Да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Filed under: Культура,Нумары |

СЫМОНАВЫ НАШЧАДКІ

На сцэне Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў прайшоў штогадовы рэгіянальны конкурс індывідуальных выканаўцаў у намінацыі «вакал і сцэнічная мова» (мастацкае чытанне), а таксама ансамбляў і тэатральных калектываў. У гэтым годзе конкурс праходзіў чацвёрты раз і быў прыўрочаны да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. І назва конкурсу сугучная з творамі класіка беларускай літаратуры, нашага славутага земляка.

У конкурснай праграме ўдзельнічалі юныя выканаўцы з Клецка, Чэрвеня, Бараўлян і Старасвержанскай, Дзераўнянскай, Шашкоўскай. Стаўбцоўскай школ мастацтваў, Рубяжэвіцкай сярэдняй школы.

Толькі ў намінацыі «вакал і сцэнічная мова» спаборнічалі 30 юных чытальнікаў і каля 15 вакалістаў. У праграме гучалі народныя песні, творы Якуба Коласа і Янкі Купалы і іншых беларускіх пісьменнікаў.

У ліку пераможцаў конкурсу ў розных намінацыях і розных узроставых групах – Ульяна Бурдзейка, Лізавета Сімдзікава з Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў; Мілана Бондарава, Максім Грыб, Марыя Саладуха, Маргарыта Сінянкова, Ульяна Грыбянькова, Марыя Яўсейчык, Яўген Кульша, Кацярына Васілеўская, узорны ансамбль народнай песні «Жавароначкі», ансамбль народнай песні «Стаўбчаначка» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў; Ангеліна Прычынец Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў; Надзея Рыцько, Надзея Санкевіч, Варвара Гарэлых, узорны ансамбль народнай песні «Вясёлы падворак», ансамбль народнай песні «Кропелька» Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Усе ўдзельнікі і пераможцы конкурсу атрымалі памятныя падарункі і дыпломы. Журы адзначыла высокі выканаўчы ўзровень і сцэнічную культуру дыпламантаў і падзякавала ўдзельнікам і арганізатарам мастацкага конкурсу.

Конкурс набірае абароты, і гэта добры стымул для Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў чакаць на юбілейны V конкурс яшчэ большага прадстаўніцтва юных талентаў.

Вольга НАВІЦКАЯ,загадчыца тэатральнага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў

 

КАЛЯ СТАРАДАЎНІХ ЗАМКАЎ

ІХ Міжнародны конкурс-пленэр юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука ў гэтым годзе пашырыў геаграфічныя рамкі ўдзельнікаў і сабраў творцаў не толькі з Беларусі, але і з бліжняга замежжа.

На працягу некалькіх дзён дзеці малявалі на вуліцы архітэктурныя каштоўнасці Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-заказніка «Нясвіж». Пакуль вучні працавалі, педагогі сабраліся за круглым сталом, каб падзяліцца вопытам, расказаць аб сваіх праектах. На пленэры прысутнічалі ўдзельнікі з іншых краін.

Умовамі конкурсу было прадугледжана выдзяленне толькі па адным першага, другога і трэцяга месца. Таму лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені ў сярэдняй групе вучаніцы мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Паліны Камёнка мае салідную вагу. Самай юнай удзельніцай пленэра была Ксенія Супрун, таксама, як і Паліна, вучаніца выкладчыкаў Андрэя і Ірэны Зянько.

У гэтым міжнародным пленэры прынялі ўдзел і вучні Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Дудук, Анастасія Слабейка, Ганна Разумкова, з якімі працуюць Ганна Мартыненка і Уладзімір Несцярук.

Для юных мастакоў было вялікай прыемнасцю і працаваць з мальбертамі на ўлонні прыроды, і пабыць на экскурсіі па замку. Работы ўдзельнікаў конкурсу былі выкладзены ў вялікай танцавальнай зале комплексу, і кожны мог азнаёміцца з імі. Гэты пленэр – адзін з нямногіх мастацкіх конкурсаў, дзе не патрабавалася фінансавых укладанняў бацькоў. Арганізатары – Нясвіжскі райвыканкам, Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў, Нацыянальны гісторыка-культурны музей «Нясвіж» і Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей узялі гэта на сябе. Педагогі дзіцячых школ мастацтваў і бацькі выказваюць удзячнасць аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які прадаставіў транспарт, каб дзеці маглі на працягу некалькіх дзён ездзіць у Нясвіж. Добрай памяццю для ўдзельнікаў конкурсу застануцца дыпломы ўдзельнікаў, мастацкія альбомы з карцінамі Міхаіла Сеўрука. А Паліна Камёнка да свайго лаўрэацкага дыплома атрымала ў падарунак яшчэ і набор прафесійных фарбаў. Для кожнага мастака – гэта каштоўнасць, таму што прафесійныя фарбы дорага каштуюць.

Вось з такім добрым настроем пачынаецца лета ў выхаванцаў мастацкіх аддзяленняў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>