЗЕНЬ

Гартаючы свае запісы, натрапіў на некалі зробленую ў Брэсцкім аблархіве выпіску з дакладной запіскі, якую 30 мая 1940 года накіраваў старшыні аблвыканкама Івану Туру начальнік Упраўлення НКУС па Баранавіцкай вобласці палкоўнік Аляксандр Місюраў. У сваім даволі прасторным інфармацыйным паведамленні пад загалоўкам «Аб савецкім гандлі ў Баранавіцкай вобласці» ён прыводзіць шмат прыкладаў пра дзейнасць новай – савецкай – для былога заходнебеларускага рэгіёна сферы гандлю.

У дачыненні да Стоўбцаў найперш кінулася ў вочы паведамленне пра спробу ўвядзення тагачаснымi гарадскімі ўладамі падатку на права гандлю на мясцовым рынку: за заезд на тэрыторыю базарнай плошчы патрэбна было заплаціць ні многа ні мала – 5 савецкіх рублёў. Гэтая ініцыятыва аказалася настолькі абсурднай, што ёй абурыўся нават галоўны чэкіст вобласці: «У Стаўбцоўскім раёне маюцца выпадкі парушэння правілаў спагнання збораў за продаж сельскагаспадарчых прадуктаў на Базарнай плошчы. Так, напрыклад: загадчык гандлёвага аддзела райвыканкама тав. Шандалаў аддаў распараджэнне загадчыцы базарнай плошчы Эверт Рамуальдзе за кожную фурманку, якая заехала на базарную плошчу, браць базарны збор па 5 рублёў з кожнай і як факт:

1. 17 мая селянін вёскі Ячонка Cтаўбцоўскага раёна Рубін Ілья Станіслававіч прыехаў на базар без усялякіх прадуктаў з мэтай што-небудзь купіць для сябе і пры выездзе з базарнай плошчы зборшчык запатрабаваў з яго 5 рублёў за ўезд на базарную плошчу і толькі пасля доўгіх перамоў Рубін заплаціў 3 рублі базарнага збору.

2. Селянін вёскі Скамарошкі Залужскага сельсавета Пархімовіч Віктар прадаў на базары 3 пуды бульбы за 12 рублёў і з яго спагналі базарны збор 5 рублёў.

Такое скажэнне ў зборы базарнага падатку за продаж сельскагаспадарчых прадуктаў прывяло да таго, што 17 мая г. г. у базарны дзень на базарнай плошчы было ўсяго 15-20 чалавек, а звыш 800 чалавек знаходзілася ў ваколіцах базарнай плошчы, на вуліцах і завулках, што выклікала масавае незадавальненне сялян, якія прыехалі на базар».

Цікава, што ў пачатку 1990-х гадоў падобны пабор з ганляроў гарадскога рынку паспрабаваў увесці і Стаўбцоўскі райспажыўсаюз. Але і тады гэтая ініцыятыва не змагла прыжыцца.

 

НА ЎВЕСЬ ГОРАД – АДЗІН CHEVROLET

Насуперак ходкаму ў народзе афарызму ад небезвядомага Астапа Бэндара з «Залатога цяляці» Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова, што «аўтамабіль – гэта не раскоша, а сродак перамяшчэння», на Стаўбцоўшчыне ў год выхаду ў свет першага кніжнага выдання згаданага рамана такі транспартны сродак сапраўды быў вялікай рэдкасцю. Аб гэтым можна меркаваць з паведамлення стаўбцоўскага павятовага старасты аб абавязковым прадстаўленні аўтатранспарту на выпадак вайны, апублікаванага ў № 48 за 15 снежня 1932 года афіцыйнага бюлетэня адміністрацыі Навагрудскага ваяводства «Nowogrоdzkidziennikwojewоdzki». Адкуль вынікае, што на той час на абавязковым уліку ў Стаўпецкім павеце, які, зазначым, быў значна большым па плошчы, чым цяперашні наш раён, знаходзілася ўсяго толькі 14 адзінак механічнага транспарту. Прычым, сем з іх былі зарэгістраваны ў Міры, адна ў маёнтку Адамава Жухавіцкай гміны і шэсць – у населеных пунктах сучаснага Стаўбцоўскага раёна.

Цікава, што ў павятовых Стоўбцах у 1932 годзе знаходзіўся на ўліку толькі адзін легкавы аўтамабіль Chevrolet, уладальнікам якога з’яўляўся нехта Сымон Браноўскі, што жыў па вуліцы Школьнай, д. 10. Аўтамабілем Dоdge-Brothers карысталася ўладальніца маёнтка Хатава Зоф’я Незабытоўская. Карэтка ці, як мы сёння кажам, кабрыялет маркі Ford знаходзіўся ва ўласнасці фірмы Swierk з Налібакаў. Яшчэ адзін легкавік маркі Ford быў у распараджэнні кіраўніцтва дрэваапрацоўчай фірмы Anglo-Europa, якая размяшчалася ў Новым Свержані. Уласнікамі двух невялікіх аўтобусаў маркі Chevrolet і Ford былі адпаведна жыхар Налібакаў Ян Астапкевіч і Юльян Вількоцкі з Рубяжэвічаў.

Дзеля справядліваці трэба адзначыць, што свой ведамасны аўтатранспарт меў і Корпус аховы пагранічча, штаб якога размяшчаўся ў Стоўбцах. Аднак, у адрозненне ад аўтамабіляў, што належалі прыватным асобам, транспартныя сродкі пагранічнікаў з’яўляліся ўласнасцю вайсковага ведамства і не падлягалі рэгістрацыі ў павятовым старостве. Таму, не маючы пад рукой адпаведных архіўных дакументаў, гаварыць аб іх колькасці не выпадае.

Сяргей ГАЛОЎКА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>